Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 1 сакавіка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла, што на бліжэйшым партыйным зьезьдзе будзе вылучацца на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП).
Свой намер яна абгрунтавала «глыбокім сыстэмным крызісам у партыі, які прывёў і да іншых нэгатыўных наступстваў у АГП і за некалькі апошніх гадоў, патрабуе тэрміновага вырашэньня, што прывядзе, безумоўна, у тым ліку і да зьмены кіраўніцтва арганізацыі на бліжэйшым зьезьдзе».
«Я буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прадстаўлю праграму выхаду АГП з крызісу, у якім яна апынулася, таму абвяшчаю пра фармаваньне каманды маіх прыхільнікаў-аднапартыйцаў і спадзяюся на падтрымку ўсіх чальцоў партыі падчас зьезду АГП», — піша Канапацкая.
Камэнтуючы вынікі мясцовых выбараў, Канапацкая заявіла, што адсутнасьць прытоку новых людзей і «абсурднае байкатаваньне кіраўніцтвам партыі» супрацы зь ёй не дазволіла «прадухіліць памылкі кіраўніцтва партыі падчас мясцовай кампаніі».
Дзейны старшыня партыі Анатоль Лябедзька заявіў Свабодзе, што не палохаецца такой навіны.
«Дзякуй богу, што ёсьць людзі з амбіцыямі і жаданьнем працаваць. Галоўнае толькі, каб гэта карэлявала з рэальнасьцю, — сказаў Лябедзька. — Я вельмі пазытыўна стаўлюся да канкурэнцыі і да альтэрнатывы людзей і праграмаў. Так што welcome».
Справаздачна-выбарчыя зьезды АГП праводзяцца паводле партыйнага статуту адзін раз на два гады. Бліжэйшы форум мае адбыцца не пазьней за ліпень 2018 году.