Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узыходжаньне на Фудзіяму ў Дзень савецкай арміі


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Дзяржава адзначае сто гадоў Узброеным сілам РБ!.. Цяжка зразумець, чаму была абраная менавіта гэтая дата для такога дня, праўда, у нашай дзяржаве шмат чаго цяжка зразумець.

Але з гэтае нагоды я прыгадаў адзін сьвяточны для савецкай арміі дзень 23 лютага пад час маёй службы ў войску.

Тэрміновую службу я праходзіў з 1981 па 1983 год у Вугоршчыне. Мы ахоўвалі два вялікія, падобныя на курганы, бугры, што вытыркаліся з-пад зямлі мэтраў на пяць увышыню. Выходзілі на варту праз суткі. Што было пад зямлёй, толкам ня ведаю да гэтае пары, але ў звальненьне нас не адпускалі ўвогуле, дый куды было адпускаць, вакол на дзясяткі кілямэтраў быў лес.

Частка наша была спэцыяльнага прызначэньня, яна не ўваходзіла нават у Паўднёвую групу савецкіх войскаў, а была выключна цэнтральнага (маскоўскага) падпарадкаваньня. Афіцэраў было больш за салдат і сярод апошніх амаль увесь асабовы склад, за адзінкавымі выключэньнямі, быў славянскім.

На загад камандзіра часткі палкоўніка Курачкіна у сталоўцы былі відэлец і нож, што прыводзіла ў скрайнюю ступень зьдзіўленьня тых выпадковых вайскоўцаў, што зь нейкіх прычынаў да нас завітвалі «на госьці».

На выходныя й сьвяты ў рацыёне былі падвойная порцыя масла й яек. Нешараговая такая частка, адным словам.

Але была адна акалічнасьць, што рабіла нашу частку яшчэ больш адмысловай. Вельмі частыя, калі не сказаць пастаянныя, камісіі маскоўскіх генэралаў, якія цугам прыбывалі з праверкамі, час ад часу падымаючы частку па трывозе, ня гледзячы ні на якія новыя гады, восьмыя сакавіка і дні савецкай арміі.

Так атрымалася й на Дзень савецкай арміі 23 лютага 1983 году.

А пятай ранку прагучала сырэна. Днявальныя зараўлі: рота пад'ём! Трывога!

Па трывозе, уклаўшыся ў кантрольны час, кожны ўзвод мусіў заняць вызначаныя ўмацаваныя пазыцыі, што былі закладзеныя на вершалінах крутых сопак, якія атачалі частку па пэрымэтры, падрыхтавацца, і дзьве гадзіны, пакуль будзе эвакуявацца й зьнішчацца начыньне бугроў, стрымваць атакі верагоднага праціўніка.

Шлях на стромкія сопкі ў канцы лютага, калі мокры сьнег і дождж рабілі з вузкай гліністай сьцежкі коўзкае непралазнае й бруднае месіва, быў сапраўдным пакараньнем, тым болей, калі ты цягнеш на сабе не адно свой уласны рыштунак, але яшчэ й скрыні боезапасу з набоямі, гранатамі, супрацьгазамі і астатнім боекамплектам. Тым больш — пад наглядам кіраўніцтва часткі й генэралаў з Масквы.

Ногі разьяжджаюцца, скрыні з боезапасам цягнуць рукі й сьпіну, ты падаеш на калені ў гэтую жыжу. Прамокламу да ніткі вецер з мокрым сьнегам хвошча па твары, карацей, суцэльнае пекла.

Але гэтая трывога была асаблівай, бо, як стала вядома пазьней, за яе станоўчыя вынікі частка здабывала ганаровую грамату, афіцэры дадатковыя зорачкі й чыны, а салдаты — гвардзейскія значкі.

Маскоўская камісія і кіраўніцтва часткі ў поўным складзе знаходзіліся на назіральным пункце і сачылі за вучэньнямі.

Але, як той казаў, калі ня лёс, то ня лёс.

У кожным баявым аддзеле ёсьць баец, на якім, як той казаў, сыходзяцца стрэлкі. Быў такі і ў нашым узводзе.

Малады салдат Саша Кузіч, зь вечна раскрытым ротам і спалоханым позіркам шэрых вачэй, паходзіў зь вёскі аднекуль з-пад Сумаў, вызначаўся асаблівай неспрактыкаванасьцю й тугадумствам, з-за чаго рабіўся аб'ектам кпінаў і нападак, і займеў мянушку Кузя-тормаз.

Немагчыма сказаць, як так адбылося, але адразу пасьля трывожнай сырэны, у мітусьні апрананьня Кузя-тормаз неяк здолеў надзець армейскія нагавіцы задам наперад.

Паводле раскладу ён з таварышам цягнуў на сопку да кулямётнага гнязда, апроч свайго камплекту, яшчэ й найцяжэйшую скрыню з набітымі кулямётнымі дыскамі. Пакуль узвод выбягаў за межы часткі, Кузіны штаны яшчэ так-сяк трымаліся, але як толькі мы падбеглі да сопкі, выцягнуліся ў калёну па адным і пачалі ўзыход на пазыцыі, штаны абрынуліся з худой Кузінай дупы долу.

Нашу калёну пачало рваць на часткі, бо Кузя спыняўся праз кожныя пяць крокаў, ставіў на глебу сваю скрыню, падцягваў штаны, зноў браў скрыню й рушыў далей, каб празь пяць крокаў зноў спыніцца й падымаць штаны.

Частка ўзводу, якая была наперадзе, далёка адарвалася і ў патрэбны час пасьпела заняць свае пазыцыі. Але тыя, хто быў за Кузем, таксама, як ён, спыняліся кожныя пяць крокаў і чакалі, калі ён падцягне шматпакутныя штаны, возьме скрыню і працягне свой гаротны шлях.

Кузю-тормаза піхаў ззаду ягоны партнэр па скрыні. Кузя падаў, падымаўся, падцягваў нагавіцы і йшоў далей.

Абысьці Кузю магчымасьці не было, бо тыя зухі, што спрабавалі гэта зрабіць, па размоклай жыжы адразу каціліся з гары.

Мат і рогат стаяў несусьветны. Сяржанты скрыгаталі зубамі й раўлі, што спаць ён будзе толькі на «очке» , разьюшаны ўзводны лейтэнант, які марыў пра датэрміновую зорку старлея, увесь выпацканы ў гліне, пагражаў згнаіць Кузю ў нарадах. Ужо немагчыма было адрозьніць, дзе Кузіны штаны, дзе кальсоны, бо ўсё было брудна-брунатнага колеру.

На камандным пункце, пакуль маскоўскі генэрал у дэталях назіраў Кузіны пакуты ў моцны вайсковы бінокль, палкоўнік Курачкін курыў, не спыняючыся.

Мінулі ўсе магчымыя тэрміны, якія адводзіліся на заняцьце пазыцый, а Кузя і пэлетон за ім толькі падыходзілі да вяршыні.

— Да-а, — працягнуў маскоўскі генэрал, адарваўшы вочы ад бінокля. Такое вось узыходжаньне на Фудзіяму мала дзе можна ўбачыць.

Пасьля запаліў цыгарэту «Camel» і даў адбой трывозе.

У гэты момант да вяршыні сопкі Кузю-тормазу заставалася, як пасьля жартавалі, пару-тройку раз падцягнуць штаны.

Частка не атрымала ганаровай граматы, афіцэры — новых зорак на пагоны, гвардзейскія значкі засталіся чакаць больш зручнага моманту, каб патрапіць на салдацкія грудзі. А сопку, на якую так і не дайшоў Кузя-тормаз, з таго часу пачалі называць Фудзіямай.

Гэты Дзень савецкай арміі 23 лютага 1983 году — адзіны, які я запомніў на ўсё жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG