Спартовы арбітражны суд пазбавіў кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага, у допінг-пробах якога раней быў знойдзены мэльдоній, бронзавага мэдаля на Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі. Пра гэта гаворыцца ў рашэньні суду.
Крушальніцкі і яго жонка Анастасія Брызгалава заваявалі першы ў гісторыі расейскага кёрлінгу алімпійскі мэдаль 13 лютага ў спаборніцтве зьмешаных пар. Пасьля пазбаўленьня расейцаў гэтай узнагароды трэцімі стануць спартоўцы з Нарвэгіі.
Раней у чацьвер Спартовы арбітражны суд адмяніў слуханьні па справе Крушальніцкага на просьбу Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК), Сусьветнай фэдэрацыі кёрлінгу і самога спартоўца, які прызнаў фармальнае парушэньне антыдопінгавых правілаў.
Допінг-пробы, якія Крушальніцкі здаў ужо падчас Алімпіяды ў Пхёнчхане, апынуліся станоўчымі, у іх выяўлены мэльдоній. Аднак, па паведамленьнях СМІ, вынік іх вывучэньня сьведчыць аб аднаразовым ужываньні забароненага прэпарату напярэдадні Алімпіяды. У Фэдэрацыі кёрлінгу Расеі не выключаюць злога намеру. Па справе Крушальніцкага будуць прагледжаныя запісы з відэакамэр, устаноўленых у Паўднёвай Карэі і Японіі, дзе расеец трэніраваўся перад пачаткам Алімпіяды.