Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятлённыя спаборніцтвы ў алімпійскім Пхёнчхане адкладзеныя з-за моцнага ветру


Беларуская зборная ніяк ня можа падабрацца да алімпійскага п’едэстала ў Пхёнчхане.

Напярэдадні бясслаўна скончылі свае выступы лыжніцы Настасься Кірылава, Валянціна Камінская, Юлія Ціханава і Паліна Сераносава — спыніліся на этапе кваліфікацыі, ня здолеўшы адабрацца ў запаветную трыццатку ў спрынтарскіх гонках.

Крыху больш пашанцавала Аляксандру Воранаву, які фінішаваў 27-м і трапіў у чвэрцьфінал. Але на большае сіл не хапіла.

Нічога ня здолеў супрацьпаставіць сапернікам «асіміляваны беларус» з Расеі гарналыжнік Юры Данілачкін. Па суме дзьвюх гонак ён толькі 34-ы — 48-е месца ў хуткасным спуску і 35-е ў слаламе.

14 лютага на старты павінны былі выйсьці шэсьць прадстаўніц Беларусі. Галоўная ўвага заўзятараў прадказальна мусіла быць прыкаванай да біятлённай трасы — гэта адна з апошніх магчымасьцяў для Дар’і Домрачавай і яе сябровак прадэманстраваць, што яны ў Пхёнчхане ня проста «алімпійскія турысткі». Аднак за некалькі гадзін да старту стала вядома, што з-за моцнага ветру індывідуальная гонка пераносіцца на 15 лютага.

Біятлён (перанос на 15 лютага)

Жанчыны. Індывідуальная гонка. 15 кілямэтраў

Удзельнічаюць трохразовая алімпійская чэмпіёнка Гульняў 2014 году Дар’я Домрачава, бронзавая мэдалістка Сочы таго ж году і ўладальніца сёлетняга Малога хрустальнага глёбуса ў гэтай дысцыпліне Надзея Скардзіна, прызэрка аднаго з Кубкаў сьвету Ірына Крыўко і дэбютантка зборнай Дзінара Алімбекава.

Горныя лыжы

Жанчыны. Слалам

Ад Беларусі выступае адзіная прадстаўніца — Марыя Шканава. З улікам надзвычайнай канкурэнцыі, на думку адмыслоўцаў, будзе добра, калі расейка зь беларускім пашпартам фінішуе ў сярэдзіне выніковага пратаколу.

Канькабежны спорт

Жанчыны. 1000 мэтраў

Беларуская ўдзельніца Тацяна Міхайлава пакуль ня мае значнага міжнароднага досьведу і перадусім будзе змагацца за паляпшэньне асабістага часу.

У агульным мэдальным заліку ад самага пачатку ўтрымлівае лідэрства зборная Нямеччыны — у каманднай скарбонцы 9 мэдалёў, зь іх 5 найвышэйшай вартасьці. У галяндцаў і амэрыканцаў па чатыры залатыя ўзнагароды, але ў аранжавых агулам 10 узнагарод супраць 7 у іхных канкурэнтаў. У першай пяцёрцы з трыма залатымі мэдалямі таксама Нарвэгія і Канада.

На алімпійскі п’едэстал уздымаліся прадстаўнікі двух дзясяткаў краінаў, беларусаў у гэтым пераліку пакуль няма.

Алімпійскія мэдалі заваявалі два дзясяткі краін, Беларусь у ліку аўтсайдэраў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG