Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія хронікі. Уік-энд без мэдалёў для Беларусі і шанцы на рэабілітацыю


Беларуска Дар'я Домрачава фінішавала 9-й у біятлённым спрынце на 7.5 км
Беларуска Дар'я Домрачава фінішавала 9-й у біятлённым спрынце на 7.5 км

Першы алімпійскі ўік-энд у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане не прынёс асаблівай радасьці беларускім заўзятарам.

У першую дзясятку ў біятлённым спрынце ўвайшла толькі Дар’я Домрачава, адзінаццатай стала канькабежка Марына Зуева. Астатнія прадстаўнікі зборнай Беларусі разьмясьціліся ў далёкіх тылах, а некаторыя не дайшлі да фінішу.

У першы ж дзень скончылася Алімпіяда для адзінага беларускага шорт-трэкіста Максіма Сяргеева. У кваліфікацыйным заезьдзе ён быў пятым з шасьці ўдзельнікаў і ня трапіў нават у паўфінальную стадыю.

У сваёй кароннай дыстанцыі на 3000 мэтраў Зуева была 11-й. Як і іншыя, яна нічога ня здолела супрацьпаставіць галяндкам, якія акупавалі ўвесь п’едэстал.

У спрынтарскіх спаборніцтвах біятляністак стаўка рабілася на трыюмфатарку Сочы-2014 — Домрачаву, трохразовую алімпійскую чэмпіёнку, Героя Беларусі. Аднак традыцыйна нестабільная стральба не дазволіла ёй узьняцца вышэй за 9-ю пазыцыю. Іншыя беларускія ўдзельніцы прадэманстравалі наступныя вынікі: Ірына Крыўко была 17-й, Надзея Скардзіна 36-й, Надзея Пісарава 52-й.

У мужчын, якія за апошні час адкаціліся ў шэраг аўтсайдэраў сусьветнага біятлёну, справы яшчэ горшыя. Найлепшым аказаўся Ўладзімер Чапелін, які прыйшоў 34-м; адразу сьледам за ім — Антон Смольскі; 42-е месца заняў Сяргей Бачарнікаў; 71-е — Раман Ялётнаў.

У лыжным скіятлёне не дайшоў да фінішу вэтэран каманды Сяргей Далідовіч, які сышоў з дыстанцыі праз праблемы з бронхамі. Ягоныя напарнікі вызначыцца высокімі вынікамі ня здолелі: Міхаіл Сямёнаў стаў 44-м, а Юры Астапенка — толькі 50-м.

12 лютага на алімпійскія арэны выйдуць дзевяць прадстаўнікоў Беларусі, найбольшае прадстаўніцтва ў біятлёне — адразу сем.

БІЯТЛЁН

Жанчыны. Гонка перасьледу. 10 кілямэтраў (пачатак а 13.10)

У беларускіх заўзятараў надзея зноў на Дар’ю Домрачаву. Чатыры гады таму яна таксама займала 9-е месца пасьля спрынту і выйграла спачатку «пасьют», а потым і яшчэ дзьве гонкі. Таксама стартуюць Крыўко, Скардзіна і Пісарава.

Мужчыны. Гонка перасьледу. 12,5 кілямэтра (15.00).

У спаборніцтвы па выніках спрынту адабралі Сяргея Бачарнікава, Антона Смольскага і Ўладзімера Чапеліна. Праўда, застаецца рызыка пераносу абедзьвюх гонак з прычыны моцнага марозу і ветру.

КАНЬКАБЕЖНЫ СПОРТ

Жанчыны. 1500 мэтраў (15.30)

Яшчэ раз паспрабуе прадэманстраваць добры вынік Марына Зуева, хоць гэта і ня самая яе любімая дыстанцыя — тут таксама дамінуюць прадстаўніцы Нідэрляндаў.

Марына Зуева
Марына Зуева

ГОРНЫЯ ЛЫЖЫ

Жанчыны. Гіганцкі слалам. 2 спробы

Празь непагадзь старты на няпэўны час перанесьлі. Адзіная прадстаўніца Беларусі Марыя Шканава калі і мае шанец нешта паказаць, дык толькі ў гэтай дысцыпліне.


***

У агульным мэдальным заліку на першым месцы замацавалася зборная Нямеччыны — тры залатыя і адна бронзавая ўзнагароды. Сьледам ідзе каманда Нідэрляндаў — дзьве залатыя, дзьве срэбраныя і адна бронзавая. Замыкаюць умоўную прызавую тройку Злучаныя Штаты — два золаты і па адным срэбры і бронзе.

Беларусы на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. Удзельнікі, каляндар, прагнозы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG