Пад вялікі тэрор у 1937-1938 і 1941 гадах трапілі больш як 2 тысячы беларусаў, якія з розных прычын пераехалі жыць на тэрыторыю Ўкраіны.
Сярод іх і брат беларускага пісьменьніка Янкі Брыля Ўладзімер. Ён быў затрыманы 27 сьнежня 1937 году ў Вялікапалавецкім раёне (цяпер Сквірскі раён Кіеўскай вобласьці) праз падазрэньне ў падрыўной дзейнасьці ў зьнішчэньні заводнай жывёлы, а расстраляны 5 кастрычніка 1938 году ў Кіеве паводле рашэньня «тройкі» як «нямецкі агент».
Дзянікінец і чырвонаармеец
Уладзімер Брыль нарадзіўся ў 1899 годзе у вёсцы Загор’е Наваградзкага павету Менскай губэрні. Навучаўся спачатку ў Мірскай вучэльні, а потым у гімназіі ў Адэсе, дзе бацька працаваў чыгуначнікам. Па заканчэньні гімназіі брат беларускага пісьменьніка паступіў у Адэскі сельскагаспадарчы інстытут.
«У дні лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыі я быў у Адэсе, удзелу ў баях ня браў. У пэрыяд грамадзянскай вайны я пад уплывам рэакцыйна настроеных студэнтаў, як Ягораў Усевалад, Лазараў і іншых, пайшоў у Белую армію. Празь пяць месяцаў я вырашыў зьмяніць сваю лінію паводзінаў і 8 верасьня 1919 году пакінуў Белую армію», — паведамляў сьледчаму пра сваё жыцьцё Ўладзімер Брыль.
Пасьля службы ў войску Дзянікіна і да прыходу Чырвонай арміі працаваў у шпіталі ў Адэсе. Вясной 1920 году Ўладзімер Брыль пайшоў у чырвонаармейцы — паступіў у штаб 45-й дывізіі пісарам. Але праз паўгода разам з двума сваімі саслужыўцамі дэзэртыраваў на тэрыторыю, падкантрольную Белай арміі.
Пазьней Уладзімер Брыль працаваў ва Ўкраіне паводле спэцыяльнасьці — заатэхнікам у жывёлагадоўлі. Сям’я ж Брылёў у 1922 годзе вярнулася ў Наваградзкі раён, які тады тэрытарыяльна належаў Польшчы.
Адметна, што ў анкеце, запоўненай сьледчым НКВД Сагалаевым, адзначаецца вайсковая служба Уладзімера Брыля толькі ў Белай арміі. Апроч таго, у некалькіх розных дакумэнтах паведамляецца супярэчлівая інфармацыя пра ягоную адукацыю: у адных — незакончаная вышэйшая, у іншых — вышэйшая.
Сам сябе абвінаваціў
Уладзімер Брыль быў арыштаваны адначасова з вэтэрынарным урачом Леанідам Клісенкам, зь якім разам працаваў у Рудзянскім племянным саўгасе. Адразу на іх была адкрытая супольная крымінальная справа аб «шкодніцкай падрыўной працы, накіраванай на зьнішчэньне жывёлы».
Але ў сваёй заяве сьледчаму, якую Ўладзімер Брыль напісаў уласнай рукой толькі праз тры месяцы зьняволеньня, ён прызнаецца ў тым, што быў завэрбаваны «нямецкім агентам».
Сваім вярбоўшчыкам ён назваў намесьніка дырэктара саўгасу Аляксея Бермана, які, паводле яго, быў нямецкім падданым. І менавіта празь яго Ўладзімер Брыль нібыта перадаваў нямецкай выведцы зьвесткі аб стане жывёлагадоўлі ў саўгасе, прадукцыйнасьці працы і заробках працоўных.
Менавіта на такіх уласных прызнаньнях Уладзімера Брыля і грунтуецца ўсё абвінавачаньне НКВД. Пры гэтым сьледзтва так і не прыцягнула да адказнасьці ні вышэй згаданага вэтэрынара Клісенку, ні «вярбоўшчыка» Бермана. Клісенку нават не дапытвалі падчас арышту і празь некалькі месяцаў пасьля правядзеньня вочнай стаўкі з Уладзімерам Брылём быў вызвалены без абвінавачаньня.
Зьвяртае ўвагу і той факт, што ў справе адсутнічаюць рэчавыя доказы, а ў дакумэнтах указваецца, што падчас ператрусу ва Ўладзімера Брыля «нічога ня знойдзена».
Шлях да рэабілітацыі
Праз тры гады пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна жонка Ўладзімера Брыля Надзея зьвярнулася з заявай да генэральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі з просьбай высьветліць лёс мужа, перагледзець справу і рэабілітаваць яго. Сям’я доўгі час нават ня ведала, што Ўладзімера Брыля ўжо няма ў жывых.
«У 1937 годзе майго мужа Брыля Ўладзімера Антонавіча арыштавалі як „ворага народу“. Адбылася цяжкая як для яго, так і для ягонай сям’і, памылка. Я абсалютна ўпэўненая ў сумленнасьці майго мужа як чалавека і грамадзяніна нашай Савецкай Радзімы, і таму зьвяртаюся да вас з пераканаўчай просьбай паведаміць, дзе мой муж і што зь ім цяпер, перагледзець справу мужа і цалкам яго рэабілітаваць», — напісала Надзея Брыль.
У сваім лісьце яна пералічыла ўсіх сваякоў Уладзімера Брыля. Асабліва яна зьвярнула ўвагу на ягонага брата Янку Брыля, паведаміўшы, што той зьяўляецца беларускім пісьменьнікам, ляўрэатам Сталінскай прэміі і былым партызанам.
На падставе гэтага ліста Сьледчае ўпраўленьне КДБ пры Савеце Міністраў УССР пачало праверку. На допыт выклікалі 10 былых калег Уладзімера Брыля, у тым ліку і Леаніда Клісенку. Аляксея Бермана зноў не знайшлі. Усе яны найлепшым чынам характарызавалі Уладзімера Брыля — як аўтарытэтнага спэцыяліста, які нічога антысавецкага не рабіў.
Менавіта на допыце ў 1956 годзе Леанід Клісенка расказаў пра вочную стаўку з Уладзімерам Брылём. Гэтая інфармацыя ў матэрыялах справы 1937-1938 гадоў адсутнічала.
«На пытаньне сьледчага, ці сапраўды я расказваў антысавецкія анекдоты, Брыль адказаў станоўча. На гэтым вочная стаўка завяршылася. Калі ж мяне і Брыля вывелі ў калідор, я з абурэньнем запытаў яго, навошта ён на мяне ўзьвёў паклёп, Брыль адказаў: „Калі б цябе так зьбівалі, як мяне, то ты яшчэ ня тое б сказаў“. Прыкладна праз два месяцы мяне вызвалілі з турмы, заявіўшы, што арыштавалі памылкова», — распавёў Леанід Клісенка.
Да праверачнай справы таксама далучылі некалькі выпісак з прыказаў Камісарыяту харчовай прамысловасьці СССР пра адзнакі Ўладзімера Брыля за «дасягеньні высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі».
Па выніках праверкі прыйшлі да высновы, што сьледзтва ў 1937-1938 гадах нічым не пацьвердзіла шпіёнскую і падрыўную дзейнасьць Уладзімера Брыля. Справу накіравалі на разгляд вайсковаму пракурору Кіеўскай акругі, які пастанавіў: прысуд «тройкі» адмяніць, а справу закрыць праз адсутнасьць складу злачынства. Але сьледчага Сагалаева, які праводзіў працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні Ўладзімера Брыля, таксама ніхто не шукаў і не караў.
«Адчуваю цяжкае зьдзіўленьне»
Новым штуршком у жаданьні сям’і разабрацца ў справе Ўладзімера Брыля сталі вынікі эксгумацыі пахаваньняў у Быкаўнянскім лесе пад Кіевам. Менавіта сюды, як у Курапаты пад Менскам, у гады вялікага тэрору звозілі ўсіх расстраляных у Кіеве. Сярод прадметаў, знойдзеных у чэрвені 1989 году ў часе раскопак на пахаваньні, адшукалі муштук, на якім было выгравіравана прозьвішча, імя і імя па бацьку брата Янкі Брыля з указаньнем даты нараджэньня.
З гэтай нагоды Янка Брыль зьвярнуўся да кіраўніка КДБ УССР Мікалая Галушкі дзеля азнаямленьня з матэрыяламі справы. На ягоную просьбу, улічваючы ўзрост (яму тады ішоў 73-і год) справу накіравалі ў КДБ Беларусі, і ўжо ў Менску беларускі пісьменьнік знаёміўся з матэрыяламі. Але дазвол на азнаямленьне з актам пра выкананьне прысуду, з пратаколам пасяджэньня «тройкі» і з высновамі па выніках праверкі справы ў 1956 годзе ён атрымаў толькі пасьля паўторнага звароту.
Да апошніх сваіх дзён Янка Брыль чакаў дапамогі ад КДБ Украіны і спрабаваў разабрацца з супярэчлівымі фактамі, якія сталі падставай для абвінавачаньня ягонага брата ў «шкодніцкай падрыўной дзейнасьці».
«Я яшчэ раз прачытаў справу майго брата Брыля Ўладзімера Антонавіча. Як і пры першым прачытаньні, так і цяпер, але зь яшчэ большай сілай адчуў цяжкае неўразуменьне, якім дазвольце падзяліцца з вамі і папрасіць вас дапамагчы разабрацца», — пісаў Мікалаю Галушку Янка Брыль. Найперш яго цікавіў такі розны падыход у дачыненьні да ягонага брата і вэтэрынарнага лекара Леаніда Клісенкі, які празь некалькі месяцаў быў вызвалены з фармулёўкай «арыштаваны памылкова».
Гісторыю свайго брата Янка Брыль прыгадаў у сваёй кнізе «Пішу як жыву».
У красавіку 1994 году на месцы пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій у Быкаўнянскім лесе адкрылі мэмарыял. На гэты момант гісторыкі ўстанавілі прозьвішчы 14 191 грамадзяніна з імаверна 100 тысяч пахаваных на гэтым месцы. Сярод увекавечаных на мэмарыяле — і імя Ўладзімера Брыля.
Дырэкцыя нацыянальнага гісторыка-мэмарыяльнага запаведніку «Быкаўнянскія магілы» дазволіла Радыё Свабода азнаёміцца са справай беларуса Ўладзімера Брыля.