У горад Дзісну перад самымі калядамі я прыехаў у госьці да мясцовага ксяндза Вячаслава Адамовіча. Я чуў, што сьвятар сур’ёзна захапляецца стэндавым мадэлізмам. Зьбірае танкі розных армій і эпох. Я бачыў ксяндзоў-кніжнікаў, сьвятароў-спартоўцаў. Але з «танкістамі» яшчэ не сутыкаўся.
У Дзісьне я быў гадоў дзесяць таму. У той час, калі кіраўніца гораду Вольга Мароз спрабавала ажывіць яго з дапамогаю турызму. Але, відаць, у адным асобна ўзятым горадзе турызм панацэяй ня стане. Патрэбныя зьмены ва ўсёй краіне.
Зімовая Дзісна выглядае дэпрэсіўна. Шмат якія будынкі руйнуюцца на вачах. Закрытыя крамы. Не працуе кафэ. Толькі ў будынку ўтульнага гатэля цепліцца жыцьцё. Няўжо ёсьць турысты? Не. У гасьцініцы была толькі адміністратарка. Якая гатовая была пасяліць госьця хоць у люкс за 40 рублёў, хоць у нялюкс за 14. Гатэльшчыца адразу прадэманстравала незнаёмаму беларускамоўнаму госьцю сваю палітычную граматнасьць. Няма турыстаў, бо «цяпер крызіс ва многіх странах».
Ксёндз Вячаслаў Адамовіч аказаўся маладым, адкрытым чалавекам з добрым пачуцьцём гумару. Сьпярша напаіў кавай.
— Пост. Кажуць, што трэба нейкія ўчынкі добрыя рабіць.
Пасьля крыху разьвеяў мой сумны позірк на Дзісну.
— Турыстаў тут хапае. І розных відаў. Насупраць мяне ёсьць аграсядзіба, там ангельцы часта спыняюцца. Іх зь Менску прывозіць нейкая фірма. Іх пераапранаюць у народныя строі, на беразе Дзьвіны карагоды водзяць зь імі, сьпевы беларускія вучаць. Ёсьць турысты, якія міма едуць і заяжджаюць. Летам іх вельмі шмат. У двары касьцёла заўсёды нехта ёсьць. І ёсьць турысты з Польшчы, якія аўтобусамі езьдзяць. Любяць яны «крэсы». Зрэшты, яны таксама для нас крэсы. Я ўвогуле люблю з палякамі спрачацца. Польшча ад мора да мора! Пакажыце мне хоць адну мапу, хоць адну гістарычную мапу, дзе Польшча ад мора да мора. Ня могуць паказаць. Няма такой мапы. Ёсьць мапа Вялікага Княства, якое на невялічкі пэрыяд сягала Чорнага мора.
Сваю танкавую армаду ксёндз Вячаслаў клапатліва расставіў на стале.
— Гэтае хобі, стэндавы мадэлізм, вельмі прыемнае для чалавека. Бо чалавек вучыцца супакою. Адпачывае ад іншых спраў. Сядзеш і некалькі гадзін прыклейваеш маленькія дэталі. Спачатку гэта разьюшвае. Але пазьней чалавек пачынае ўваходзіць у стан мэдытацыі. І робіцца прыемна.
Пра кожны свой танк мадэліст можа расказваць доўга і натхнёна.
— Тут мы маем нямецкі «Тыгр». Гэта Т-34. Амаль у кожным горадзе мы яго маем. Адзін такі танк здымаўся ў Дзісьне, у беларускім фільме «Чорная бяроза». Цяпер гэты танк стаіць у Полацку на кальцы. Хаця школьнікам расказваюць, што гэта першы танк, які ўварваўся ў Полацак падчас вызваленьня. А гэта танк Т-72.
— Неяк адзін мой сябра паглядзеў на гэта ўсё і сказаў. «Ай, зьдзяцінеў чалавек». Але сабраць такую мадэль, тым больш добра пафарбаваць зможа ня кожнае дзіця. І гэтае хобі ня таннае. Кожны мае сваё хобі. Хтосьці ходзіць на паляваньне. Хтосьці гарэлку п’е, таксама цікавае хобі. А хтосьці займаецца мадэлізмам. Кожны свой вольны час прысьвячае таму, што любіць.
Кожны свой вольны час прысьвячае таму, што любіць. З пачатку стагодзьдзя насельніцтва Дзісны скарацілася амаль у два разы. Было дзьве з паловай, стала паўтары тысячы чалавек. Гэта тычыцца і рыма-каталіцкіх вернікаў. Якіх у Дзісьне тры дзясяткі. Падобна да таго, што з вольным часам для мадэляваньня ў ксяндза праблемаў ня будзе.
— Дзеці ходзяць. Але пасьля адзінаццатага кляса зьяжджаюць на вучобу. Пакуль наведваюцца на выходныя, яны ёсьць у касьцёле. Як толькі разьмеркаваньне — усё, іх няма.
Сам Вячаслаў родам з Полацку. На маё пытаньне — што паклікала стаць рыма-каталіцкім сьвятаром, адказаў не бяз гумару: «Позва прыйшла». Ксёндз ня стаў раскрываць дэталі той «позвы». Але падзяліўся сваімі назіраньнямі наконт рэлігійнасьці людзей у розных частках Беларусі.
— У Віцебску колькі касьцёлаў было прыгожых! І грэка-каталіцкіх, і рыма-каталіцкіх. Гэта сьведчыць пра тое, што каталіцтва ва Ўсходняй Беларусі было досыць моцнае. Памер сьвятыні пра што толькі можа казаць. Але цяпер у Віцебску каталіцтва «прывазное». Хтосьці ў савецкія часы прыехаў зь Мёраў, з Браслава ці з Лынтупаў працаваць у абласны цэнтар. І калі цяпер прыйдзеш у любую ўсходнюю парафію, касьцяк той парафіі будуць складаць людзі з Заходняй Беларусі. Паглядзіце на Дуброўна ці Сянно. Там вялікія кляштары да сёньняшняга дня стаяць. У тыя часы манахі былі не дурныя людзі. Там, дзе няма людзей — не будавалі б кляштары. А сёньня ў Дуброўне дзесяць чалавек на імшы. І з дубровенскіх там, пэўна, нікога няма.
Што вельмі парадавала ў Дзісьне, дык гэта выгляд касьцёла. Гэта ўжо не руіна бяз даху. Ужо ёсьць і дах, і адрэстаўраваны франтон. Але, на погляд ксяндза Вячаслава, у гэтым тысячагодзьдзі касьцёл не адновіцца.