Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі: справа беларуса, затрыманага за шпіянаж у Чарнігаве, мае палітычны падтэкст


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Генэральнай пракуратуры Беларусі выказалі «абгрунтаваныя сумневы» ў наяўнасьці прыкметаў шпіянажу ў дзеяньнях затрыманага летась у Чарнігаве беларускага грамадзяніна.

Беларуса затрымалі летась за шпіянаж на карысьць Расеі ва Ўкраіне.

Як паведамілі TUT.BY у аддзеле інфармацыі Генпракуратуры Беларусі, з боку ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці паступіла просьба аб аказаньні прававой дапамогі ў крымінальнай справе ў дачыненьні грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве.

Як вынікала з запыту, беларус дзейнічаў у інтарэсах трэцяга боку, зьбіраў на тэрыторыі Ўкраіны зьвесткі, якія складалі дзяржаўную таямніцу ў сфэры абараназдольнасьці Ўкраіны — у прыватнасьці, пра ход антытэрарыстычнай апэрацыі. Атрыманую інфармацыю ён зашыфроўваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Але беларуская пракуратура адмовіла ў наданьні прававой дапамогі СБУ ў гэтай справе, спаслаўшыся на «абгрунтаваныя сумневы ў наяўнасьці прыкметаў шпіянажу ў дзеяньнях затрыманага беларуса».

«У прыватнасьці, атрыманая дадатковая інфармацыя, згодна зь якой файл з дадзенымі быў загружаны ў тэлефон не самім затрыманым, а яго ўкраінскім таварышам, які дзейнічаў пад кантролем Службы бясьпекі Ўкраіны. Вялікія сумневы выклікалі і высновы ўкраінскага боку аб сакрэтнасьці гэтай інфармацыі», — паведамілі ў Генпракуратуры.

Акрамя таго, як кажуць у ведамстве, падчас размовы зь беларускім консулам затрыманы заявіў пра ўжываньне да яго недазволеных мэтадаў сьледзтва ў выглядзе псыхаэмацыйнага ціску, катаваньняў, пагрозаў і шантажу.

«Сукупнасьць выкладзеных фактаў дазволіла прыйсьці да высновы, што гэтая крымінальная справа мае палітычны падтэкст», — заявілі ў Генпракуратуры Беларусі.

Генэральны пракурор Беларусі накіраваў ліст свайму ўкраінскаму калегу з просьбай ініцыяваць праверку законнасьці затрыманьня беларускага грамадзяніна і абгрунтаванасьці яго крымінальнай справы.

Расьсьледаваньне справы грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі, падоўжана да 20 студзеня, а яго знаходжаньне пад вартаю — да 18 студзеня. Яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

«Беларускі шпіён» абвінавачвае СБУ у катаваньнях. Сьледзтва ягоныя факты не правярала

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньне, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі ёсьць адказам менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG