Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1992, Пазьняк — Булахаву: Вы сказалі няпраўду


Старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк у Авальнай залі, фота Ул. Сапагова
Старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк у Авальнай залі, фота Ул. Сапагова

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Старшыні Апазыцыі БНФ давялося ў сваім выступе на сэсіі Вярхоўнага Савету, якая разглядала пытаньне рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, сумясьціць палітычныя і юрыдычныя ацэнкі (апошнія мусіў бы агучыць старшыня Ініцыятыўнай групы, але яму не далі слова).

Зянон Пазьняк: «Паважаныя спадары дэпутаты! Як сябра Ініцыятыўнай групы рэфэрэндуму, мушу сказаць, што праца па зборы подпісаў праходзіла пры моцным і часта незаконным процідзеяньні ўладаў ─ як мясцовых, так і непасрэдна структураў Савету Міністраў і камісіяў Вярхоўнага Савету. Мы пастаянна сутыкаліся з процідзеяньнем асобных членаў Цэнтральнай камісіі па рэфэрэндуме. І тлумачым гэта ня толькі пэўным стаўленьнем некаторых членаў Прэзыдыюму да працы і функцыяў Цэнтральнай камісіі па рэфэрэндуме. Тым ня менш, не зважаючы ні на што, мы строга прытрымліваліся правіла безумоўна выконваць патрабаваньні і літару закону, які б ён ні быў. У гэтым была наша сіла ў змаганьні з беззаконьнем, процідзеяньнем і бюракратычным сабатажам… Аднак, паважаныя члены Прэзыдыюму, пашкадуйце вашу Цэнтральную камісію. Менавіта пры вашай зацікаўленасьці, менавіта пры зацікаўленасьці Савета Міністраў быў груба парушаны Закон і для праверкі падпісных лістоў па рэфэрэндуме (што павінна рабіць толькі Цэнтральная камісія па рэфэрэндуме) былі мабілізаваныя 49 супрацоўнікаў Сакратарыяту Вярхоўнага Савету і Савету Міністраў на ўзроўні рэфэрэнтаў і старэйшых рэфэрэнтаў. Для чаго гэта было зроблена, шаноўныя члены Прэзыдыюму? Закон такога не дазваляе. А рэфэрэндум, як вядома, ─ пра роспуск гэтых структураў. Мы апратэставалі такое беззаконьне і зьвярнуліся ў Пракуратуру. Пракурор выехаў на месца і прыпыніў працу супрацоўнікаў Вярхоўнага Савету і Саўміну. Праўда, толькі на паўдня. Потым машына зноў запрацавала, а Пракуратура адышла ўбок, самаўхілілася… За месяц апарат Вярхоўнага Савету, ваш апарат, і апарат Саўміну разам з Цэнтральнай камісіяй па рэфэрэндуме прагледзелі ўнікліва кожны падпісны ліст са 126 тысячаў, кожную коску, даты, прозьвішчы, ініцыялы, адрасы, пашпартныя дадзеныя, пячаткі і гэтак далей. І што ж яны выявілі? А яны выявілі каля 17 тысяч лістоў, якія зьмяшчаюць 58 тысяч 254 подпісы (цытую заключэньне Камісіі), "сабраныя ці аформленыя з рознымі адступленьнямі ад патрабаваньняў Закону аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)". Канец цытаты. У іншым месцы сказана, цытую: "Дапушчаны таксама шэраг парушэньняў і недакладнасьцяў пры выкананьні патрабаваньняў Закону». Канец цытаты. І далей дадзены па пунктах пералік, якія былі недакладнасьці пры выкананьні Закону. Гэта калі адна асоба ставіла подпіс за іншую асобу, напрыклад, жонка за мужа ці бацька за сына, прытым, як высьветлілася, з агульнай згоды членаў сям'і. Гэта калі замест імя і імя па бацьку былі пастаўленыя толькі ініцыялы, калі ня ўказаны адрас, ня ўказаны ўзрост і гэтак далей.

Дзьмітры Булахаў
Дзьмітры Булахаў

Нідзе, ні ў водным выпадку ня выяўлены парушэньні закону Ініцыятыўнай групай… Са 126 тысяч лістоў камісія выявіла 2372 лісты з подпісамі, як яна лічыла, адной асобы за іншых асобаў. Зь іх на 1598 лістах почырказнаўчая экспэртыза пацьвердзіла подпісы адных асобаў за іншых: мужа за жонку і гэтак далей. Гэтыя лісты не залічаны. Ніякай адказнасьці за такія недакладнасьці Ініцыятыўная група не нясе, бо закон ёю ня быў парушаны. Пра ўсё сказанае мной выразна і канкрэтна напісана ў Законе аб рэфэрэндуме і ў заключэньні Цэнтральнай камісіі па рэфэрэндуме… Ня трэба быць юрыстам, каб гэта прачытаць. Тым ня менш мы ўчора сталі сьведкамі чарговага фокусу з дымавой завесай… дзе было сказана, што быццам бы Цэнтральная камісія па рэфэрэндуме канстатавала (цытую стэнаграму) «надзвычай грубае парушэньне заканадаўства, што выявілася і ў падробках і гэтак далей, было выключана з агульнай сукупнасьці 62 283 подпісы. Прычым з агульнай колькасьці падпісных лістоў выбарачна (я падкрэсьлю слова "выбарачна") 2372 лісты былі падвергнуты элемэнтарнай почырказнаўчай экспэртызе… Нават у гэтак нязначным масіве відавочная падробка подпісаў дакумэнтальна выяўленая ў 1598 лістах. Задумайцеся: 67,37 працэнты і падробленых подпісаў». Што ж вы кажаце, шаноўны дэпутат? Якія падробленыя подпісы? Паважаны Дзьмітры Пятровіч, вы ўчора былі на эмацыйным уздыме і, магчыма, не зусім аддавалі сабе... у сваіх словах. Таму мушу заўважыць, што вы сказалі сьвядомую няпраўду, якая выглядае паклёпам на Ініцыятыўную групу рэфэрэндуму. Гэтага дастаткова, каб падаць у суд. І калі вы сапраўды лічыце сябе такім высакародным чалавекам, як пра сябе гаворыце, я вам параіў бы папрасіць прабачэньня. І нарэшце пра факсыміле. Старшыня Ініцыятыўнай групы нідзе не парушыў патрабаваньняў закону, бо ў законе сказана, што кожны падпісны ліст павінен быць завераны старшынём Ініцыятыўнай групы, і не сказана, якім чынам. Таму завяраць трэба любым спосабам, які паддаецца ідэнтыфікацыі. Дарэчы, 38 сьляпых грамадзянаў паставілі на падпісных лістах свае факсыміле, і камісія залічыла іх, бо іншым спосабам гэтыя людзі засьведчыць сябе ня ў стане. Паважаныя дэпутаты! За выняткам недакладна аформленых лістоў Цэнтральная камісія па рэфэрэндуме прызнала сапраўднымі і адпаведнымі ўсім патрабаваньням закону 384 тысячы 318 подпісаў грамадзянаў, пастаўленых за правядзеньне рэфэрэндуму. Закон поўнасьцю выкананы Ініцыятыўнай групай рэфэрэндуму. Цяпер слова толькі за Вярхоўным Саветам, які згодна з законам мае прызначыць дату рэфэрэндуму альбо сам прыняць тое рашэньне, якое прапануецца на рэфэрэндум. Шкада, вядома, што апошнім часам Вярхоўны Савет нічога ня хоча прымаць: ні па ратаваньні эканомікі, ні па рыначных рэформах, ні па падатках, ні па зямлі, ні па барацьбе са злачыннасьцю. Вось і цяпер праект Канстытуцыі, пра якую так шмат гаварылі, таксама адклалі надоўга. Аднак калі з праектам Канстытуцыі Вярхоўны Савет вольны рабіць усяляк, то з рэфэрэндумам справа іншая. Парлямэнт ня можа дапусьціць сябе да такога стану, каб не выконваць уласны закон, каб ігнараваць законную волю сотняў тысяч грамадзянаў».

Галіна Сямдзянава: «Выйсьце, каб «ня траціць народныя грошы», ─ прыняць рашэньне аб самароспуску. Прызначыць на бліжэйшы час дату новых выбараў паводле выбарчага закону, распрацаванага Апазыцыяй БНФ. Прымаць рашэньне Вярхоўнаму Савету. Але прашу ўлічваць, што за гэтую прапанову ўжо выказаліся 442 тысячы чалавек, жыхароў рэспублікі. А нас у залі ў лепшыя дні толькі 310 чалавек. І ўвогуле, як сказаў паэт быццам пра наш Вярхоўны Савет: "Все, что мог, он уже совершил, создал песню, подобную стону, и духовно навеки почил".

«З Богам вы разабраліся ў 1917-м, а вось з часам — слабо»

Вечаровае пасяджэньне 28 кастрычніка пачалося з удару «цяжкой артылерыі». На трыбуну выйшаў былы першы сакратар Магілёўскага абкаму, старшыня мандатнай Камісіі Вярхоўнага Савету Васіль Лявонаў. Ён апэляваў да «гарбачоўскага» рэфэрэндуму ў сакавіку 1991 года аб захаваньні СССР.

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў: «Досьвед, як грэбаваць усенародным волевыяўленьнем, у нас ужо ёсьць. Бо абсалютная большасьць дэпутатаў, галасуючы за ратыфікацыю Белавескіх пагадненьняў, ня думалі пра тое, што тэзіс аб празрыстых межах ─ толькі хітры выкрутас. Але ж гвалтоўны разрыў шматвяковых гаспадарчых, культурных сувязяў па сваіх адмоўных наступствах (думаю, мы ў гэтым ужо ўсе пераканаліся) для нашай эканомікі можа перасягнуць наступствы Чарнобылю. Рэфэрэндум аб недаверы Вярхоўнаму Савету, напэўна, ня будзе мець такой разбуральнай сілы, але падрыхтоўка да яго, правядзеньне і непазьбежны наступны як мінімум год эківокаў на былых «партакратаў», «намэнклятурнікаў», на «дрэнны» Вярхоўны Савет прыкладна на два гады пакінуць рэспубліку без выканаўчай улады, а гэта можа быць нашмат даражэй, чым тыя выдаткі, якія будуць зьвязаныя непасрэдна з самой арганізацыяй, тэхнікай і правядзеньнем рэфэрэндуму, бо нават дрэнная ўлада — гэта заўсёды лепш, чым яе поўная адсутнасьць... Вяртаючыся да пытаньня аб ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў, улічваючы тую акалічнасьць, што галасавалі дэпутаты не за мытні, не за ўсталяваньне межаў, не за гвалтоўны разрыў адзінага эканамічнага арганізму, не за войны і галечу, думаю, што дэпутаты могуць лічыць сябе падманутымі. І калі мы ў выніку аказаліся такімі, што нас падманулі палітыкі, дык маем права хаця б заявіць, зрабіць палітычную ацэнку і заяву па гэтым пытаньні (можа, нават і на гэтай сэсіі)».

«Нас падманулі палітыкі» — у гэтай фразе выразна выяўленая мэнтальнасьць тых, хто ўвасабляў сабой дэпутацкую большасьць у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня. Былы член ЦК КПСС і ЦК КПБ, былы кіраўнік вобласьці, дзейны член парлямэнту, старшыня парлямэнцкай камісіі — ня лічыць сябе палітыкам. Успрымае сябе (і такіх, як ён), простымі выканаўцамі чужой волі. І ў незалежнасьці, якой дамаглася Беларусь — бачыць толькі «хітры выкрутас».

Палітыкам Васілю Лявонаву зрабіцца ўсё ж давядзецца — пасьля таго, як яго, прызначанага Лукашэнкам міністрам сельскай гаспадаркі, на загад таго самага Лукашэнкі арыштуюць у міністэрскім кабінэце пад тэлекамэрамі, як, асуджаны фактычна ні за што, правядзе тры гады за кратамі. Пасьля вызваленьня з турмы Лявонаў пачне жорсткае супрацьстаяньне з Лукашэнкам, у кнізе «Праца над памылкамі» напіша, што «абсалютны памер стратаў ад гітлераўскай навалы роўны стратам ад праўленьня Лукашэнкі». На прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе будзе «архітэктарам» вылучэньня «адзінага кандыдата» ад ужо новай апазыцыі — якая пагодзіцца на прадстаўніка колішняй намэнклятуры. Што, зрэшты, ужо не дапаможа. Лявонаў будзе працаваць у Маскве і ў 2013 годзе ў інтэрвію Віталю Цыганкову заявіць тое, пра што дэпутаты Апазыцыі БНФ казалі за дзясятак гадоў да яго — што «улада ў Беларусі — гэта праект Крамля».

Але рэалізацыя гэтага праекту была магчымай, не ў апошнюю чаргу, у выніку рашэньня, прынятага ў Авальнай залі ў поўнай адпаведнасьці з заклікам Лявонава не праводзіць рэфэрэндум.

Сяргей Антончык
Сяргей Антончык

Сяргей Антончык (Апазыцыя БНФ) : «Калі рэфэрэндум закончыцца станоўча, дык у адстаўку пойдуць усе дэпутаты, у тым ліку і мы, дэпутаты ─ члены Ініцыятыўнай групы. І таму ўсе размовы, што, падтрымліваючы рэфэрэндум, мы рвемся да ўлады, ня больш як дэмагогія. Парушаючы Закон аб рэфэрэндуме, не праводзячы яго, Вярхоўны Савет заганяе ў кут свой народ, таму што ў яго, у гэтага народа, ня будзе прававых магчымасьцяў узьдзейнічаць на ўладу мірным і законным шляхам. Больш таго, пазбаўляючы асноўных правоў грамадзян Беларусі, Вярхоўны Савет, хоча таго або не, ператварае народ у ахлякратыю, чаго сам жа Вярхоўны Савет так моцна баіцца. Што можа быць вышэйшае за любую ўладу? Сам народ, Бог або час? Народ вы можаце праігнараваць, пакуль што гэта вам удаецца. З Богам вы ўжо разабраліся даўно, у 1917 годзе. А вось з часам, як кажуць, слабо».

Ігар Гермянчук (Апазыцыя БНФ): «А што далей? Вы задавалі сабе пытаньне: а што далей? Давайце прагназаваць сытуацыю, як будуць разгортвацца падзеі. Задумайцеся, што будзе, калі вы большасьцю галасоў адмовіце амаль паўмільёну грамадзянаў у правядзеньні рэфэрэндуму? Што будзе? Спадар Шушкевіч у адным з інтэрвію сказаў, што "...будзе вельмі спакойная рэакцыя". Я думаю, шаноўныя дэпутаты, вы памыляецеся. Палітычныя працэсы ініцыююцца ў грамадзтве палітычнымі сіламі… Я думаю, што ў апазыцыйных сіл зьяўляюцца ўсе падставы, каб у выпадку, калі Вярхоўны Савет адмовіць у ініцыятыве амаль паўмільёну грамадзянаў, паставіцца да гэтага Вярхоўнага Савету як да незаконнага органу, як да групы людзей, якія імкнуцца ўтрымаць уладу незаконным шляхам. Вы што, хочаце такога разгортваньня падзеяў у грамадзтве?... Не адзін заходні журналіст кажа: "Не разумею, чаму ў вас тут так нэрвова ўспрымаецца дэпутатамі праблема рэфэрэндуму? Калі ласка, прызначце дату, правядзіце рэфэрэндум. Гэта ж вельмі проста".

Лявонцій Зданевіч (Апазыцыя БНФ): «…Многа разоў казалі: "На пераправе коней не мяняюць". Казалі з гэтай трыбуны, казалі тыя самыя людзі, якія ўчора і сёньня прапануюць зьмяніць законы, зьмяніць камісію. Прычым гэтыя прапановы нам даюцца ва ўмовах, калі працэс ідзе (я кажу пра працэс рэфэрэндуму). Гэта ж проста сьмешна, паважаныя дэпутаты».

Далей Зданевіч зьвярнуўся да прыкладаў сумнеўных камэрцыйных апэрацый з удзелам дзяржаўных структураў:

«…Напрыклад, Міністэрства сельгасхарчу і яго адна структура толькі да верасьня месяца 252 тоны дызэльнага паліва прадалі за мяжу. Вось чаму я за рэфэрэндум. Падставаў за рэфэрэндум у мяне так шмат, што я мог бы на гэтую тэму разважаць гадзіну. Галоўнае тут, што ведаюць усе грамадзяне Беларусі, ─ Вярхоўны Савет фактычна стварыў умовы для жудаснага раскраданьня дзяржаўнай маёмасьці, камэрцыйнай дзейнасьці дзяржаўных структур. Паважаныя дэпутаты, у якім яшчэ грамадзтве міністар ураду адначасова можа быць старшынём камэрцыйнага банку? Вось чаму я за рэфэрэндум».

Cтаршыня: «Шаноўны Лявонцій Ульянавіч! Вы сказалі, што міністар у Рэспубліцы Беларусь узначальвае камэрцыйны банк. Я хачу да вас зрабіць дэпутацкі запыт: назавіце прозьвішча, калі ласка».

Лявонцій Зданевіч: «Банк "Беларусь", Батура, калі ласка».

Барыс Батура ў той час быў міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Пры Лукашэнку будзе віцэ-прэм'ерам, старшынём Магілёўскага і Менскага аблвыканкамаў, а таксама старшынём «сэнату» — Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу.

Шушкевіч: «Мы нядрэнна папрацавалі»

Супраць рэфэрэндуму выступіў дэпутат Уладзімер Грыбанаў, які раней падпісваў заявы Апазыцыі БНФ, а цяпер заявіў, што «ёсьць вельмі вялікая небясьпека ў тым, што да ўлады могуць прыйсьці артадаксальныя камуністы. Гэта другая небясьпека, якую я называю, першая ─ Народны фронт».

Не падтрымаў правядзеньне рэфэрэндуму і Віктар Ганчар, заявіўшы, што пастаноўка пытаньня аб датэрміновым роспуску заканадаўчага органу — неканстытуцыйная. Адначасна, ён прапанаваў, «ідучы насустрач пажаданьням асобнай часткі насельніцтва», абвясьціць датэрміновыя выбары: «Не таму, што наш Вярхоўны Савет дрэнны. Я з вышыні таксама ўжо свайго досьведу скажу, што ён іншым быць ня мог. Мы вычарпалі свой гістарычны рэсурс і далей пры такіх структурах і арганізацыі працаваць проста ня здолеем».

Леанід Тарасенка: «…Што да (заявы — С.Н.) дэпутата Ганчара, што пастаноўка пытаньня аб роспуску парлямэнту антыканстытуцыйная. Дазвольце, гэта вельмі звычайная практыка ва ўсіх краінах. Новыя выбары. Калі ўзьнікае канфлікт паміж урадам і парлямэнтам, то ў залежнасьці ад формы кіраваньня аб'яўляюцца новыя выбары, датэрміновыя».

Пётра Пракаповіч: «Я цалкам падтрымліваю праект пастановы, унесены Прэзыдыюмам Вярхоўнага Савету аб тым, што рэфэрэндум, які прапануецца праводзіць на ініцыятыву БНФ, праводзіць нельга. Я асабіста супраць гэтага закону. Гэта закон, які можа дазволіць малалікім партыям, якія не падтрымлівае насельніцтва, мець вельмі шмат месцаў у парлямэнце».

У момант свайго выступу Пракаповіч быў ня вельмі прыкметным дэпутатам — вядомасьць ён набудзе ўжо пры Лукашэнку на пасадзе старшыні Нацыянальнага банку. А вось былы камандзір Віцебскай дэсантнай дывізіі генэрал Бачароў зь лютага займаў пасаду камандуючага памежнымі войскамі Беларусі.

Яўген Бачароў: «А каму патрэбны у дадзенай сытуацыі рэфэрэндум? Каму патрэбная палітычная нестабільнасьць грамадзтва? Каму патрэбныя новыя эканамічныя і сацыяльныя катаклізмы?»

Герард Сівіцкі (генэрал міліцыі: «Лічу, што ўцягваць рэспубліку ў шматмільённыя выдаткі, ствараць хаос і безуладзьдзе недапушчальна».

Міхаіл Сасноўскі: (дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі): «Я лічу неэтычным з боку лідэра апазыцыі таварыша Пазьняка як дэпутата выступ па шэрагу пытаньняў па тэлебачаньні, калі ён бяздоказна папросту заклікаў, калі хочаце, да адстаўкі ўраду, Вярхоўнага Савету. На якой падставе дэпутат Пазьняк мог дазваляць сабе такія рэчы?...

Вашы прыхільнікі стаяць на плошчы, і вісіць лёзунг "Булахаў ─ здраднік, камуністы ─ здраднікі!"…Гэта што такое? Гэта дэмакратычна? На якой падставе такія лёзунгі?»

Сяргей Папкоў
Сяргей Папкоў

Сяргей Папкоў (Апазыцыя БНФ): «Калі Вярхоўны Савет кажа, што ён увесь здольны, давайце зробім такую справу: прыпынім разгляд гэтага пытаньня, адкладзем на два тыдні і дакажам, што мы дзеяздольныя. Давайце прымем пастанову аб правядзеньні інвэнтарызацыі, пераразьліку распрададзеных дзяржаўных сродкаў і маёмасьці ўсіх відаў і вызначым тэрмін вяртаньня ў дзяржбюджэт адпаведных сродкаў і дакладна пракантралюем гэтае выкананьне. Другое. Прымем заканадаўчы акт аб парадку набыцьця грамадзянамі Рэспублікі Беларусь зямлі ў прыватную ўласнасьць. Я падкрэсьліваю, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Прымем новы Закон аб выбарах, прымем пастанову аб выбарах старшыняў выканаўчай мясцовай улады насельніцтвам і вызначым тэрмін іх правядзеньня з адпаведнымі зьменамі ў Законе аб мясцовым самакіраваньні. Давайце гэта зробім. Але я вам скажу, што гэтага Вярхоўны Савет проста ня можа выканаць. Быў час выканаць гэта ─ два гады з паловай. Але пытаньні ня вырашаныя. Таму правільна робяць грамадзяне Беларусі, калі ставяць пытаньне аб зьмене, аб эвалюцыйным шляху рэформаў».

Былы сакратар Гомельскага абкаму камуністычнай партыі Міхаіл Мачуленка выказаў арыгінальную прапанову: «дэпутатам, чые выбаршчыкі выказаліся за рэфэрэндум, самім падаць у адстаўку». Гэтыя словы выклікалі ухвальныя рэплікі ягоных аднадумцаў. Такі варыянт для намэнклятуры быў бы ідэальны: ператварыць Вярхоўны Савет, прычым нашымі ж рукамі, у цяпер ужо цалкам маналітную і цалкам падкантрольную Саўміну структуру.

На другі дзень, 29 кастрычніка, Дзьмітры Булахаў, Уладзімер Леўчык і Аляксандар Абрамовіч выступілі з заключным словам. Яны свае ранейшыя пазыцыі не зьмянілі...

Булахаў ізноў сьцьвярджаў, што Ініцыятыўная група парушыла закон: «Рыса паміж правам і палітыкай… па маім глыбокім перакананьні, можа, але не павінна быць пяройдзена самім заканадаўцам… А нас актыўна штурхаюць да гэтай рысы і Аляксандар Міхайлавіч Абрамовіч, паважаны народны дэпутат Зянон Станіслававіч Пазьняк, і ўсе астатнія дэпутаты, якія прытрымліваюцца пункту гледжаньня, выкладзенага гэтымі людзьмі». І яшчэ: «На нашых плячах вялікая адказнасьць, бо трэба будзе, як я ўжо казаў, прымаць рашэньне, якое вызначае лёс дзяржавы, фактычна не на год, а на дзесяцігодзьдзі наперад, дай Бог, каб і на стагодзьдзе, нават незалежна ад таго, ці будуць сёньняшнія дэпутаты абраныя заўтра».

Як паказаў час, наконт дзесяцігодзьдзяў Булахаў не памыліўся. Адносна стагодзьдзя, спадзяюся, прагноз ня спраўдзіцца.

Леўчык прапанаваў прыняць Заяву Вярхоўнага Савету «аб неабходнасьці паскарэньня канстытуцыйных пераўтварэньняў», прыняцьця Канстытуцыі не пазьней за 1993 год і правядзеньня ў сакавіку 1994-га датэрміновых выбараў у найвышэйшы заканадаўчы орган. Ён таксама выказаў недавер старшыні ЦВК Абрамовічу.

Сам Абрамовіч у сваім выступе выказаў спадзяваньне, «якое рашэньне ні было б прынята, пераможа палітычная разважлівасьць і мудрасьць з пункту гледжаньня ўзважанага падыходу, а ня заклікі, якія абвяшчаў цяпер паважаны мной Уладзімер Канстанцінавіч Леўчык. Вы кажаце: не ісьці на саступкі, а мы прытрымліваемся іншага пункту гледжаньня: на саступкі. Толькі саступкі, кансэнсус дае магчымасьць знайсьці прымальныя для ўсіх рашэньні».

Cтаршыня Чашніцкага райсавету Міхаіл Васілевіч заклікаў Шушкевіча «заканчваць»: «Ёсьць прапанова — будзем галасаваць».

Пачалі галасаваць.

За рэфэрэндум — 35 дэпутатаў. Апазыцыя БНФ і яшчэ некалькі прыхільнікаў.

Супраць рэфэрэндуму — 213.

«Ёсьць прапанова сёньня зрабіць большы перапынак. Мне здаецца, мы нядрэнна папрацавалі», — завяршыў паседжаньне Шушкевіч.

Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG