Тысячы каталёнцаў прыехалі ў Брусэль, каб ўзяць удзел у дэманстрацыі ў падтрымку зьняволеных каталёнскіх актывістаў і каталёнскага лідэра ў выгнаньні Карлэса Пудждэмона. Дэманстранты накіраваліся да будынкаў, дзе месьцяцца офісы эўрапейскіх арганізацый, заклікаючы Эўразьвяз падтрымаць незалежнасьць Каталёніі ад Гішпаніі.
Пратэстоўцы пад незалежніцкімі сьцягамі Каталёніі скандуюць «Эўропа, прачніся!» Паводле ацэнак брусэльскай паліцыі, у дэманстрацыі бяруць удзел каля 45 тысяч чалавек.
1 кастрычніка ў Каталёніі прайшло галасаваньне ў пытаньні аб выхадзе з складу Гішпанскага каралеўства. У ім узялі ўдзел 2,28 млн каталёнцаў, 90,18% удзельнікаў плебісцыту выказаліся за незалежнасьць. Мадрыд палічыў рэфэрэндум нелегітымным і адмовіўся прызнаваць яго вынікі.
27 кастрычніка парлямэнт Каталёніі зацьвердзіў рэзалюцыю аб абвяшчэньні незалежнай рэспублікі. Сэнат Гішпаніі ўхваліў просьбу Мадрыду аб увядзеньні ў дзеяньне 155-га артыкулу канстытуцыі каралеўства, які дазваляе абмежаваць самакіраваньне Каталёніі. Пасьля яе ўхваленьня старшыня ўраду Гішпаніі Марыяна Рахой заявіў, што было прынятае рашэньне адхіліць ад пасадаў Карлэса Пудждэмона і міністраў ягонага ўраду. Прэм’ер распусьціў парлямэнт Каталёніі і прызначыў на 21 сьнежня выбары ў аўтаноміі.
Адхілены ад улады Пудждэмон і чатыры міністры ягонага ўраду зьехалі ў Бэльгію, дзе працягваюць заставацца да гэтага часу. Вярхоўны суд Гішпаніі 3 лістапада выдаў эўрапейскі ордэр на іх арышт, але 5 сьнежня суд адклікаў гэты ордэр.
4 сьнежня шэсьць іншых міністраў былога каталёнскага ўраду былі вызваленыя з турмы пад Мадрыдам пад заклад. Двое іншых знаходзяцца пад вартай.