Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў 1992: «Мы зьнішчылі дзяржаву, хай імпэрыю»


Аляксандар Лукашэнка на сэсіі Вярхоўнага САвету 12-га скліканьня, фота Ул. Сапагова
Аляксандар Лукашэнка на сэсіі Вярхоўнага САвету 12-га скліканьня, фота Ул. Сапагова

Прамова Лукашэнкі на сэсіі ў кастрычніку 1992 тычылася ня толькі ініцыятывы БНФ, але і ўтрымлівала праграмныя палажэньні, якімі ўлада будзе кіравацца цягам дзесяцігодзьдзяў

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Наступную прамову на сэсіі Вярхоўнага Савету ў кастрычніку 1992 давядзецца даць амаль цалкам — занадта ўжо значную ролю адыграе аратар у лёсе Беларусі. Тым больш, што выступ тычыўся ня толькі рэфэрэндуму, але і ўтрымліваў праграмныя палажэньні, якімі ўлада будзе кіравацца цягам дзесяцігодзьдзяў.

“Герб, сьцяг — гэта добра, але патрэбныя хлеб і малако”

Аляксандар Лукашэнка: «Можа быць, камусьці не падабаюцца мае выступы, можа быць, сапраўды, папахвае правінцыялізмам, можа быць. Але мушу вам у сувязі з гэтым сказаць адназначна наступнае, што правінцыя хутка пра сябе заявіць у добрым сэнсе слова. Яна ня будзе ні карміць, ні цярпець мудрагелістых палітыкаў, нават калі яны сталічныя... Давайце зазірнем тэлеграфным спосабам у мінулае. Што ж мы зрабілі? Першае. Сілавым шляхам мы стварылі той урад, які сёньня б'ем зьлева і справа. Успомніце, як гэта было. Сілавым мэтадам мы адціснулі тых, хто сёньня знаходзіцца ў апазыцыі (меліся на ўвазе камуністы — С.Н.). Няўжо трэба шмат розуму, каб сёньня зразумець, што мы дапусьцілі вельмі грубую памылку. Другое. 80 працэнтаў прыкладна камуністаў у Вярхоўным Савеце. Гэтыя 80 працэнтаў загубілі ўласную партыю. Тую, якая прывяла многіх да ўлады. І загубілі тыя, што былі доўгі час ля яе "кармушкі". Я не кажу пра тое, дрэнная яна ці добрая. Але факт застаецца фактам. Трэцяе. Мы зьнішчылі дзяржаву, хай імпэрыю. А незалежнай і сувэрэннай дзяржавы мы не стварылі. І нават не пайшлі да таго, каб яе ствараць… Нас можа суцяшаць, як кажа Леанід Сініцын, што "лякаматывам" тут была Расея, Украіна, што мы былі "вагонамі", што ня мы ў "топку" кідалі гэты "вугаль". Але калі гэта нас суцяшае — калі ласка».

Пазыцыя, як бачым, выказаная адназначна: распад СССР («імпэрыі») — зло.

Далей Лукашэнка канкрэтызаваў, у чым гэтае зло палягае: «Мы развалілі эканоміку, парушыўшы ўсякія міждзяржаўныя сувязі паміж прадпрыемствамі і рэспублікамі. Мы на кавалкі парэзалі войска, мы вайскоўцаў зрабілі жабракамі. А цяпер кажам ім "давай прысягу". Пытаньне, каму прысягаць і за што?»

Фармулюючы тэму гэткім чынам (не «каму» даваць прысягу, а «за што?» — маўляў, за якія даброты), Лукашэнка салідарызаваўся з тымі праімпэрскімі вайскоўцамі, якія адмаўляліся прысягаць на вернасьць Беларусі.

«Праблема Чарнобылю для многіх з нас зьявілася "казырнай картай" у палітычных амбіцыях, — працягваў Лукашэнка. — Гэта таксама факт, і факт дзейнасьці нашага Вярхоўнага Савету і гэтак далей, і таму падобнае. Мы абсалютна правільна вызначылі стратэгію руху нашага грамадзтва, але мы спрэс і беспардонна ігнаравалі тактыку. Мы забыліся пра тое, што "лякаматывам" як раз у руху да стратэгіі павінен быць народ, наш выбаршчык перш за ўсё. Мы пра яго забыліся. Я калісьці, выступаючы тут, казаў аб стратэгіі, што герб, сьцяг — гэта добра, але патрэбныя хлеб і малако, бязь іх мы нічога ня зробім. Многія народныя дэпутаты, і вы іх ведаеце, мяне потым "зьбівалі" і вельмі моцна. Выявілася, сапраўды, хлеб і малако адыгралі сваю ролю. І ўжо сёньня пад чырвонымі, на жаль, для кагосьці, сьцягамі зьбіраецца больш людзей, чым пад дзяржаўнымі сьцягамі...»

У гэтым пасажы паказальна, што ў самога Лукашэнкі не выклікала занепакоенасьці гуртаваньне пад чырвонымі сьцягамі (гэта для «кагосьці» было «на жаль»), а па-другое, ён сказаў няпраўду: у 1992 годзе колькасьць камуністаў, якія выходзілі пад сьцягамі СССР і БССР , была значна меншая, чым колькасьць актывістаў БНФ, ня кажучы ўжо пра тое, што бел-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным.

“Мы ператварыліся ў прыдатак бесталкова працуючага ўраду”

Далей у выступе Лукашэнкі прагучала слова, якое ў наступным годзе зробіцца лейтматывам ягонай дзейнасьці — «мафія».

«Што мы маем у выніку дзейнасьці цяперашняга Вярхоўнага Савету? Некіраванае грамадзтва. Камусьці, мабыць, гэта выгадна. Другое. Карупцыю ўлады зьверху данізу. І як вынік ─ безуладзьдзе, мафія. Кажуць многія дэпутаты, трэба пацярпець, пакуль гэтая мафія сама сябе, "як тоўсты кот, ня зьесьць", але ўся бяда ў тым, што мафія сама сябе не "зьядае". Прабачце, як у народзе яшчэ кажуць, ─ мафія несьмяротная, але змагацца зь ёй трэба. Спроба падзяліць тое, што не належыць толькі нам, мы яшчэ падыдзем да гэтага, і мы гэта абазвалі "прыватызацыяй", не параіўшыся з народам. Забыцьцё ўсялякіх мікраэканамічных праблем, усе ў нас тэарэтыкі і "выкладчыкі"... мы народ распранулі, мы яго разулі, мы яго паставілі перад фактам дзікіх цэнаў. Мы практычна зьнялі перад ім усялякую абарону, якая хоць і была невялікая ў тыя партакратычныя часы... Мы ня можам называць сябе найвышэйшым заканадаўчым органам, таму што мы ператварыліся ў прыдатак бесталкова працуючага ўраду».

У апошнім Лукашэнка меў рацыю — урад цалкам кантраляваў парлямэнцкую большасьць.

«Я быў праціўнікам збору подпісаў за рэфэрэндум. Асабліва тымі, хто ня ў меншай меры вінаваты ў тым, што мы сёньня маем...» — тут, трэба думаць, Лукашэнка меў на ўвазе намаганьні БНФ у справе дасягненьня незалежнасьці Беларусі.

А далей Лукашэнка прадэманстраваў характэрную для ягоных дэпутацкіх выступаў уласьцівасьць: супярэчлівасьць уласных заяваў: «Я лічу абсалютна абсурдным прапанову Ініцыятыўнай групы і іх пытаньне. Я яшчэ раз кажу, я не уваходжу ў юрыдычнае вызначэньне гэтага. Я за рэфэрэндум. За рэфэрэндум, які прызначыць Вярхоўны Савет. Хай рэфэрэндум у пляне зь іншымі пытаньнямі па Канстытуцыі, за які народ павінен сказаць "так" або "не»».

Такім чынам, і супраць рэфэрэндуму — і за яго. Кожны можа зразумець, як хоча. Але з улікам згадкі пра Канстытуцыю і будучых падзеяў даводзіцца меркаваць, што пад рэфэрэндумам, за які ён выступае, Лукашэнка меў на ўвазе рэфэрэндум па ўвядзеньні прэзыдэнцтва і двухмоўі. Толькі казаць пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ён палічыў заўчасным.

“Народ куды больш разумны, чым многім з нас уяўляецца”

Адразу пасьля Лукашэнкі давялося выступаць мне.

Сяргей Hавумчык: «…Нагадаю, што ідэя правядзеньня рэфэрэндуму высьпела пасьля таго, як стала відавочна, што цяперашні Вярхоўны Савет ня ў поўным сэнсе адпавядае той сытуацыі, якая склалася ў нашым грамадзтве. А таксама яшчэ і пасьля таго, як Вярхоўны Савет адхіліў прапанову апазыцыі стварыць прафэсійны рабочы орган Вярхоўнага Савету з заканадаўчымі функцыямі… Шаноўныя калегі, мы з вамі дарэмна спрачаемся. Рашэньне аб рэфэрэндуме прынята самім фактам наяўнасьці волевыяўленьня больш як 350 тысяч грамадзян Беларусі. Скажу болей. Нават калі б Ініцыятыўная група зь нейкіх прычынаў адмовілася ад рэфэрэндуму і пажадала даць "задні ход", гэта ўжо ніякім чынам не зьмяніла б хаду падзеяў, паколькі не БНФ, не апазыцыя, а менавіта 383 тысячы грамадзянаў выступаюць суб'ектам ініцыятывы… Я хацеў бы спыніцца і на палітычных наступствах рэфэрэндуму. Нас пужаюць гэтымі вынікамі, заяўляючы, што яны прывядуць да ахлякратыі. Якраз не. Тыя больш як 400 тысяч людзей, якія паставілі свае подпісы, абралі якраз шлях закону, шлях выкананьня Канстытуцыі. Наш народ, шаноўныя калегі, куды больш разумны, чым многім з нас уяўляецца. І ён здольны сфармаваць зноў прафэсійны парлямэнт. Давайце ня будзем думаць, што калі большасьць з нас ня будзе абраная, то новы парлямэнт будзе горшы. Не, ён будзе ня горшы ўжо хаця б таму, што ў ім будуць працаваць на прафэсійнай аснове прадстаўнікі дэмакратычных партый, прадстаўнікі ўвогуле партый і грамадзка-палітычных рухаў… Апазыцыя прапануе Вярхоўнаму Савету ў адпаведнасьці з артыкулам 14 Закону аб рэфэрэндуме прызначыць рэспубліканскі рэфэрэндум на нядзелю 6 сьнежня гэтага году з той фармулёўкай пытаньня, за якую выказалася амаль паўмільёна грамадзянаў».

Гэта была кансалідаваная прапанова апазыцыі — каб на рэфэрэндуме народ выказаўся «за» або «супраць» датэрміновых выбараў менавіта паводле распрацаванага дэпутатамі БНФ закону. Канешне, словы пра выбары «ўвосень 1992 году» ўжо давялося б выкрасьліць, і Вярхоўны Савет меў поўнае права гэта зрабіць.

Генэрал Сарокін: “Сьцяг прафашысцкай марыянэткавай дзяржавы не ўпрыгожвае твар сувэрэннай Беларусі”

Валянцін Сарокін (дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі, былы вайсковец): «Уся гэтая валтузьня з рэфэрэндумам зьяўляецца вялікай авантурай, мэта якой — узбудзіць народ, стварыць нэрвовасьць у нашай дзяржаве на карысьць купкі людзей, якія дзейнічалі з калябарацыянісцкімі мэтамі. Паўтараюся, я за рэфэрэндум сапраўды лёсавызначальны для Рэспублікі Беларусь. Такіх пытаньняў у нас шмат ─ і пра лёс Канстытуцыі, і аб прэзыдэнце, і аб зямлі, і пра мову, і пра дзяржаўны гімн і пра дзяржаўную сымболіку. Бо сьцяг прафашысцкай марыянэткавай дзяржавы не ўпрыгожвае твар сувэрэннай Беларусі. (Шум у залі). І тым больш...»

Старшыня: «Я папрашу з трыбуны паважаць Дзяржаўны сьцяг... (Шум у залі). Прашу цішыні ў залі. Я папрашу вас прынесьці прабачэньне Вярхоўнаму Савету за абразу Дзяржаўнага сьцяга... Прашу выключыць мікрафон».

Валянцін Сарокін: «Прашу выбачыць. А пра герб я магу сказаць?»

Старшыня: «З пахвалой ─ калі ласка. (Сьмех у залі). З павагай».

Валянцін Сарокін: «Выбачайце, панове сэнатары...»

Дэпутат-вэтэран агучыў з трыбуны сэсіі тыя абразы на адрас дзяржаўных сьцяга і герба, якія няспынна зьяўляліся на старонках пракамуністычнай прэсы і не сустракалі ніякай прававой ацэнкі (калі не лічыць нашых пратэстаў).

“Гэта будзе шлях беззаконьня, шлях да ахлякратыі і фашызму”

Віктар Кудравец: «…Закон аб выбарах народных дэпутатаў, праект якога ўнесены апазыцыяй. Заўважце, праект. Ну як па законапраекце праводзіць выбары? І хто гэты законапраект глыбока чытаў? Наколькі я ведаю, ён толькі адзін раз быў апублікаваны ў "Народнай газэце", і тут мы яго не абмяркоўвалі дэталёва... Так, будзе пэўная дэстабілізацыя, калі мы адхілім правядзеньне рэфэрэндуму з фармулёўкай аб роспуску Вярхоўнага Савету, але будзе яшчэ большая дэстабілізацыя, хаос, калі мы ўцягнемся ў гэты рэфэрэндум».

Васіль Трафіменка: «…У адным з тэхнікумаў мэдыкі правялі дасьледаваньне крыві студэнтаў на яе паўнавартаснасьць… Высьветлілася, што ад нястачы харчаваньня ў ёй не дастае масы элемэнтаў, неабходных для нармальнай жыцьцядзейнасьці. Зачыняюцца дашкольныя ўстановы. У школах дзеці ня ўсюды атрымліваюць харчаваньне. Маці просяць аказаць дапамогу для правядзеньня апэрацый… Давайце мы накіруем гэтыя паўтара мільярда дзіцячым дашкольным установам, хворым, якія пакутуюць, а не для таго, каб ажыцьцяўляць палітычныя гульні.

Ігар Пырх (Апазыцыя БНФ): «Ці маюць народныя дэпутаты дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што члены Ініцыятыўнай групы падраблялі подпісы? Такіх дакумэнтаў няма… Вярхоўны Савет можа прыняць любое рашэньне, у тым ліку і не ўлічыць меркаваньне больш 400 тысяч выбаршчыкаў. Гэта яго права. Але гэта будзе шлях, пра які казаў Дзьмітры Пятровіч, ─ шлях беззаконьня, шлях да ахлякратыі і фашызму».

Алег Трусаў: « …Давайце ўспомнім Закон аб выбарах. Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту неаднаразова гэты закон выносіла ў парадак дня, і не аднойчы яго выкідалі, хаця ў гэты час ужо было ясна, што той стары закон, па якім нас выбіралі, вельмі кепскі. Мы патрацілі велізарную колькасьць грошай, можа быць, больш, чым на гэты меркаваны рэфэрэндум, на ўсе гэтыя выбары, толькі ў горадзе Менску. І выбары не адбываюцца, таму што дрэнны закон. І мы даўно казалі: давайце памяняем, але вы, большасьць, гэтага не захацелі. Калі не захацелі, мы вымушаны былі вынесьці яго на рэфэрэндум. На прапанову старшыні камісіі спадара Каратчэні ў Законе аб рэфэрэндуме было напісана, што можна законы прымаць рэфэрэндумам, хоць апазыцыя выступала супраць. Даводжу да вашага ведама, што 14 студзеня 1992 году зьвярнулася Ініцыятыўная група з просьбай надрукаваць гэты закон у "Народнай газэце". Цэлы месяц "Народная газэта" не друкавала, на рэдактара Сярэдзіча быў ціск, каб не друкаваць, але ўсё ж гэты закон быў надрукаваны. І ня наша віна, што ён там ляжаў».

Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG