Некалькі дзён таму ў Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія «Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і!». З гэтай нагоды прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Раман Мельнік адсправаздачыўся, што МУС працуе над прапановамі адносна закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Ён кажа, што цяпер у Беларусі існуе шмат нормаў, якія рэглямэнтуюць сямейныя стасункі, і трэба гэта ўсё зьвесьці ў адзін законапраект і дакладна вызначыць, які дзяржаўны орган, якая грамадзкая ці іншая арганізацыя могуць прысутнічаць у законе, каб выконваць пэўную функцыю па прафіляктыцы, абароне ахвяры, працы з агрэсарам і гэтак далей.
Новы закон мусіць быць добра вывераны ў кожнай дробязі, — гэта сапраўды вельмі важна. Але ж колькі яшчэ гадоў спатрэбіцца нашым заканадаўцам, каб нарэшце з усім разабрацца?
У красавіку 2015 году намесьнік кіраўніка ўпраўленьня прафіляктыкі МУС Сяргей Красуцкі заявіў, што закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту ўжо распрацоўваецца. Надзея Цыркун, экспэртка па пытаньнях хатняга гвалту і гвалту супраць жанчын распавяла тады, што першы праект закона супраць гвалту ў сфэры сямейна-побытавых стасункаў зьявіўся яшчэ ў раёне двухтысячнага году. Але, сказала яна, «праходжаньне законапраекту было пакутлівым і ў выніку скончылася прыняцьцем закону аб прафіляктыцы правапарушэньняў».
Сямнаццаць гадоў дзяржава не можа прыняць закон, які будзе прадухіляць хатні гвалт.
Прадстаўнікі і прадстаўніцы ўлады пэрыядычна расказваюць, наколькі гэты закон важны для нас, і як яны заклапочаны пытаньнем, і што з хатнім гвалтам трэба абавязкова змагацца. Раман Мельнік кажа, што ў бягучым годзе 96 чалавек сталі ахвярамі забойстваў, учыненых тымі, з кім яны жылі разам; было заведзена больш за 42 тысячы адміністрацыйных справаў супраць агрэсараў. Прадстаўнік МУС нават прызнае, што рэальныя лічбы значна горшыя за афіцыйную статыстыку. Але закон так і не прымаецца.
Фармальна дзяржава апошнім часам робіць нямала для дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Па ўсё краіне адкрытыя крызісныя пакоі для ахвяраў хатняга гвалту. Праўда, першы такі дзяржаўны «пакой» у Менску стаяў пусты 10 месяцаў пасьля афіцыйнага адкрыцьця. Пра яго папросту ніхто не ведаў.
Адкуль узяцца высокаму наплыву, калі ніхто пра гэтае памяшканьне проста не ведаў?
Тацьцяна Радзевіч, дырэктарка мясцовага тэрытарыяльнага цэнтру абароны насельніцтва, тлумачыла гэта высокай занятасьцю: «Вы зразумейце, крызісны пакой — гэта адно са ста пытаньняў, якія мы вырашаем. Вядома ж, калі быў бы вялікі наплыў, стварылі б асобнае ўпраўленьне.»
Адкуль узяцца высокаму наплыву, калі ніхто пра гэтае памяшканьне проста не ведаў, — пытаньне, якое засталося без адказу. Больш за тое, міліцыянты, што працавалі ў апорным пункце, у які наўпрост можна трапіць з крызіснага пакою ў сытуацыі небясьпекі (калі, напрыклад, агрэсар нейкім чынам даведаецца, дзе ад яго хаваюцца), нічога не ведалі пра такое суседзтва.
У той час, як у «Радзіславе» не хапае месца для ўсіх пацярпелых, дзяржаўныя пакоі часта пустуюць.
Вольга Гарбунова, кіраўніца недзяржаўнага крызіснага цэнтру для жанчын і дзяцей «Радзіслава» ня раз адзначала парадокс: у той час, як у «Радзіславе» не хапае месца для ўсіх пацярпелых, дзяржаўныя пакоі часта пустуюць.
Чаму так адбываецца? Чаму ўлады так шмат кажуць, але фактычнага руху няма? Акрамя прынятага ў 2014 годзе закону аб абаронных прадпісаньнях (пацярпелыя ад хатняга гвалту могуць дамагчыся таго, каб агрэсару было забаронена да іх набліжацца), так нічога больш і не зьменена. Колькі яшчэ гадоў прадстаўнікі дзяржаўных структураў будуць расказваць, што працуюць над тэкстам?
Уся гэтая «заклапочанасьць» выглядае ўжо проста зьдзекліва. Мы і самі ведаем, што агрэсары праяўляюць агрэсію, а іх родныя ад гэтага пакутуюць. Хопіць пераказваць адно і тое ж. Зрабіце ўжо нарэшце сваю працу і прыміце гэты закон!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.