Ляўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана стаў Андрэй Хадановіч за пераклад вершаў Шарля Бадлера
Прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшую перакладную кнігу была заснаваная Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Міжнародным дабрачынным фондам «Вяртаньне» ў 2016 годзе.
Першым ляўрэатам летась стаў Якуб Лапатка за пераклад зь фінскай мовы карэла-фінскага эпасу «Калевала».
У склад журы прэміі Шэрмана 2017 году ўвайшлі:
- Уладзімер Арлоў — паэт, празаік, гісторык, перакладчык;
- Ганна Бутырчык — кандыдатка філялягічных навук, загадчыца катэдры замежнай літаратуры філялягічнага факультэту БДУ;
- Галіна Дубянецкая — паэтка, перакладчыца;
- Марына Казлоўская — літаратуразнаўца, перакладчыца, кандыдатка філялягічных навук, загадчыца катэдры беларускай мовы і літаратуры ліцэя БДУ;
- Сяргей Сматрычэнка — славіст, перакладчык, рэдактар.
«У лонг-лісьце было 22 кнігі, у шорт-лісьце засталося 8. Было зламана многа дзідаў, было шмат спрэчак. Каб былі сродкі, варта было б даваць прэміі па розных жанрах: за паэзію, прозу, фантастыку, «нон-фікшн», — сказала Марына Казлоўская, сябра журы.
Шорт-ліст прэміі Карласа Шэрмана
1. Клайв Стэйплз Льюіс. Хронікі Нарніі. Пляменьнік чараўніка. Пазытыў-цэнтар, 2016, Менск. З ангельскай пераклала Надзея Кім.
2. «Рыґведа. Кола першае». Медысонт, 2016, Менск. З санскрыту пераклаў Ігар Кулікоў.
3. Генрых Гайнэ. Выбраныя вершы. Зьміцер Колас, 2016, Менск. Зь нямецкай пераклаў Ігар Крэбс.
4. Сяргей Жадан. Варашылаўград. Логвінаў, 2016, Вільня. З украінскай пераклаў Віталь Латыш (Віт Латыш).
5. Малгажата Шэйнэрт. Насыпаць горы. Логвінаў, 2016, Вільня. З польскай пераклалі Марыя Пушкіна і Алена Пятровіч.
6. Шарль Бадлер. Выбраныя вершы. Зьміцер Колас, 2016, Менск. З францускай пераклаў Андрэй Хадановіч.
7. Этгар Керэт. Сем добрых гадоў. Логвінаў, 2016, Вільня. З іўрыту і ангельскай пераклаў Сяргей Шупа.
8. Хорас Ўолпал. Замак Отранта. Мэры Шэлі. Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй. Зборнік. Кнігазбор, 2016, Менск. З ангельскай пераклалі Ганна Янкута і Марына Дзергачова.
Вядоўца імпрэзы — паліглёт, літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі — пасьля чытаньня фрагмэнтаў перакладаў падсумаваў, што ніхто не прайграў, усе — пераможцы, і ўручыў усім перакладчыкам ганаровыя дыплёмы.
А ляўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана стаў Андрэй Хадановіч — за пераклад з францускай выбраных вершаў Шарля Бадлера.
Пераможца атрымае чэк ад фонду «Вяртаньне» на суму, эквівалентную 2000 даляраў.