У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.
2 верасьня 1992 мы даведаліся, што Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету не зьбіраецца склікаць сэсію у бліжэйшыя дні, як мы, дэпутаты БНФ, гэтага патрабавалі ў адмысловай заяве, перададзенай у прэсу ў канцы жніўня. Мы прапаноўвалі Шушкевічу склікаць сэсію ўласным рашэньнем, на што ён меў права — але Шушкевіч адмовіўся. Датай пачатку сэсіі Прэзыдыюм назваў 20 кастрычніка.
Акрамя прызначэньня рэфэрэндуму Вярхоўны Савет мусіў прыняць і некаторыя іншыя неадкладныя рашэньні, у тым ліку — адносна войска. Час ішоў, а афіцэры не былі прыведзеныя да прысягі.
Разам з кіраўніцтвам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў мы вырашылі правесьці прысягу на плошчы Незалежнасьці.
Прысягу прызначылі на 8 верасьня — слаўную дату ў гісторыі нацыі, калі ў 1514 годзе ў пераможнай бітве пад Воршай войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астроскага разьбілі ўтрая большае войска маскоўцаў.
На плошчы — некалькі тысяч. Як прыгадваў пазьней Валер Костка супрацоўніку газэты «Салідарнасьць» Руслану Гарбачову, з аднаго толькі Маладэчна прыехала некалькі дзясяткаў чалавек, давялося замаўляць два аўтобусы.
На трыбуне — вэтэраны Васіль Быкаў і Артур Вольскі, а таксама Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, дэпутаты Галіна Сямдзянава і Вольга Галубовіч. Перад харугвамі выйшла група афіцэраў-актывістаў БНФ у параднай вайсковай форме — Уладзімер Барадач, Алесь Станкевіч, Мікалай Бірукоў, Леанід Балвановіч, Аляксандар Кулеш, Валер Костка, Уладзімер Савянок, Аляксандар Бобыр, Міхаіл Варанец, Кастусь Шыманец, Жорж Харахноў. Далей сталі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ — аўтар гэтых радкоў, Ігар Пырх, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Лявон Дзейка, Віктар Какоўка, Сяргей Папкоў.
Выступіў Зянон Пазьняк, а Мікола Статкевіч зачытаў тэкст прысягі: «Я, грамадзянін Беларусі, паступаючы на вайсковую службу, прысягаю на вернасьць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Калі ж я парушу прынятую мной вайсковую прысягу, то гатовы несьці адказнасьць, устаноўленую законамі Рэспублікі Беларусь».
Афіцэры на плошчы, апусьціліся на адно калена — сярод іх актывісты БНФ Генадзь Банкевіч і Ўладзімер Кармілкін. Мікола Статкевіч падышоў да нашага шэрагу, кожны з нас расьпісаўся пад прысягай. Гучаў «Палянэз» Агінскага. Потым Галіна Сямдзянава ўсіх нас пацалавала.
Падпісалі прысягу і тысячы афіцэраў і салдатаў у запасе, якія сабраліся ў той дзень на плошчы. Сьпяваў хор «Унія».
Усе афіцэры, якія стаялі ў першым шэрагу перад трыбунай, з войска былі звольненыя. Пік рэпрэсіяў супраць актывістаў БЗВ прыйшоўся на 1993 год, але ўжо тады, увосень 1992-га, прыняцьце прысягі вельмі нэрвова было ўспрынята генэралітэтам.
Ужо назаўтра Міністэрства абароны назвала прыняцьце прысягі на вернасьць Беларусі і беларускаму народу «дэстабілізуючым фактарам».
«Міністэрства абароны падвяргаецца жорсткаму прэсінгу з боку асобных радыкальна настроеных палітыкаў, апазыцыі, БЗВ — заявіў міністар абароны Павал Казлоўскі. — Штучна нагнятаецца нацыяналізм, неабгрунтаваныя абвінавачаньні прад’яўляюцца генэралам і афіцэрам у тым, што яны да гэтага часу не прынялі прысягу на вернасьць народу Рэспублікі Беларусь і г. д.» («Рэспубліка», 21 кастрычніка 1992).
Павал Казлоўскі заявіў таксама, што неабходнасьць прыняцьця прысягі «не адмаўляецца нікім», але яна «павінна прымацца не пад ціскам эмоцый, а сьвядома». Міністэрства прапанавала Вярхоўнаму Савету і ўраду правесьці прысягу ў канцы году — калі парлямэнт «прыме законы па вайсковым будаўніцтве».
Ну а калі б парлямэнт, што было зусім магчыма, ізноў адклаў гэтыя законы, як ён рабіў неаднаразова? Афіцэры больш як стотысячнага войска служылі б немаведама каму?
Дый сама фраза — прысягаць «не пад ціскам эмоцый, а сьвядома» — успрымалася вельмі дзіўна ў вуснах прафэсійнага вайскоўца, на той момант ужо генэрал-палкоўніка. Ужо адно тое, што чалавек надзеў вайсковую форму, сьведчыць пра асэнсаванасьць ягонага выбару — служыць дзяржаве. Так, ён можа адмовіцца служыць канкрэтнай дзяржаве («асэнсавана, а не пад ціскам эмоцый») — але ў гэтым выпадку ў яго павінен быць выбар толькі з двух варыянтаў: альбо зьняць форму, альбо пайсьці на службу іншай дзяржаве. Другі варыянт якраз і быў рэалізаваны ва Ўкраіне, дзе ўжо ў першыя тыдні 1992 году некалькі сотняў афіцэраў, якія адмовіліся прымаць прысягу, былі адпраўленыя ў Расею. Калі ж вайсковец не прысягае дзяржаве, але служыць у яе войску, узьнікае сумнеў, ці будзе ён гэтую дзяржаву бараніць. А таксама пытаньне: а якой дзяржаве ён служыць?
Адказ на гэтае пытаньне знайсьці было нескладана. Не прымаючы прысягу Беларусі, афіцэры заставаліся верныя ранейшай прысязе — СССР. А правапераемніцай СССР абвясьціла сябе Расея, з чым пагадзілася і міжнародная супольнасьць.
Было немагчыма ўявіць, каб генэралы ня ведалі гэтых ісьцін. Пэўна ж, ведалі. Магчыма, нехта зь іх яшчэ не ўсьвядоміў, што незалежная Беларусь — гэта ужо назаўсёды, але, мяркуючы па асабістых уражаньнях, большасьць зь іх якраз спадзявалася, што незалежнасьць гэтая часовая. Яны, як самі казалі, «былі прывязаныя да Расеі тысячамі повязяў», а беларускае для іх было «нацыяналізмам» (у сваім артыкуле міністар Казлоўскі так і не патлумачыў, што ж канкрэтна ён мае на ўвазе пад гэтым тэрмінам).
І адначасна — сотні афіцэраў, якія усьведамлялі сябе беларусамі, але служылі ў іншых рэспубліках былога СССР, безвынікова дамагаліся пераводу на Бацькаўшчыну. Наколькі гэта было цяжка, магу меркаваць па справе аднаго афіцэра па прозьвішчы Гурыновіч, бацька якога да мяне зьвярнуўся. Перапіска зь міністэрствам доўжылася некалькі месяцаў — на шчасьце, скончылася станоўча. Але ж я як дэпутат зьвяртаўся непасрэдна да міністра, і ён пэрсанальна аддаваў распараджэньні — афіцэры аднекуль з Таджыкістану або Далёкага Ўсходу такой магчымасьці былі пазбаўленыя.
Сустрэча з Гейдарам Аліевым і вяртаньне афіцэраў-беларусаў
Аднойчы ўдалося паспрыяць пераводу ў Беларусь некалькіх дзясяткаў афіцэраў-беларусаў разам зь сем'ямі. У пачатку чэрвеня разам з дэпутатам Віктарам Кучынскім Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету накіраваў мяне назіральнікам на прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджан. У тым часе там ішлі баявыя дзеяньні. Між іншым, пасьля пасяджэньня мы падышлі да міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі з пытаньнем, ці будуць у яго нейкія просьбы ці даручэньні. «Толькі адно — вярніцеся адтуль жывымі і здаровымі», — адказаў міністар. Падышлі да Шушкевіча і пачулі: «На вашым месцы я б туды не паляцеў».
Мы, аднак, паляцелі, і калі прыйшлі да віцэ-спікера парлямэнту Азэрбайджану, былога старшыні Вярхоўнага Савету (Мэджлісу) Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі Афіядзіна Джалілава (праз два гады ён быў застрэлены), папрасіліся ў Нахічэвань У аэрапорце, акрамя афіцыйных асобаў, нас сустракаў камандзір 75-ай дывізіі генэрал Расьціслаў Слабашэвіч — як выявілася, беларус.
Яшчэ ў аэрапорце мы ўбачылі два «барты» — «Іл» і «Ан», якія, як нам патлумачылі, былі дадзеныя прэзыдэнтам Украіны Краўчуком і міністрам абароны дэпутату Вярхоўнай Рады Ўкраіны для вывазу ва Ўкраіну афіцэраў-украінцаў. Кантраст паміж стаўленьнем да сваіх суайчыньнікаў кіраўніцтваў Украіны і Беларусі быў красамоўным.
Выглядала, генэрал Слабашэвіч наіўна меркаваў, што і мы з Кучынскім як дэпутаты Вярхоўнага Савету маем такія самыя магчымасьці, як нашая ўкраінская калега — толькі пакуль што прыляцелі без уласных «бартоў»...
Слабашэвіч адразу з аэрапорту прывёз нас у штаб дывізіі, завёў у свой кабінэт, і сказаў, што ня выпусьціць, пакуль мы не дамовімся з Шушкевічам або Кебічам наконт пераезду ў Беларусь афіцэраў-беларусаў: «Тэлефон ВЧ у вашым распараджэньні». Ні Шушкевіча, ні Кебіча на месцы не было — але я дазваніўся да Шаладонава.
На гэтым наш «арышт» ня скончыўся. Слабашэвіч пазваніў старшыні Вярхоўнага Савету Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі Гейдару Аліеву ў Турэччыну, дзе той знаходзіўся на лячэньні, і паведаміў, што ў яго цяпер два дэпутаты зь Беларусі: «Гейдар Аліевіч папрасіў, каб вы яго дачакаліся — ён вяртаецца празь некалькі дзён».
Пасялілі нас у былым гасьцявым доме абкаму (тым самым, дзе потым нейкі час жыў зрынуты прэзыдэнт Эльчыбэй). Была ў мяне і сустрэча зь мясцовымі актывістамі Народнага Фронту — у двары нейкага дома сабралася сотня, можа і болей, мужчын і жанчын, палова — з аўтаматамі Калашнікава. Ім было незразумела, навошта мы дамагаемся зьмены Вярхоўнага Савету і ўраду — у нас жа, дзякуй Алаху, мір і ніхто не адарваў кавалак тэрыторыі, а рэформы — справа часу.
Выбары былі рутыннай працэдурай, а вось сустрэча з Гейдарам Аліевым зрабіла моцнае ўражаньне. Аліеў прыняў нас у кабінэце старшыні Вярхоўнага Савету ў сьціплым тыповым для былога Савецкага Саюзу будынку які нагадваў райвыканкам дзе-небудзь у Паставах ці Бешанковічах.
Наша сустрэча ад пачатку і да канца здымалася на відэа. Гутарылі мы хвілінаў сорак. Аліеў казаў пра праблемы Азэрбайджану, нагадваў, што ніводная з рэспублік былога СССР не знаходзіцца ў такім цяжкім стане, як Азэрбайджан — бо толькі Азэрбайджан страціў частку сваёй тэрыторыі і ўжо чатыры гады ваюе. Аліеў прыгадваў Машэрава, казаў пра свае добрыя адносіны да Беларусі, а таксама — што ён сьціплы чалавек, стомлены ад палітыкі, яму б хацелася займацца ўнукамі, але народ паклікаў яго на радзіму. І ён прыехаў, жыве ў сьціплай кватэры разам зь сям’ёй сястры. Пра нейкія прэзыдэнцкія амбіцыі гаворкі не было. Але ў Аліеве я адчуў вельмі моцную волю і, павінен прызнаць, не абы-які інтэлект. Мяркую, гэта было, як гаворыцца, ад прыроды, а не напрацаванае ў якасьці генэрала КДБ і члена Палітбюро. Але і шматгадовы досьвед палітыка (які, як я чуў раней, вылучаўся у брэжнеўскім кіраўніцтве) быў відавочны. Я зразумеў, што гэты чалавек зусім не абмяжуецца цацканьнем з унукамі. Таму калі ў хуткім часе Аліеў зрабіўся прэзыдэнтам Азэрбайджану, мяне гэта не зьдзівіла.
Па вяртаньні ў Менск я выступіў у праграме «Ніка» Беларускага тэлебачаньня, расказаў пра сытуацыю ў Азэрбайджане. Паказаў і відэасюжэт пра беларускіх афіцэраў, які мы зьнялі ў Нахічэвані. Празь нейкі час тыя зь іх, хто выказаў жаданьне перавесьціся ў Беларусь, атрымалі такую магчымасьць.
Вярнуўся ў Беларусь і генэрал Расьціслаў Слабашэвіч, ужо пры Лукашэнку ён быў прызначаны намесьнікам камандуючага ўнутраных войскаў. Ня ведаю, ці даваў ён загады на разгоны масавых акцыяў апазыцыянэраў, сярод якіх былі і актывісты БНФ і БЗВ, што ў свой час дамагаліся вяртаньня афіцэраў-беларусаў на Бацькаўшчыну.
Вярхоўны Савет парушае ўласны закон
… Праз тры дні пасьля прыняцьця прысягі на плошчы Незалежнасьці адбылася канфэрэнцыя Ініцыятыўнай групы ўсебеларускага рэфэрэндуму. Была прынятая рэзалюцыя, у якой адзначалася, што «Вярхоўны Савет, які згодна з Законам павінен прызначыць дату рэфэрэндуму, ухіліўся ад сваіх абавязкаў. Дзеля гэтага ён спыніў вясновую сэсію і амаль паўгода ўвогуле не працуе». Тым самым найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Беларусі груба парушыў прынятыя ім самім законы і правы чалавека».
Важным было тое, што на двары быў верасень, а ў фармулёўцы вынесенага на рэфэрэндум пытаньня гаварылася пра выбары ўвосень. Нават калі б рэфэрэндум адбыўся ў дзень канфэрэнцыі — з улікам усіх працэдураў правесьці выбары да канца лістапада было б вельмі праблематычна. Члены Ініцыятыўнай групы канстатавалі, што «сваёй наўмыснай бязьдзейнасьцю Вярхоўны Савет зрабіў немагчымым выбары ў вызначаны тэрмін і парушыў тым самым агульнапрызнаныя ў цывілізаваным сьвеце і гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі правы грамадзянаў на ўдзел у кіраваньні дзяржавай»
Члены Ініцыятыўнай групы заявілі таксама, што ўхіленьне ад прызначэньня даты рэфэрэндуму ёсьць захаваньне ўлады незаконным шляхам. У гэтых умовах народ Беларусі мае права самастойна вырашаць свой лёс дэмакратычным спосабам без удзелу страціўшага легітымнасьць Вярхоўнага Савету».