Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацюшка са свастыкай» папрасіў Лукашэнку аб памілаваньні


Канстанцін Бурыкін, ліпень 2017
Канстанцін Бурыкін, ліпень 2017

Праваслаўны сьвятар Канстанцін Бурыкін, асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі за незаконнае валоданьне зброяй, зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні, паведамляе БелаПАН.

Канстанцін Бурыкін піша пра ціск на яго з боку супрацоўнікаў калёніі, дзе адбывае пакараньне, і просіць кіраўніка дзяржавы зьвярнуць увагу на сытуацыю. У звароце да Лукашэнкі Бурыкін тлумачыць, што на працягу 2001–2004 гадоў супрацоўнічаў з праваслаўнымі з таварыства «Расейскае нацыянальнае адзінства» (РНЕ) па дабраслаўленьні кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта. Паводле Бурыкіна, ён падзяляў асобныя ідэі РНЕ, але спыніў супрацу, калі ўлады абвясьцілі арганізацыю экстрэмісцкай.

Віну прызнаў, але прасіў не пазбаўляць волі

Бурыкіна арыштавалі летась у лістападзе. Тады сьвятара часова адлучылі ад прыходу. На судзе віну ў захоўваньні зброі былы сьвятар прызнаў, але папрасіў суд не пазбаўляць яго волі «дзеля чацьвярых дзяцей». Свае дзеяньні Канстанцін Бурыкін патлумачыў легкадумнасьцю і сказаў, што зброю яму перадалі актывісты РНЕ, зь якімі ён падтрымліваў стасункі як сьвятар — праводзіў для іх рэлігійныя абрады.

Паводле Бурыкіна, пісталетам больш за сто гадоў, і для таго, каб страляць, яны непрыдатныя. Між тым на працэсе прыёмны сын Бурыкіна казаў, як з бацькам яны стралялі зь пісталета ў лесе.

Таксама на судзе быў дапытаны экспэрт, які праводзіў экспэртызу знойдзенай у Бурыкіна зброі і патронаў. Паводле спэцыяліста, абодва пісталеты Бурыкіна на момант экспэртызы былі непрыдатныя для стральбы, з 10 патронаў прыдатнымі былі толькі 2. Але большасьць складовых частак пісталетаў былі ў спраўным стане, іх можна было выкарыстаць паводле прызначэньня пры замене няспраўных частак, мяркуе экспэрт.

Бурыкін ня ўтойваў, што раней прытрымліваўся нэанацысцкіх поглядаў, але адмаўляў, што займаўся прапагандай экстрэмізму і фашызму. Наяўнасьць у ягоным доме кніг і кампакт-дыскаў пра нацысцкую Нямеччыну Бурыкін патлумачыў захапленьнем гісторыяй. Пра другую сэнсацыйную знаходку, жырандолю ў выглядзе свастыкі, падсудны сказаў, што для яго свастыка — рэлігійны сымбаль, а ня сымбаль Нямеччыны часоў Гітлера.

10 ліпеня Заводзкі суд Менску прызнаў былога сьвятара Канстанціна Бурыкіна вінаватым у захоўваньні зброі і патронаў да яе ды асудзіў на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG