Яна была акуратная, Маня Падалянчыкава. Працавала ў калгасе. Праца цяжкая, брудная. Прыбяжыць летам на абед. Вадзічкай, на сонцы нагрэтаю, памыецца, сподняе прапалошча. Пакуль уходзіцца, усё высахне. Сьвежае апране і на працу. Цікаўная суседка пытаецца:
Што ты кожны дзень мыесься? Памыла б валасы раз у тыдзень, да паловы.
Маня ў адказ:
Дурніца ты! Ня ведаеш, якую палову кабеце штодня мыць трэба.
Дзеля чаго згадала? Гляджу на фасады адноўленых дамоў. Прыгожа. Але заходзіш у пад’езд і жахаесься. Рамантаваны паўстагодзьдзя таму. Брудна, неахайна.
Да паловы прыбраныя нашы дамы. Каб вока ня муляла, каб тыя, што прыедуць, сказалі:
Якія чыстыя ў вас гарады!..
Альжбета Кеда
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org