Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 9 лістапада ратыфікавалі пагадненьне паміж Беларусьсю і Кітаем аб разьвіцьці міжнародных грузаперавозак і супрацы ў будаўніцтве Эканамічнага поясу Шаўковага шляху.
Міністар транспарту і камунікацыяў Анатоль Сівак, які прэзэнтаваў дакумэнт дэпутатам, сказаў, што новы праект дасьць магчымасьць больш эфэктыўна выкарыстоўваць айчынную транспартную інфраструктуру.
«Рэалізацыя гэтага праекту дазволіць зьнізіць транзытныя выдаткі і павысіць загружанасьць беларускіх кампаніяў», — сказаў Сівак. І дадаў, што гэта таксама дазволіць паскорыць перасоўваньне грузаў праз мытныя межы і стварыць дадатковыя ўмовы для перамяшчэньня транзытных грузавых кантэйнэрных цягнікоў.
Сёлета за 10 месяцаў беларускай чыгункай прайшло больш за 170 тысяч грузавых кантэйнэраў з Кітаю. Новае пагадненьне, як спадзяюцца ў Менску, дазволіць павялічыць аб’ём грузаў. Аднак нязначна.
Хуткую чыгунку не будуюць
Кардынальны рост грузапатоку магчымы толькі з пабудоваю новае хуткае чыгункі. А тут, як распавёў Анатоль Сівак, сытуацыя дагэтуль няпэўная.
Яшчэ ў 2010 годзе ў Пэкіне падпісалі мэмарандум аб яе будаўніцтве. Праект прадугледжвае хуткую даставу грузаў з Кітаю праз Казахстан, Расею і Беларусь у эўрапейскія краіны, найперш Польшчу і Нямеччыну.
«Беларускі бок пакуль ня будзе ўдзельнічаць у будаўніцтве. Гэта ўсё ж бізнэс. Ёсьць пэўныя цікавыя лічбы для Беларусі. Але пакуль наша эканоміка ў гэты бок не складаецца. Сёньня мы новую чыгунку не будуем», — патлумачыў міністар транспарту і камунікацыяў.
Экспэрты заяўляюць, што толькі адзін кілямэтар новай чыгункі будзе каштаваць ад 14 да 20 мільёнаў даляраў. Да таго ж з боку Варшавы і Бэрліну ёсьць толькі агульная зацікаўленасьць у праекце. Аднак канкрэтных дзеяньняў гэтых краінаў пакуль няма.