Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё часьцей замаўляюць маладым», — браты, што вырабілі помнікі сваякам Быкава, расказалі, якія надмагільлі выбіраюць беларусы


Браты Андрэй і Іван Бакіноўскія каля гатовых помнікаў Быкавым
Браты Андрэй і Іван Бакіноўскія каля гатовых помнікаў Быкавым

Прыватнае прадпрыемства «​Гранітны сьвет» і яго ўладальнікі браты Бакіноўскія з Заслаўя атрымалі шырокую вядомасьць, калі адгукнуліся на грамадзкую ініцыятыву талакой усталяваць помнікі на магілах бацькоў і сястры Васіля Быкава. Помнікі з надпісамі па-беларуску Іван і Андрэй Бакіноўскія вырабілі і ўсталявалі коштам свайго прадпрыемства. Гэта не адзіны выпадак дабрачыннасьці буйной кампаніі.

Вырабіць помнікі Быкавым было справай гонару

«Брат прачытаў у інтэрнэце, перапытаў мяне — натуральна, я пагадзіўся без абмеркаваньня, — коратка і сьціпла кажа Андрэй Бакіноўскі пра ўчынак кампаніі. — А мастак, які рабіў подпісы, нават адмовіўся ад заробку за гэтую працу. Гэта была справа гонару — вырабіць помнікі родным такога вялікага чалавека, каб памяць пра іх жыла і надалей».

Працоўныя будні ў дырэктара — гэта яшчэ і праца на вытворчасьці
Працоўныя будні ў дырэктара — гэта яшчэ і праца на вытворчасьці

Спадар Андрэй узгадвае пазьнейшыя цікавыя выпадкі, зьвязаныя з гэтай ініцыятывай.

«Аднойчы прыходзіць чалавек, дае 10 рублёў, дзякуе і кажа: „Ня маю болей, але вазьміце хоць гэта, каб неяк кампэнсаваць вашы страты“, — усьміхаецца бізнэсовец. — Або прыходзіць ранкам чалавек, кажа: я не багаты, сьпяшаюся на працу, але вось заскочыў, каб падзякаваць вам. Паціснуў руку і паімчаўся далей».

Дырэктар адзначае, што пасьля таго, як кампанія вырабіла помнікі Быкавым, паболела замоваў на помнікі зь беларускамоўнымі надпісамі.

У двары прадпрыемства — каля тысячы ўзораў помнікаў
У двары прадпрыемства — каля тысячы ўзораў помнікаў

«Канечне, гэта прыемна, але мы ня дзеля падзякаў ці вядомасьці гэта рабілі, — кажа Андрэй Бакіноўскі. — Да прыкладу, быў такі выпадак: неяк прачытаў у інтэрнэце пра бабулю, якая засталася з малым унукам, бо яе дачку забілі. І вось гэтая жанчына ня мела сродкаў ня тое што на помнік, а на ўтрыманьне дзіцяці. Мы таксама зьвязаліся з гэтай сям’ёй і таксама бясплатна вырабілі помнік той дзяўчыне».

Помнікі патрэбныя ў розных выпадках жыцьця
Помнікі патрэбныя ў розных выпадках жыцьця

Неўзабаве высьвятляецца, што бацька і пачынальнік помнікавага бізнэсу — Генадзь Бакіноўскі — па-беларуску пісаў вершы. Адзін з такіх вершаў браты зьмясьцілі на бацькавым помніку.

«Магчыма, і гэта сталася адной з прычынаў пашаны да роднай мовы», — пагаджаецца спадар Андрэй.

Андрэй Бакіноўскі каля помніка бацьку Генадзю Бакіноўскаму
Андрэй Бакіноўскі каля помніка бацьку Генадзю Бакіноўскаму

Найбольш замаўляюць на Дзяды і Радаўніцу

У двары «Гранітнага сьвету» — каля тысячы помнікаў: розных памераў, колераў, формаў, з выявамі сьвятых і эпітафіямі. Прадпрыемства прапануе зрабіць замову паводле ўласнага густу і сродкаў, дэманструючы варыянты наяве.

«Вось гэта нарвэскі граніт „Блюпэрл“ — мае вельмі прыгожую барвовую афарбоўку і вядомы ва ўсім сьвеце. Але для нас гэта вельмі дарагі камень — у Нарвэгіі толькі сыравіна каштуе дзьве тысячы эўра за кубічны мэтар, — кажа Бакіноўскі. — Вось гэта граніт фінскі — „Балморал“ і „Кругрэй“ — з чырвоным адценьнем і больш „дэмакратычны“ ў коштах, выкарыстоўваюцца яны нашмат часьцей. А найбольш мы працуем з карэльскім гранітам — „Гранатавы амфібаліт“ і „Суспенсары“, таксама „Шаханскі парфір“ — вельмі цьвёрды камень».

На мясцовых могілках — шмат работ «Гранітнага сьвету»
На мясцовых могілках — шмат работ «Гранітнага сьвету»

Пра кожны ўзор каменю гаспадар можа распавесьці гісторыю:

«Вось з такога кварцыту выраблялі саркафаг для Напалеона, і на такім жа напісана „Ленін“ на маўзалеі. Нашыя ж спажыўцы найбольш замаўляюць „Габрыдыябас“ — цьвёрды, чорны зь сівізной камень — так склалася традыцыя, што перавага аддаецца цёмным колерам».

Гранітны валун расьпілуюць на некалькі помнікаў
Гранітны валун расьпілуюць на некалькі помнікаў

Што да граніту зь Мікашэвічаў, то ён ня толькі шэра-мышынага колеру, але і вельмі крохкі, таму ідзе толькі на шчэбень.

«Калі чалавек мае вельмі абмежаваныя сродкі, то мы прапаноўваем помнікі з гранітнага шчэбеню і цэмэнту. Натуральна, што гэта найменш трывалы варыянт — помнік разьлічаны на 25 гадоў. Але замаўляюць і такія».

Помнікі бываюць сьціплыя, але па-беларуску
Помнікі бываюць сьціплыя, але па-беларуску

Яшчэ адзін з этапаў — праца мастака і тэкставіка. Празь ягоныя рукі праходзяць гравіроўкі, шрыфты, эпітафіі і партрэты. Супрацоўнік Аляксандар Бакіноўскі расказвае, што цяпер найчасьцей замаўляюць беларусы:

Выявы сьвятых — праца рук мастакоў на завяршальным этапе
Выявы сьвятых — праца рук мастакоў на завяршальным этапе

«Тэксты аздабляем срэбрам альбо „пад золата“. А замест гравіроўкі партрэта на помніку цяпер усё часьцей замаўляюць фатаздымак унутры помніка і за шклом. Выходзіць прыгожа і максымальна блізка да аблічча памерлага чалавека, што асабліва цешыць ягоных сваякоў», — кажа ён.

Праца тэкставіка далікатная і адказная
Праца тэкставіка далікатная і адказная

«Увосень да Дзядоў замаўляюць найбольш помнікаў, а ўвесну — да Радаўніцы. Гэта ўжо традыцыя», — працягвае дырэктар. Патрэба ж эканоміць адбілася і на мэмарыяльных звычках. Паводле бізнэсоўца, кошт стандартнага помніка — ад 260 рублёў і вышэй.

Перад тым як надпісваць, помнік адшліфуюць
Перад тым як надпісваць, помнік адшліфуюць

«Апошнімі гадамі помнікі неяк „скурчыліся“, — кажа ён. — Калі раней помнік у 5 сантымэтраў лічыўся неверагодна тонкім, то сёньня гэта ўжо стандартны памер. Натуральна, што людзі гэта робяць з прычыны эканоміі. А зь іншага боку — усё часьцей замаўляюць добраўпарадкаваньне пахаваньня, дэкаратыўныя агароджы з кованкі — гэта вельмі прыгожа».

Гранітныя валуны — па некалькі тонаў кожны
Гранітныя валуны — па некалькі тонаў кожны

Але празьмернай эканоміі бізнэсоўцы раяць пазьбягаць — можа абысьціся даражэй. «Перадусім раю не замаўляць помнікі ў розных гаражах і падсобках, або „на каленях“ у прадстаўнікоў „фірмаў“, якія прыходзяць проста на могілкі. Яны прывабліваюць меншымі коштамі, але за гэтым схаваныя небясьпекі і рызыкі. Калі пазьней давядзецца выпраўляць дэфэкты, то такіх „бізнэсоўцаў“ можна і не знайсьці».

Апошнімі гадамі пахаваньні значна «памаладзелі»
Апошнімі гадамі пахаваньні значна «памаладзелі»

А яшчэ: «Вельмі мала замаўляюць доўгажыхарам. А ўсё часьцей — маладым людзям. Вось, да прыкладу, на гэтым участку, дзе мы цяпер стаім, пераважна пазначана — 1965, 1975, 1985 гадоў нараджэньня. І толькі адна жанчына доўгажыхар — 1924 году...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG