Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлерадыёкампанія адмовілася паказваць экранізацыю Быкава пра расстрэлы ў Курапатах празь «нямэтазгоднасьць»


Рэжысэр Аляксей Туровіч
Рэжысэр Аляксей Туровіч

Беларускі рэжысэр Аляксей Туровіч, які экранізаваў вядомы твор Васіля Быкава «Жоўты пясочак» пра масавыя расстрэлы ў Курапатах, будзе патрабаваць паказаць фільм па дзяржаўным тэлебачаньні.

«Гісторыя праблемаў зь фільмам пачалася яшчэ ў той момант, калі ішла гаворка пра пракат ў менскіх кінатэатрах, — распавядае Туровіч. — Амаль ніхто не пажадаў даваць „Жоўтаму пясочку“ час на экране. Толькі крыху пазьней усё-такі пашчасьціла дамовіцца з дырэктарам „Масквы“ на два сэансы. І на прэм’еру прыйшло даволі шмат людзей — каля 700–750 чалавек».

Далей жа рэжысэру атрымалася дамовіцца толькі на некалькі паказаў у Берасьці, Гомелі, Бабруйску і Слуцку. Нягледзячы на важную для беларусаў тэму савецкіх рэпрэсый, у рэгіёнах вялікая колькасьць гледачоў была толькі ў Бабруйску. Зараз у плянах Туровіча спроба «звазіць» стужку ў Расею і Ўкраіну. Думкі ёсьць і наконт таго, каб афіцыйна выкласьці фільм на YouTube, каб кожны мог паглядзець яго самастойна.

«Тэма, якая ўздымаецца ў фільме, сапраўды важная для кожнага беларуса, — дадаў рэжысэр. — За апошнія 60 гадоў у Беларусі, акрамя дакумэнтальнай „Дарогі сьмерці“ Пазьняка, не было аніводнага фільму пра сталінскі тэрор і Курапаты. Я сам асабіста рабіў усё дзеля гэтага — нават зьняты ён цалкам на ўласныя сродкі, а за гэтыя грошы, на хвіліначку, можна было б набыць двухпакаёўку ў Менску».

Сам Аляксей Туровіч выконваў ня толькі ролю рэжысэра, а яшчэ і прадусэра, і сцэнарыста, і нават актора. Былі атрыманы ўсе неабходныя дазволы і нават афіцыйная згода жонкі Вастля Быкава на экранізацыю твору.

Дзеля таго, каб як мага больш беларусаў даведаліся пра сваю гісторыю і «чырвоны тэрор», рэжысэр вырашыў паказаць фільм па тэлебачаньні і зьвярнуўся да Генадзя Давыдзькі, кіраўніка дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі. Прапанова была ў тым, каб паказаць фільм праз адзін з тэлеканалаў.

Афіцыйная адмова прыйшла з подпісамі 19 кіраўнікоў
Афіцыйная адмова прыйшла з подпісамі 19 кіраўнікоў

«​"Тое, што прыйшло мне ў адказ, вельмі зьдзівіла. І непрыемна, — узгадаў Туровіч. — Прыйшла адмова, у якой стаяла 19 подпісаў чальцоў афіцыйнай ацэначнай камісіі. Пазьней я зноўку зьвярнуўся з афіцыйным зваротам, каб мне растлумачылі прычыну адмовы і чаму ўсе прагаласавалі аднолькава. Высьветлілася, што фільм ня пусьцяць у эфір з-за таго, што ён не прадстаўляе вялікага інтарэсу для шырокага кола гледачоў. Як жа так? Усялякая расейская і амэрыканская лухта і прапаганда цікава, а Быкаў беларусам не цікавы? Ніколі не паверу ў гэта!»

Трэба адзначыць, што нават галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч напісаў станоўчы матэрыял пра стужку, таму рэжысэр зьвярнуўся па дапамогу і да яго. Аднак атрымаў афіцыйны адказ з фармулёўкай: «Рэдакцыя ня мае рычагоў уплыву на камісію Белтэлерадыёкампаніі».

Менавіта таму сёньня рэжысэр зрабіў афіцыйную заяву аб тым, што да Аляксандра Лукашэнкі будзе накіраваны зварот з подпісамі людзей за тое, каб ня толькі паказаць фільм па тэлебачаньні, але і адправіць у адстаўку Давыдзьку. Тэкст пэтыцыі-звароту падводзіцца вось такімі словамі кінамастака:

«Я быў гатовы пачуць крытыку майго фільму, майго рэжысэрскага бачаньня, магчыма, крытыку расейскай мовы фільму, але чуць пра „незапатрабаванасьць у гледачоў і нямэтазгоднасьць“ — гэта абраза Васіля Быкава і гістарычнай памяці беларускага народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG