У Салігорскім раённым судзе пачаўся выязны працэс Менскага абласнога суду па справе экс-старшыні райвыканкаму Аляксандра Рымашэўскага. Яго вінавацяць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў вялікім памеры. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
Экс-вэртыкальшчыка арыштавалі сёлета 30 траўня на шашы непадалёк ад Салігорску. Хабар яму нібыта перадаў падчас асабістай сустрэчы прадстаўнік фірмы «Белрасаграсэрвіс» Уладзімер Міхалюк за арганізацыю пагашэньня запазычанасьці гаспадарак раёну перад гэтай фірмай. Паводле сьледзтва, Аляксандар Рымашэўскі атрымліваў хабар чатыры разы — тройчы ў 2016 годзе і адзін раз у 2017. Сумы хабару былі розныя: 4000, 5800, 4400, 2700 даляраў. Усяго, паводле сьледзтва, былы старшыня атрымаў 16 900 даляраў ЗША.
«Віны не прызнаю»
«Ніякага хабару я ня браў, віны не прызнаю», — заявіў Аляксандар Рымашэўскі на пачатку працэсу.
Далей Рымашэўскаму прапанавалі даць паказаньні, але ён адмовіўся. «Дам паказаньні пасьля допыту сьведак», — сказаў падсудны. Абаронца Рымашэўскага, вядомы менскі адвакат Дзьмітры Гарачка заявіў хадайніцтва аб допыце яшчэ некалькіх сьведак акрамя тых, каго выклікала пракуратура. Суд задаволіў хадайніцтва часткова і пастанавіў спачатку зачытаць паказаньні былога старшыні, якія ён даваў адразу пасьля свайго затрыманьня 30 траўня.
На першых двух допытах Аляксандар Рымашэўскі адмовіўся размаўляць са сьледчымі, спаслаўшыся на дрэнны стан здароўя. Але ўжо 4 чэрвеня напісаў чыстасардэчнае прызнаньне, што 30 траўня атрымаў ад Міхалюка канвэрт з 2700 далярамі. «Гатовы вярнуць усю суму хабару, адпрацаваць дзе заўгодна, адкупіць віну», — напісаў тады Рымашэўскі.
Аднак 9 чэрвеня, пасьля выстаўленьня яму абвінавачаньня ў хабарніцтве, Рымашэўскі часткова зьмяніў гэтыя паказаньні. Цяпер ён ужо сьцьвярджаў, што ня ведаў, колькі грошай было ў канвэрце, які атрымаў ад Міхалюка, і пра хабар папярэдне яны не дамаўляліся. Маўляў, толькі пазьней ён адкрыў канвэрт і ўбачыў, што там 2700 даляраў.
На наступным допыце Рымашэўскі зноў зьмяніў паказаньні. Цяпер экс-чыноўнік казаў, што грошы ўвогуле былі не для яго, а для частковага пакрыцьця даўгоў гаспадарак перад Салігорскім філіялам Слуцкага сыраробнага камбінату.
Але адкуль у справе ўзяўся гэты філіял?
Паводле паказаньняў Рымашэўскага на сьледзтве, Салігорскаму філіялу Слуцкага сыраробнага камбінату перайшлі некаторыя даўгі гаспадарак раёну перад «Белрасаграсэрвісам».
Схему выплаты даўгоў падсудны апісаў гэтак:
«У гаспадарак раёну заўсёды не хапала грошай, каб разьлічвацца зь „Белрасаграсэрвісам“ за пастаўкі насеньня, тэхнікі і сродкаў абароны расьлін. Запазычанасьць павялічвалася. Таму прыдумалі схему, паводле якой за іх зможа разьлічвацца Салігорскі філіял Слуцкага сыраробнага камбінату, у якога на складах заўсёды былі прадукты, а даўгі гаспадарак мусяць перайсьці гэтаму філіялу паводле адпаведных дамоў».
Рымашэўскі, паводле ягоных паказаньняў, рэгулярна праводзіў у райвыканкаме нарады, асабіста курыраваў перазаключэньне дамоў аб пераводзе даўгоў і гэтак спрыяў вырашэньню праблемы запазычанасьці гаспадарак.
Грошы паклаў Рымашэўскаму ў стол
Пасьля зачытваньня паказаньняў Аляксандра Рымашэўскага суд перайшоў да допыту сьведак. Першым даў паказаньні ключавы сьведка Ўладзімер Міхалюк, які, паводле сьледзтва, даваў хабар Рымашэўскаму.
Міхалюк — загадчык аддзелу паставак тавараў і паслуг «Белрасаграсэрвісу» па Менскай вобласьці. Ён сказаў суду, што сам вырашыў перадаць грошы Аляксандру Рымашэўскаму на знак падзякі, бо той шмат рабіў для вяртаньня даўгоў гаспадаркамі раёну.
Пра першы хабар у красавіку-траўні 2016 году ён згадаў:
«Гэта былі мае асабістыя грошы, якія я назьбіраў з заробку і прэміі (заробак у загадчыка аддзелу быў да 2 тысяч даляраў. — А.Г). Вырашыў аддзячыць за тое, што цягам чатырох месяцаў пайшлі зрухі, даўгі нам сталі аддаваць. Пасьля нарады я паклаў канвэрт з грашыма ў шуфляду ягонага стала. Падзякаваў і сышоў. Мне было сорамна, бо я разумеў, што раблю, гэта са мной было ўпершыню». На пытаньне суду, ці разумеў Рымашэўскі, што яму перадалі хабар, Міхалюк сказаў, што ня ведае.
Акалічнасьцяў перадачы другога хабару — у жніўні 2016 году — Міхалюк ня памятае.
«Як перадаваў 5800 даляраў, ужо ня памятаю. У рукі дакладна не перадаваў. Магчыма, у падсобцы».
Яшчэ цікавая падрабязнасьць з вуснаў меркаванага хабарадаўцы. Першы хабар ён вырашыў даць Рымашэўскаму са сваёй ініцыятывы, а вось другім разам, у жніўні, далажыў кіраўніцтву фірмы і папрасіў на хабар грошай.
Паказаньні Ўладзімера Міхалюка пралілі некаторае сьвятло на стан рэчаў у сельскай гаспадарцы. Паводле загадчыка аддзелу паставак «Белрасаграсэрвісу» па Менскай вобласьці, у 2015 годзе сытуацыя з разьлікамі за пастаўкі рэзка пагоршылася:
«Грошай у гаспадарак ня стала. І ня толькі ў Салігорскім раёне, але і ў Капыльскім, Слуцкім, у іншых. У выніку мы бралі за даўгі ня толькі грошы, але і рапс, бычкоў, зерне, цукар. І цяпер сытуацыя ня лепшая. Дагэтуль за 40% паставак грошы не атрыманыя».
Паводле пракурора Юрыя Шарсьнёва, у справе каля 20 тамоў, працэс над Рымашэўскім можа прадоўжыцца больш за 2 тыдні.
Абаронца экс-вэртыкальшчыка Дзьмітры Гарачка ад камэнтароў адмаўляецца, адно што просіць журналістаў прысутнічаць на агалошваньні матэрыялаў аб затрыманьні ягонага падабароннага. Нібыта стане зразумела, што затрыманьне Рымашэўскага было незаконным.
Дочкі Аляксандра Рымашэўскага, якія прыйшлі на працэс, таксама абяцаюць, што на судзе будуць прадстаўленыя доказы бацькавай невінаватасьці: «Мы яму верым, ён ні ў чым не вінаваты».
Аляксандар Рымашэўскі працаваў старшынём Салігорскага райвыканкаму з 2006 году, а да таго працаваў намесьнікам старшыні Слуцкага райвыканкаму. У 1998 годзе на Рымашэўскага, калі ён працаваў дырэктарам саўгасу імя Суворава, заводзілі крымінальную справу аб службовым злоўжываньні, якую перадалі ў таварыскі суд, а потым закрылі.