«Калі вы ніколі ня чулі пра ягонае існаваньне, то не сьпяшайцеся з высновамі», — яшчэ ў траўні пісаў пра менскі канцэрт ЛСП Onliner. Але з таго часу ўсё памянялася.
Назва ЛСП спачатку была асабістым нікам музыкі Алега Саўчанкі, які сьпявае зь 2007 году. У 2012-м да яго далучаецца магілёўскі прадусар Рома Англічанін, і ЛСП ператвараецца ў дуэт, які імкліва набірае фанатаў на ўсход ад мяжы з Эўразьвязам. 30 ліпеня 2017 года Рома Англічанін загінуў.
Пётра Клюеў разам з музыкам Den Hawk далучаецца да гурту ў жніўні 2017-га і кажа, што гэта была «сяброўская падтрымка». «Я быў знаёмы з Раманам. Так атрымалася, такі лёс. Цяпер я цалкам аддаю сябе гурту», — тлумачыць ён, як яму фактычна на месцы Ромы.
«Яшчэ нядаўна гурт ЛСП зьбіраў менш за тысячу чалавек на невялікіх пляцоўках у Маскве і Пецярбурзе. З тых часоў мы падалі, уздымаліся, мянялі вобразы, гучаньне і саму канцэпцыю праекту. На асеньнія канцэрты ў сталіцах ужо прададзеныя ЎСЕ квіткі, і мы адчуваем у сабе сілы замахнуцца на самыя вялікія канцэртныя пляцоўкі Расеі», — пішуць ЛСП на сваёй старонцы «УКантакце».
І гэта праўда. У «Монетки», запісанай яшчэ разам з Англічанінам, 18 мільёнаў праглядаў на youtube. Кліп «Тело», зьняты ў гонар Ромы, набірае за два дні 3,5 мільёна праглядаў. ЛСП аб’яжджае з канцэртам расейскія гарады, іх запрашаюць на шоў «Вечерний Ургант», а Пётра Клюеў кажа, што ня хоча рэагаваць на крытыку беларускай інтэлігенцыі ў свой бок.
У Менску ён на два дні паміж канцэртамі. Мы гутарым, пакуль ягоная шасьцігадовая дачка глядзіць у «Арт-сядзібе» «Маленькага прынца».
— Адкуль у Беларусі ўзялася глеба для хіп-хопу? Як ён стаў такім папулярным?
— Ён рэзануе. Бывае, што чалавек піша сваё асабістае, і гэта не рэзануе. А Алег (ЛСП) умее гэта пераказаць так, што яно кранае мільёны людзей, і прыгожа, з рыфмамі, паэтычна выканаць. Трэба, каб аўтар супадаў думкамі зь меркаваньнямі тых людзей, якія жывуць цяпер. Шмат хто слухае музыку старую і гэтым натхнёны. Яму, напрыклад, 27 гадоў, ён думае, які файны Фрэдзі Мэрк’юры і піша, натхнёны музыкай, якая была актуальная тады. Часам гэта можа быць, але ў асноўным гэта перашкаджае. Трэба ачысьціць свой розум і проста з нуля пачаць працаваць. Гэта цяжка.
Хай не крыўдуюць на мяне Вольскі ды іншыя нашыя музыкі і расейскія, але гэта ўсё мінулае, пры ўсёй павазе. Рок памёр як бы, няма маладых рок-камандаў, якія могуць браць стадыёны. І месца року заняў хіп-хоп.
— Але наколькі гэты хіп-хоп беларускі?
— Гэты праект нясе мэтафары, перажываньні, хваляваньні ўсіх людзей постсавецкай прасторы, і на гэта ідзе акцэнт перш за ўсё. Страшныя хрушчоўкі, гета-раёны, усе справы, якія пасьля развалу саўка — гэта блізка чалавеку і з Уладзівастоку, і з Алматы, і з Таліну, і з Кіева. І там няма акцэнту на беларускасьці. Хоць заўсёды мы пазыцыянуем гурт ЛСП як беларускі. Заўжды падкрэсьліваем.
— Для вас гэтыя каардынаты «савецкасьці-постсавецкасьці» яшчэ актуальныя?
— Для тых, хто нарадзіўся ў канцы СССР, так, актуальна. Нашае пакаленьне здолела зрабіць рэфлексію, пераказаць рэчаіснасьць такой, каб гэта зацікавіла моладзь.
Мы выносім з насельніцтва чарнату. Мы робім сацыяльную споведзь, выносім усе праблемы — наркотыкі, алкаголь. Мы сьпяваем пра гэта і крытыкуем. Шмат хто кажа: «О, яны там мацюкаюцца». Але пакажыце мне цяпер жыцьцё без мацюкоў. Гэта адлюстраваньне рэальнасьці, якое працуе. Бо калі рабіць усё супэрфантастычнае, яно не рэзануе.
Цяпер з грамадзтвам рэзануе бруд.
— Ва Ўладзівастоку і тут тыя ж праблемы?
— І так, і не. Але СССР пакінуў пасьля сябе тыя ж праблемы. Адна зь іх — сям’я. А зь яе — выхаваньне і каштоўнасьці. Сёньня так атрымліваецца, што і для 15-гадовага падлетка ў Віцебску і 15-гадовага падлетка ва Ўладзівастоку, нашчадкаў пакаленьня з СССР, каштоўнасьці адукацыі, мовы, самавызначэньня адсутнічаюць у высокай ступені. Дык для такога падлетка праблема, што ён закахаўся ў дзяўчыну, а тая гуляе зь іншым...
Мы ў сваёй музыцы такія каштоўнасьці крытыкуем, кажам, што нешта ёсьць большае, чым проста спажываньне алькаголю і г.д.
Напрыклад, у нас ёсьць песьня «Что-то ещё». Там мы кажам, што ёсьць нешта большае.
— І што вы прапануеце ў сваіх песьнях?
— Рух наперад. Валі сваю справу, рабі, шукай, біся галавой аб сьценку. Ня трэба гніць і прыгаворваць «як жахліва, які лёс». Валі! Ідзі наперад. Вунь Макс Корж — хлапец з Лунінца, а сваёй працай дабіўся посьпеху, зьбіраючы стадыёны.
І мы заклікаем: «Рабіце сваю справу». Робіце музло — рабіце музло, робіце бізнэс — рабіце бізнэс. Ня будзьце расьлінамі, будзьце моцнымі. Усё проста.
— Раз згадалі Каржа, ня крыўдна, калі кажуць, што «ЛСП — гэта такі лірычны Макс Корж, а Корж — гэта такі брутальны ЛСП»?
— Цікава. У нас мацюкоў нашмат больш, чым у Макса Каржа.
— Дарэчы, пра мат. Мы ж усе з гэтым стэрэатыпам і маральным кодэксам пра тое, што беларускамоўныя не лаюцца матам. І ўвесь гэты час, мне здаецца, вы яму адпавядалі. Як вы цяпер з гэтым жывяце?
— Я не мацюкаюся на публіцы, але цяпер мяне нешта прарвала. Бо часам ну проста накіпела так, што без мацюкоў зусім ніяк. Выбачаюся, я сябе ў жыцьці занадта доўга стрымліваў. Часам такое бачу, што хочацца мацюкнуцца. Мяне за гэта крытыкавацьме ўся беларускамоўная інтэлігенцыя, але я не магу падманваць сябе. Буду рабіць тое, што я адчуваю сэрцам.
— Расейскія мацюкі ў гэты момант ўжываеце?
— Беларускія занадта далікатныя. Хоць гэта ж таксама не расейскія, а мангола-татарскія, якія прыйшлі ў расейскую культуру. Расейская мова дужа падыходзіць для выказваньня нэгатыўнай энэргетыкі.
— У вас быў шчыльны тур па Расеі. Якія ўражаньні ад людзей і самой краіны?
— У нас будзе яшчэ Казахстан, Украіна, Літва, Эстонія, Ізраіль і гэтак далей. Але цяпер у Расеі цікава. Мы ў асноўным за Ўралам былі, там выдатныя людзі. Вельмі шмат нашчадкаў беларусаў, украінцаў, бо туды шмат каго заслалі. Асабліва цікавы быў Уладзівасток, бо японская культура побач, і гэта рэальна не Расея.
Людзі там сапраўды добрыя. Тое, што ў тэлевізары, і тое, што ў галовах людзей, адрозьніваецца.
Цікава з моладзьдзю. Размаўляю з 18-гадовымі і адчуваю велізарны правал у адукацыі. Пытаесься: «Калі Першая ўсясьветная вайна пачалася?» — «Ы-ы-ы...» — «А Напалеон?» — «Гэта торт такі?» Узровень адукацыі сёньняшняй моладзі мяне вельмі моцна засмучае. І расейскай, і беларускай, але ў Расеі сытуацыя трошкі горшая.
Ці вось у мяне ў Новасыбірску бяруць пашпарт на рэцэпцыі ў гатэлі і пытаюцца: «А дзе ваш штамп, што вы ўехалі ў Расею?» За Ўралам думаюць, што Беларусь — гэта як Нямеччына, Швэцыя, Польшча. Мы для іх — абсалютны Захад, абсалютная Эўропа. 18-гадовыя дзеці нічога пра нас ня ведаюць і зьдзіўляюцца: «А вы што, не па-беларуску ў Беларусі гаворыце?». У іх імпэрскасьць адсутнічае.
Да Ўралу сытуацыя трошкі іншая, імпэрскасьці ў моладзі больш. Але за Ўралам — не. Цяпер разумею, чаму Мулявін адтуль...
— Часам складаецца ўражаньне, асабліва калі глядзіш на вашы жывыя выступы, што гэта...
— Оргія. Абсалютна. Тысяча моладзі ўпадае ў экстаз. Для мяне гэта містыка. Але пачуцьцё файнае, калі мы, звычайныя хлопцы зь Беларусі, можам «зьнішчыць» Краснаярск. Аж кандэнсат падае са столі. І ў гэтым нешта ёсьць. Ты верыш, што ваў, усё магчыма. Ты можаш быць хлопцам зь Бішкеку, Слоніма ці Нарвы і шмат што зрабіць. І гэта натхняе.
— А ў Беларусі ў вас не было такога адчуваньня?
— На жаль, беларусы ня здольныя дастаткова заплаціць, каб беларускія музыкі годна жылі. І нам трэба вылазіць на рынак Расеі, Украіны і іншых краін постсавецкай прасторы. Калі гэтага артыст ня зробіць, гэта будзе існаваньне. Ёсьць нейкія нашы гуру, мы іх усе ведаем, у іх кішэню лезьці не хачу, ня ведаю, ці яны толькі з гэтага жывуць. А я хачу жыць толькі з музыкі. Я не хачу займацца нічым іншым.
Цяпер у мяне прынцыповае пытаньне: я пакліканы быць музыкам, я хачу займацца музыкай і гэтым зарабляць на жыцьцё. І я хачу мець вялікія годныя грошы. Для гэтага хачу зьбіраць вялікія залі.
І зноў жа, потым я зраблю велізарны ўнёсак у беларускую культуру. Але гэта яшчэ наперадзе.
— І гэтым турам вы фінансава задаволены?
— Усё яшчэ расьце, няма «космасу», але дастаткова, каб годна жыць і разьвівацца, нешта запісваць, а не існаваць, як гэта было ў Беларусі, калі ты жывеш ад ганарару да ганарару. А ў мяне дзіця і абавязкі, трэба запісваць песьні. Большасьць нашых гуртоў, пры ўсёй павазе да іх, працуюць на фірмах, на заводах, мэнэджэрамі, а потым ідуць пісаць. Я лічу, што так далёка ня зойдзеш.
А ў нас людзі як: «А што, у Клюева канцэрт будзе? Дык я бясплатна прайду». У мяне на канцэрт у Менску прыходзіць 200 чалавек, зь іх 110 бясплатна, бо «сябры сяброў». Пяць даляраў каштуе гэты квіток, але яны не гатовыя плаціць.
Няма прарокаў у сваёй Айчыне, трэба дасягнуць посьпеху «там», потым тут будуць зьбірацца стадыёны.
— Вам ня крыўдна?
— Вядома, хочацца пакрыўдаваць. Але я чалавек адукаваны, не дурны, разумею, што homo sapiens такія істоты. Любяць толькі моцных, ніхто ня хоча любіць слабых, усе хочуць любіць пасьпяховых і багатых. У мяне цяпер шмат сяброў зьявілася. А шмат хто зь інтэлігенцыі мяне пачалі крытыкаваць. А мне гэта бяз розьніцы. Я буду рабіць сваю справу, хай кажуць, што хочуць, я ведаю, што раблю.
Я настолькі стаў чэрствы да крытыкі. Мяне раздражняюць гэтыя фэйсбучныя войны. Некаторыя кажуць, што гэта невялікі гонар — трапіць «да Урганта». Можа, і не, але ці вялікі гонар пісаць камэнты ў «Фэйсбуку»? Я раблю сваю справу, а ты рабі сваю.
— А як праходзілі здымкі?
— Мы прыехалі, зьняліся, крута ўсё. Уражаньні добрыя. Ургант прыемны чалавек, адукаваны, з гумарам, дэпалітызаваны. Было дужа прыемна, і вельмі рады былі паўдзельнічаць там. Надта цяжка трапіць на гэтую перадачу, бо туды толькі запрашаюць.
— У Менску калі будзе канцэрт?
— Будзе ўвесну, хутчэй за ўсё, пра гэта паведамім. У нас цяпер Піцер і Масква — солдаўт, увесну ўжо прадаецца Stadium у Маскве. Будзем у Кіеве, Харкаве, Дняпры. Паўсюль мы беларусы, да нас ставяцца добра.
— А ў Крым паедзеце выступаць?
— Ня думаю.
— Вы зьмяніліся за гэты час?
— Так, я пачаў рабіць іншую музыку. Раней рабіў такі больш поп, фанк, а цяпер больш эрэнбі. Гэта пашырае кола думкі. Я цяпер яшчэ больш адкрыты і менш катэгарычны. Бо цяпер я разумею, што ў катэгарычнасьці няма пэрспэктываў.
У мяне сотні непрачытаных паведамленьняў «УКантакце», але ў мяне ніякай зорнай хваробы. Мяне занадта жыцьцё пабіла, таму цяпер галоўнае — адказнасьць, праца. Няма часу на «зорныя» штукі.