Сяргей Астраўцоў запытваецца, хто загадаў шукаць хлопчыка ў пушчы, і супрацьпастаўляе сёньняшнюю ўсеагульную заклапочанасьць лёсам маленькага Максіма масавай жа абыякавасьці ў выпадках зьнікненьня людзей па палітычных матывах.
Захаранку, Завадскага, Ганчара і Красоўскага не шукалі тысячы дабраахвотнікаў, а хлопчыка шукаюць. Я ня буду з вамі спрачацца, спадар Сяргей, бо ўсё і праўда так, як вы апісалі. Але для мяне даволі відавочна, чаму яно менавіта так.
Нам вельмі хочацца верыць у ідэю справядлівага пакараньня.
Нам вельмі хочацца верыць у ідэю справядлівага пакараньня, і гэтая ідэя працуе ў два бакі: любое зло будзе пакарана; і тое кепскае, што здараецца з чалавекам — гэта пакараньне за грахі, памылкі ці штосьці яшчэ. Менавіта праз гэты падыход у Беларусі (як, зрэшты, і ў іншых краінах) так любяць абвінавачваць ахвяраў злачынстваў у тым, што гэтыя злачынствы адбываюцца. Ровары крадуць, бо тыя «кепска прывязаныя»; жанчын гвалтуюць, бо тыя «ў кароткіх спадніцах ходзяць»; палітычных дзеячаў забіваюць, бо яны «надта высоўваюцца».
Падаецца, што ёсьць вельмі просты рэцэпт таго, як не стаць забітым палітыкам: трэба ня лезьці ў палітыку. І гэта ўмоўнага сярэднестатыстычнага беларускага чалавека цалкам задавальняе. Гэтым рэцэптам вельмі проста скарыстацца, і ён не патрабуе штодзённых высілкаў. Іншая рэч — дзіця, якое пайшло на шпацыр з сябрамі і згубілася.
Просты рэцэпт, як не стаць забітым палітыкам: трэба ня лезьці ў палітыку.
Дзесяцігадовыя дзеці ў Беларусі ходзяць на шпацыр, у школу, на пазашкольныя заняткі, у краму і бібліятэку без дарослых. Для нас гэта нармальна. Так робяць амаль усе. І ў гісторыі са зьніклым Максімам тысячы дарослых па ўсёй Беларусі пазналі сябе ў ягоных бацьках. Любое дзіця можа згубіцца, і любое дзіця могуць скрасьці, утрымліваць у падвале, згвалціць і нават забіць. А ідэя справядлівага пакараньня на дзяцей нібыта не распаўсюджваецца. Ці распаўсюджваецца толькі часткова.
Амаль немагчыма рацыяналізаваць страх «маё дзіця можа згубіцца» і знайсьці чароўны спосаб, як гэтай трагедыі пазьбегнуць. Чыста гіпатэтычна некалькі варыянтаў ёсьць, канечне: зрабіць так, каб дзіця ніколі не выходзіла з кватэры ці дома; альбо дазваляць выходзіць, але толькі разам з бацькамі. Аднак гэтых правілаў практычна немагчыма прытрымлівацца ў сучасных умовах. Ды і наколькі здаровым будзе такі радыкальны падыход? Вось і атрымліваецца, што ад зьнікненьня дзіцяці бацькі ніколі не застрахаваныя (выключэньне хіба толькі тыя дзеці, якія не могуць самастойна перамяшчацца па вуліцы па стане здароўя).
Людзі ўспрымаюць клопат і эмпатыю як рэсурс, які можа хутка скончыцца.
Мне дужа падабаецца выраз «чужых дзяцей не бывае», і я мяркую, што такі падыход — неабходная ўмова для фармаваньня здаровага грамадзтва. Але часам мне здаецца, што людзі ўспрымаюць клопат і эмпатыю як рэсурс, які можа хутка скончыцца, і, значыцца, варта яго эканоміць. Так і выбудоўваюцца герархіі: дзяцей шкада больш, чым дарослых; беларускіх дзяцей — больш, чым дзяцей у Нікарагуа, «простых людзей» больш, чым палітыкаў.
Пра палітыкаў можна сказаць «яны самі абралі свой шлях», а дзесяцігадовага хлопчыка шкада ў любым выпадку. І я думаю, у гэтай гісторыі з пошукамі Максіма шмат ня толькі гуманізму, але і панічнага страху за сваіх родных.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.