Інстытут сацыялёгіі беларускай Акадэміі навук апублікаваў у матэрыялах да Кастрычніцкага эканамічнага форуму прэзэнтацыю (PDF) вынікаў дасьледаваньня «Каштоўнасныя прыярытэты розных групаў насельніцтва».
Паводле дасьледаваньня, у 2016 годзе што для гарадзкіх, што для сельскіх жыхароў Беларусі на першым месцы сярод каштоўнасьцяў — здароўе. Сьледам у сельскіх — дзеці і сям’я, у гарадзкіх у адваротным парадку — сям’я і дзеці. Таксама сярод найважнейшых каштоўнасьцяў называюцца (у парадку зьмяншэньня значнасьці) каханьне, матэрыяльна забясьпечанае жыцьцё, сяброўства, душэўны спакой.
Для гарадзкіх жыхароў у большай ступені, чым для сельскіх, важныя цікавая праца і прафэсія, адукацыя і веды, пазнаньне людзей, багацьце. Сельскія больш за гарадзкіх цэняць веру і дапамогу людзям.
Унізе прыярытэтаў беларусаў — абавязкі перад Радзімай, магчымасьць атрымаць любыя задавальненьні, улада. На самым апошнім месцы для сельскіх — грамадзкае прызнаньне і рэпутацыя, для гарадзкіх — творчасьць.
Яшчэ ў 2005 годзе на першым месцы для беларусаў была сям’я, здароўе асноўнай каштоўнасьцю называлі толькі 45,81% апытаных. У 2010-м здароўе ўжо стала галоўнай каштоўнасьцю (79,88%), а сям’ю і дзяцей назвалі галоўнай каштоўнасьцю адпаведна 64,87% і 69,89%. Здароўе цяпер важнае для любых узростаў: так, маладзейшыя ў 2000-м мелі на першым месцы матэрыяльную забясьпечанасьць, у 2005-м — сям’ю, а ў 2010-м і 2016-м ужо ставілі на першае месца здароўе.
Яе сьцьвярджае Інстытут сацыялёгіі, Беларусь паводле каштоўнасных арыентыраў трапляе ў тую ж «групу сьветапогляду», што і Расея і Ўкраіна, Славенія і Казахстан, ЗША і Паўднёвая Карэя, Тайвань і Аргентына. Але ня ў тую групу, у якой Нямеччына, Гішпанія, Аўстралія, Кітай і Эстонія, і ня ў тую, дзе Польшча, Румынія, Сынгапур, Бразылія і Мэксыка.
У цяжкі момант дапаможа сям’я, а не дзяржава
На пытаньне, што дапамагае спраўляцца з жыцьцёвымі цяжкасьцямі, самыя папулярныя адказы і ў гарадзкіх, і ў сельскіх — сям’я, жыцьцёвы досьвед, грошы, сябры і наяўнасьць належных сувязяў.
Гарадзкія часьцей за сельскіх казалі, што ім дапамагаюць маральныя якасьці, інфармаванасьць і прафэсійныя веды і ўменьні, а сельскія часьцей за гарадзкіх — што вера ў Бога, маральныя якасьці, зварот да закону. На апошніх месцах сярод крыніц дапамогі — дзяржава і ўдзел у палітычным жыцьці (абодва пункты прыкметна больш актуальныя для сельскай мясцовасьці).