Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў: Па радыкальных пытаньнях ня можа быць кампрамісаў


Не жадаючы будаваць незалежную беларускую дзяржаву, посткамуністычныя кіраўнікі спрытна ўзяліся за стварэньне ўласных фірмаў, пераводзячы ў іх дзяржаўную маёмасьць. Сёньняшнія «алігархічныя» капіталы ў значнай частцы грунтуюцца на той намэнклятурнай прыватызацыі пачатку 90-х.

У “Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе” выйшла кніга Сяргея Навумчыка “Дзевяноста другі”. Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Казаць пра разгубленасьць намэнклятуры і ўраду Кебіча можна толькі ў прымяненьні да нацыянальных інтарэсаў. Уласныя інтарэсы яны рэалізавалі імгненна.

Адкінуўшы законапраекты Апазыцыі БНФ аб разьдзяржаўленьні маёмасьці (паводле якіх маёмасьць перайшла б у рукі грамадзянаў), 23 верасьня 1991 году Савет Міністраў прыняў «Часовы парадак разьдзяржаўленьня эканомікі і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Рэспублікі Беларусь» (так сьпяшаліся, што нават стылёва пісьменную назву прыдумаць не пасьпелі). «Гэтая пастанова ёсьць ня што іншае, як спроба былой намэнклятуры расьцягнуць народнае дабро, а працоўных пакінуць ні з чым», — канстатаваў у сваёй заяве Выканкам Цэнтральнай рады Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

Сёньняшнія «алігархічныя» капіталы ў значнай частцы грунтуюцца менавіта на той намэнклятурнай прыватызацыі, якую ў народзе трапна назвалі «дзікай прыхватызацыяй».

У лістападзе дэпутаты Апазыцыі БНФ прынялі заяву, у якой адзначалі: «Ні Савет Міністраў, ні Вярхоўны Савет нягледзячы на прапановы дэпутацкай Апазыцыі БНФ не зрабілі нічога дзеля таго, каб падрыхтаваць выпуск беларускіх грошай, стварыць нацыянальную фінансава-крэдытную сыстэму, зрабіць захады, каб абараніць таварны рынак, запабегчы гіпэрінфляцыі, нястрымнаму росту цэнаў, вывазу прадуктаў і прамысловых вырабаў зь Беларусі. Доўжыліся размовы і ашуканства.

У выніку Беларусь апынулася ў хвасьце палітыкі Расеі і балтыйскіх краінаў, стала залежнай ад разбуральных працэсаў у эканоміцы гэтых рэспублік, ад падвышэньня цэнаў і эканамічнага шантажу, стала аплачваць цаной працы свайго народу балячкі чужога грамадзтва, жывіць маскоўскіх спэкулянтаў, паўднёвыя мафіі, рынак Польшчы, Латвіі і Літвы. Урад ня змог забясьпечыць насельніцтва нават па талёнах, якія выпусьціў дзеля гарантаванага разьмеркаваньня.

Апазыцыя БНФ лічыць, што неабходна як найхутчэй вызначыць сацыяльную будучыню і статус савецкага войска ў Рэспубліцы, падыходзячы да яго з пазыцыі закону і павагі правоў чалавека. Аднак намэнклятурны Вярхоўны Савет і Савет Міністраў аказаліся няздольнымі своечасова вырашыць пытаньні часовага знаходжаньня Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі, стварэньня беларускага войска, ваеннага міністэрства і тым самым паставілі Рэспубліку перад абліччам вайскова-сацыяльнага абвалу, грамадзкага канфлікту і страты Незалежнасьці...

Першым чынам павінен будзе пайсьці ў адстаўку існуючы ўрад разам з прэм’ерам В. Кебічам. Трэба стварыць новы ўрад народнага даверу. Народ можа атрымаць магчымасьць прымяніць ціск на Вярхоўны Савет, патрабуючы неадкладнага прыняцьця новага дэмакратычнага закону аб выбарах, які даўно ўжо падрыхтаваны Апазыцыяй БНФ, і прызначэньня нечарговых выбараў у прафэсійны беларускі парлямэнт.

Калі ж ізноў усё застанецца незразуметым і будзе адкінута, тады можна тэрмінова прыступіць да падрыхтоўкі і ўсенароднага рэфэрэндуму па гэтых пытаньнях»

Недзеяздольнасьць Вярхоўнага Савету і ўраду Кебіча была відавочная ня толькі нам у Авальнай залі.

«...Два дзясяткі апазыцыянэраў-дэмакратаў змагаюцца з так званай былой намэнклятурай. Аказваецца, яна, гэтая намэнклятура, як уладарыла, так і ўладарыць, трымаючы ў сваіх руках фінансавыя сродкі, матэрыяльныя рэсурсы, зьнешнеэканамічныя сувязі, словам, усё тое, што дазваляе дыктаваць свае ўмовы. Да таго ж, яна, гэтая ўлада, надзеленая ўладай вышэйшай, уладай парлямэнцкай! І такіх «власть имущих» у парлямэнце — большасьць. Пакуль гэты адыёзны спрут там кіруе, усе пэрспэктыўныя для рэспублікі прапановы будуць замарожаныя. Памятаеце, як не прайшла прапанова (Апазыцыі БНФ — С.Н.) аб рэфэрэндуме па камуністычнай маёмасьці і па новых выбарах у парлямэнт? Якое супраціўленьне! Я лічу, што выбіць глебу з-пад ног намэнклятурнікаў можна толькі шляхам перавыбараў сёньняшніх дэпутатаў, тых, каго ў свой час нам падкінула партыйная вярхушка», — сказаў у інтэрвію тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» рабочы з Магілёва Аляксандар Рылькоў («Літаратура і мастацтва», 11 кастрычніка 1991).

А час між тым ішоў, і зь ім імкліва зьнікалі ўнікальныя магчымасьці, якія для нацыі выпадаюць адзін раз на стагодзьдзе —- альбо нават і радзей...

БЫКАЎ: «УСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ І ПАЛІТЫЧНАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ НАРОДУ. НА ШТО МЫ ЗДОЛЬНЫЯ, ТАКАЯ І ДОЛЯ Ў НАС БУДЗЕ»

Прыведзеныя вышэй радкі Быкава былі надрукаваныя ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» 1 лістапада 1991 году. Наколькі мне вядома, потым нідзе гэтыя (як і іншыя быкаўскія словы той публікацыі) не перадрукоўваліся.

Быкаў выказаў тое, што казалі тады ўсе, хто паверыў у магчымасьць іншага, несавецкага, незалежнага ад Крамля жыцьця: Беларусь недаравальна страчвае час.

«Нягледзячы на абвальны характар пэўных падзей апошняга часу, лічу, што рэфарматарскія працэсы ў нашым грамадзтве працякаюць крайне замаруджана, — сказаў Быкаў. — Беларусь увогуле ў гэтым сэнсе пляцецца ў хвасьце. Для бюракратыі гэта, вядома, выгадна. Абапіраючыся на вопыт іншых, яна мае магчымасьць дзейнічаць больш пэўна. Але паколькі ўсё гэта адбываецца запозьнена, рэспубліка шмат страчвае і рызыкуе ўвогуле застацца ні з чым асабліва цяпер, калі ідзе дзяльба і маёмасьці, і ўладных паўнамоцтваў былога Саюзу (заўважым — у кастрычніку 1991-га Быкаў кажа пра СССР як пра неіснуючую дзяржаву — С.Н.).

...У пытаньні сувэрэнізацыі наша афіцыйная прапаганда зрабіла адну хуліганскую падтасоўку, калі сувэрэнітэт палітычны падмянілі сувэрэнітэтам эканамічным. Разьлічана гэта на абывацеля, які адразу пачаў бурчэць: што ж нам цяпер, стаяць у АВІРы, каб у Смаленск трапіць? А яшчэ: дзе ж мы возьмем электраэнэргію, вугаль, бэнзін? Карацей, загінем. Хаця ні апазыцыя, ні дэмакратычныя журналісты нідзе і ніколі не казалі пра аўтаркію. Усё гэта эксплёатуецца ў дэмагагічных мэтах.

Ацэньваючы расстаноўку сіл у нашым парлямэнце ва ўмовах, калі ідзе барацьба за вельмі важныя прынцыпы, лічу, што прымірэнчая, згодніцкая, няпэўная пазыцыя — гэта ўрэшце здрада. Так званы цэнтрызм адбірае пэўныя сілы зьлева (у тыя часы прыхільнікаў дэмакратыі называлі «левымі», а іх апанэнтаў — «правымі» — С.Н.), і ва ўмовах намэнклятурнага засільля робіць немагчымым правядзеньне ўласнай палітыкі. Цэнтрыстам нічога не застаецца, як далучацца да большасьці, падсілкоўваць яе. Думаю, што апазыцыя, якая прытрымліваецца значнай левізны, дзейнічае правільна».

Меркаваньне, выказанае Васілём Быкавым на старонках «ЛіМу», важнае для разуменьня таго выбару, перад якім мы апынуліся.

А можа, і сапраўды варта было прыслухацца да тых, хто раіў шукаць выйсьце ў кампрамісах з намэнклятурай (хоць сама намэнклятура кампрамісаў нам не прапаноўвала)? Бо менавіта ў кампрамісе разумелася нацыянальная згода? І тады — ня варта патрабаваць адстаўкі ўраду, новых выбараў? Або ісьці на радыкальныя крокі, гэта значыць — дамагацца зьмены ўлады? Мы ў Апазыцыі БНФ разумелі, што запас кампраміснасьці, закладзены ў гэтым складзе парлямэнту, вычарпаны. Разумеў гэта і Быкаў:

«Я ўсё-такі ня згодны з той тактыкай, калі галоўнай мэтай ставіцца так званая нацыянальная згода, гэта значыць, што ў імя недапушчэньня нейкіх палітычных абвастрэньняў у грамадзтве нават апазыцыя ідзе на пэўныя ахвяры. Разумею, наколькі актуальна гэта, скажам, для Грузіі ці Азэрбайджану. А для нас, пры нашай традыцыйнай апатыі? Нашай нацыі не хапае палітычнай сьвядомасьці, палітызацыя нашага жыцьця не дасягнула нават таго нармальнага ўзроўню, які існуе ў самых спакойных палітычных краінах...

Вядома, у нас зьяўляюцца новыя палітычныя партыі, але іх уплыў пакуль што нязначны. Найбольш рэальнай сілай зьяўляецца Народны Фронт, які з апорай на масы яшчэ на многае здольны. Не хапае, мне думаецца, радыкалізму. Увогуле я дапускаю магчымасьць кампрамісаў, але па радыкальных пытаньнях ня можа быць прымірэньня. Тым больш што вопыт сьведчыць — усе гэтыя ідэі не за пісьмовым сталом таго ж Пазьняка нарадзіліся, гэта не бібліятэчнае стварэньне — марксізм. Сёньня за дэкляраванае некалі Беларускім Народным Фронтам галасуюць партбосы, якія пасылалі амонаўцаў зрываць нацыянальныя сьцягі.

І носьбітам гэтага радыкалізму павінна быць менавіта парлямэнцкая апазыцыя, бо дачакацца ад нашага народу мы зможам, на жаль, ня хутка.

...Шэсьць гадоў правалыніўшыся, мы спазьніліся ва ўсіх сэнсах. У бліжэйшы час намаганьні дэмакратычных сіл найперш павінны быць скіраваныя на роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савету і выбары новага парлямэнту» («Літаратура і мастацтва», 1 лістапада 1991).

Потым мы пачуем безьліч папрокаў у тым, што былі «занадта радыкальнымі». Праўда, усе спробы разабрацца, а ў чым жа гэты радыкалізм, не даюць уцямнага адказу, альбо называюць сувэрэнітэт, дзяржаўнасьць беларускай мовы, асуджэньне злачынстваў камунізму.

Быкаў жа, як бачым, ясна і абгрунтавана выказваўся за радыкалізм — у дачыненьні да палітычнага авангарду грамадзтва і парлямэнцкай Апазыцыі БНФ. Але будучыню ён паставіў у залежнасьць ад нацыянальнай і палітычнай сьвядомасьці народу. Паставіўшы на першае месца "нацыянальнай". Значна пазьней, ацэньваючы пачатак 1990-ых, ён скажа, што грамадзтва ня здолела скарыстацца шанцам — падкрэсьліўшы пры гэтым, што Апазыцыя БНФ зрабіла ўсё магчымае, але ня ўсё залежала ад дэпутатаў апазыцыі...

А тады, у канцы 1991-га, Быкаў падтрымаў ідэю роспуску Вярхоўнага Савету і новых выбараў.

І, паколькі Вярхоўны Савет не жадаў ні прымаць новы выбарчы закон, ні самараспускацца, нам заставалася адно — апэляваць да народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG