«Я даўно мэдыйная асоба ў Беларусі. У свой час у мяне была такая вядомасьць у краіне, што... калі б я пайшоў у прэзыдэнты, то за мяне прагаласавала б больш, чым за прэзыдэнта нашай краіны. Калі выбары сумленныя былі б... У мяне пачаліся праблемы з-за таго, што мяне пакрыўдзілі беларусы. Спачатку кіраўніцтва, потым перадало газэтчыкам», — сказаў Арамнаў у інтэрвію, апублікаваным на ягоным канале на відэапартале Youtube (цытаты пасьля 39-й хвіліны).
Арамнаў таксама паскардзіўся на цэнзуру журналісту выданьня «Спорт-тайм», на чые пытаньні адказваў: «Мае інтэрвію пастаянна рэжуць, ня кажуць пра начальства, бо ў нас дастаткова сур’ёзная... як гэта называецца... цэнзура. Так што гэтае відэа выйдзе толькі на гэтым канале ў поўным аб’ёме. Параўнайце, якое будзе тут інтэрвію, і параўнайце з тым, што выйдзе на „Спорт-тайме“. Але я ніколі не лаю хлопцаў, якія прыходзяць браць інтэрвію. Яны ўсяго толькі працуюць. А газэты ў нас дзяржаўныя, і яны залежныя ўсе», — сказаў Арамнаў (цытаты на пачатку).
У 2010 годзе Арамнава на 5 гадоў пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам і абавязалі выплаціць штраф у эквіваленце 3,5 тысячы даляраў. Тады, паводле міліцыі, Арамнава трэці раз за два гады затрымалі за рулём п’яным.
Арамнаў лічыўся прапаршчыкам адной з вайсковых частак унутраных войскаў, аднак за паводзіны, несумяшчальныя са статусам, быў звольнены.