Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Гомлі

абноўлена

Мы выбралі для вас дзевяць выказваньняў пісьменьніцы з гэтай сустрэчы.

Сьвятлана Алексіевіч сустрэлася з чытачамі ў Гомлі

1. У мяне няма адчуваньня, што я скончыла свае кнігі. Сыходзіць час тых 90-х, і мы іначай жыцьцё адчуваем. Цяперашнія расчараваньні накладваюцца на папярэдні досьвед. Зьнікае ранейшы рамантызм. Нам той час ужо падаецца злачынным. Зьяўляюцца ў нашым жыцьці нейкія дзіўныя фігуры. У ранейшым часе нават у страшным сьне немагчыма было ўявіць, што Пуцін ці Лукашэнка будуць пры ўладзе. Там дзейнічала машына, трэба было расьці, прайсьці цэлую «школу жыцьця», каб кіраваць, а не пачынаць «рабіць сябе», калі ты ўжо пры ўладзе, «рабіць сябе», калі ўсё рассыпана, усе сядзяць на абломках«.

2. Цывілізацыя — навукоўцы кажуць гэта чацьвёртае прыніжэньне чалавецтва — ідзе на паніжэньне. З аднаго боку, машыны робяцца разумнейшымі, а чалавек як бы дурнейшы. Ён разумнейшы у нейкіх навуковых рэчах, ён рухаецца, але як гуманітарны чалавек — ён, канечне, драбнее, скурчваецца. Мне падаецца, што ў савецкім часе людзі больш думалі, больш чыталі і ня так былі прыбітыя гэтай матэрыяльнасьцю. Яна ня мела такога кошту, як цяпер. У нейкім сэнсе былі больш свабодныя.

3. Сьвет вульгарызаваўся, але гэта адбываецца ўсюды. Перамагае сярэдні чалавек. Гісторыя Трампа паказальная, Марын Лё Пэн таксама. Гэта адбываецца на нашых вачах. Сьвет ускладняецца, а людзі спрошчваюцца. А нашаму часу патрэбны складаны чалавек. Я зьбіраю матэрыял на новыя дзьве кнігі — пра старасьць і каханьне, але я ня чую гуку кнігі. Зь цяперашнім чалавекам размаўляць пра каханьне складаней, я думаю, чым з савецкім чалавекам.

4. У Беларусі няма сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, высокай ідэі, вакол якой можна згуртаваць людзей. Мы як у беспаветранай прасторы. Мова не пашыраная ў грамадзтве, бальшыня школаў не размаўляе па-беларуску. Мізэрнымі накладамі выдаецца беларуская літаратура.

5. Тое, што ў нас цяпер, — гэта надоўга. Але ў сілу чаго — вось з гэтым трэба разабрацца. Ці гэта таму, што час ідэі скончыўся — людзі страцілі да ідэі цікавасьць. Пасьля краху ідэі камунізму, наступіла глыбокае расчараваньне. Ідэя жыцьця — вось што цяпер цікава людзям: вучыць дзяцей, добра апранацца, вандраваць па сьвету. Шкала вартасьцяў зьмясьцілася. Людзям цікавае само жыцьцё.

6. Я рада, што вырасла ў вёсцы сярод сталых людзей, жанчын, якіх у паваенныя гады было больш за ўсё. Памятаю іх цяжкую працу — рукі, лён. Мужчын дадалося пазьней. На Гомельшчыне ў вёсцы Прысно мая першая настаўніца жыла. Бацька зь вёскі Камаровічы, што на Петрыкаўшчыне. Ува мне моцная беларуская якасьць. Калі я займалася «чырвонаю ідэяй», то ідэя гэтая размаўляла на расейскай мове. Героі жылі па ўсёй вялікай краіне. Утопія размаўляла на расейскай мове, таму ў мяне няма добрай беларускай мовы. Але ёсьць фізычнае адчуваньне сьвету — як у тых людзей, сярод якіх я вырасла.У дзяцінстве я езьдзіла ў Гомель з бацькамі — падавалася, што мы нібыта ехалі ў Менск.

7. Задача кожнага з нас цяпер — выстаяць, не зламацца, не паддацца моцнаму расчараваньню, бо гэта вельмі лёгка. Выратаваць можа кола блізкіх людзей, ня толькі родных, але й па духу блізкіх — як вось цяпер тут. Важна, каб побач былі такія людзі, як ты, а ня проста біяробаты, якіх нясе плынь.

8. Я не разумею, што гэта за апазыцыя, якая за дваццаць гадоў ня можа знайсьці адну кандыдатуру на лідэра. Тая самая апазыцыя зжэрла Мілінкевіча, які быў рэальнаю фігураю, якога магла б прыняць і Эўропа. Калі ты дваццаць гадоў прайграéш, то ня трэба думаць, што народ цябе будзе падтрымліваць.

9. Пры Ельцыне расейцы шукалі нацыянальную ідэю. Цяпер яны яе знайшлі — мілітарызацыя.

10. Мы — невялікая дзяржава паміж Расеяй і Польшчай. Нам складана сябе знайсьці, але галоўнае тут — будаўніцтва сваёй дзяржавы. Бачыце, колькі перашкодаў. І мне вельмі не падабаюцца размовы пра анэксію Беларусі. Яны ўсё больш частыя й настойлівыя. Міжволі пачынаеш гэтага баяцца. Гэта вельмі небясьпечна. І, я думаю, улада нашая таксама хацела б вызваліцца, паколькі тут ёсьць праблема асабістай улады Я неяк думала, што пасьля анэксіі Крыму нашая ўлада перахопіць нацыянальную ідэю ў апазыцыі.

З інвалідам Натальляй Васіленкай
З інвалідам Натальляй Васіленкай

Для госьці сьпявае Вальжына Цярэшчанка
Для госьці сьпявае Вальжына Цярэшчанка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG