У верасьні ў Беларусі пройдуць беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017». Гэта самыя буйныя сёлетнія вучэньні ў Беларусі. Паводле міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу гэта самыя буйныя сёлетнія вучэньні і для расейскай арміі. Палітыкі і вайскоўцы ў Польшчы, краінах Балтыі і Ўкраіне выказваюць перасьцярогі, што расейскія войскі, прыехаўшы на вучэньні ў Беларусь, могуць застацца ў краіне і нават распачаць баявыя дзеяньні супраць суседніх з Беларусьсю краінаў. Што вядома пра вучэньні «Захад-2017», якія заявы робяцца наконт іх, які вайскова-палітычны кантэкст гэтых вучэньняў?
1. Колькі войскаў, паводле афіцыйных зьвестак, будзе ўдзельнічаць у вучэньнях?
13 тысячаў вайскоўцаў, 10 тысячаў — беларускіх, 3 тысячы — расейскіх. Вучэньні пройдуць 14-20 верасьня 2017 году.
2. Колькі войскаў паводле афіцыйных зьвестак удзельнічала ў папярэдніх вучэньнях «Захад-2013»?
Крыху менш за 13 тысячаў вайскоўцаў: 10 тысячаў — беларускіх, 2500 — расейскіх, 300 — іншых краінаў Араганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
3. Якія вучэньні адбываліся сёлета ў Беларусі з удзелам расейскіх вайскоўцаў?
28.03-6.04 Віцебская вобласьць, вучэньні дэсантных войскаў Беларусі і Расеі, агульная колькасьць удзельнікаў 1 тысяча чалавек.
6-14.06 Берасьцейская вобласьць, «Славянскае братэрства-2017», вучэньні дэсантных войскаў Беларусі, Расеі і Сэрбіі, агульная колькасьць удзельнікаў 1 тысяча чалавек, 300 вайскоўцаў — з Расеі.
4. Якія буйныя вучэньні праводзіць сёлета паблізу Беларусі альянс NATO?
8-26.05 — Spring storm, Эстонія, 9 тысячаў вайскоўцаў з 13 краінаў NATO
3-15.06 — Saber strick, Польшча, 2 тысячы вайскоўцаў з 8 краінаў NATO
10-22.07 — Sea Breeze, Украіна, вучэньні ВМФ ЗША, Грузіі, Украіны і Турэччыны, 30 ваенных караблеў.
5. Якія крокі ў адказ на цяперашнія вучэньні Расеі робяць ЗША?
6. Што гавораць амэрыканскія вайскоўцы наконт «Захад-2017»?
Генэрал Энтані Томас, камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацыяў арміі ЗША: Ёсьць вялікая занепакоенасьць, што яны не зьбіраюцца сыходзіць, і гэта не параноя.
Генэрал Бэн Ходжэс, камандуючы амэрыканскімі ўзброенымі сіламі ў Эўропе. Мне вельмі цікава, хто туды прыедзе і хто выедзе.
— Мы напагатове, мы не зьбіраемся быць гледачамі, калі нешта адбудзецца.
7. Што гаворыць генэральны сакратар NATO?
Енс Столтэнбэрг: У вучэньнях «Захад-2017» могуць узяць удзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна.
Мы не бачым якой-небудзь немінучай пагрозы на адрас любой з краін NATO
8. Што гаворыць кіраўнік Беларусі?
Аляксандар Лукашэнка: Ні мы, ні Расейская Фэдэрацыя на гэтым кірунку не зьбіраемся ня тое што на кагосьці наступаць, мы не зьбіраемся каго б там ні было правакаваць тут. Ні ў якім разе. Мы на ўсялякі выпадак рыхтуемся гарантаваць сваю бясьпеку ў любой сытуацыі
Я патрабую, каб гэтае мерапрыемства на тэрыторыі нашай краіны было празрыстым і ўсе мерапрыемствы былі даступныя ня толькі для нашых сяброў па АДКБ, ЭАЭС, СНД, але і для прадстаўнікоў Паўночнаатлянтычнага блёку. Мы нічога не хаваем і хаваць не павінныя. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэньні, калі ласка.
9. Што гаворыць лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу?
Мікола Статкевіч: Сцэнар гэтых вучэньняў звычайна агрэсіўны, ён прадугледжвае прарыў у бок Сувалкаўскага калідору. Безумоўна, такі фармат напружвае суседзяў Беларусі. Гучаць галасы пра тое, што тыя тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія ўвойдуць у Беларусь падчас вучэньняў, могуць застацца тут у выглядзе пастаяннай вайсковай базы. Акрамя таго, ёсьць засьцярогі і пэўная інфармацыя, што рыхтуюцца базы захоўваньня для расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта таксама будзе сьведчыць пра падрыхтоўку да магчымай агрэсіі супраць суседзяў Беларусі, нават калі на гэты раз расейскія войскі выйдуць.
Трэба рэагаваць і папярэдзіць гэтую небясьпеку. Мы вырашылі правесьці 8 верасьня акцыю папярэджаньня. Гэта папярэджаньне агрэсару, і гэта спроба папярэдзіць нэгатыўны сцэнар разьвіцьця падзей, пагрозы беларускай незалежнасьці.
10. Што гаворыць міністар замежных справаў Расеі?
Сяргей Лаўроў: Стогны і галашэньне з нагоды нашых вучэньняў з Рэспублікай Беларусь чуюцца ня першы год. Цяпер рыхтуюцца вучэньні «Захад-2017», пару гадоў таму былі вучэньні «Шчыт Саюзу — 2015». Тыя ж крыкі гучалі: што цяпер расейскія войскі ўвойдуць нібыта для правядзеньня вучэньняў, потым застануцца там назаўсёды і акупуюць Беларусь.
Большае трызьненьне цяжка сабе ўявіць — тым больш, калі гаворка ідзе пра палітыкаў, якія прэтэндуюць на нейкую рэспэктабэльнасьць у ЭЗ. Чуткі, што мы нібыта рыхтуемся да ўвядзеньня войскаў у Беларусь пад выглядам вучэньняў, ужо былі шмат разоў абвергнутыя — і з расейскага боку, і з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.