Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 прыкметаў набліжэньня «Славянскага базару»


Belarus - Slavic Bazaar festival preparations in Vitsebsk, 11Jul2012
Belarus - Slavic Bazaar festival preparations in Vitsebsk, 11Jul2012

Сёлета праходзіць 26-ы «Славянскі базар у Віцебску». За шмат гадоў віцябляне навучыліся беспамылкова вызначаць набліжэньне гэтай імпрэзы без календара: выключна па зьнешніх прыкметах.

Мы зрабілі агляд таго, што нагадвае пра хуткі «базар» у Віцебску.

1. Тэрміновы рамонт дарог і ходнікаў

Вядома, гэтая прыкмета тычыцца цэнтральных вуліц. На гарадзкіх ускраінах асфальтаваць дарогі да «Славянскага базару» ніхто ня будзе: іх жа ня ўбачыць Аляксандар Лукашэнка, які штогод прыяжджае на адкрыцьцё фэстывалю.

Затое ў цэнтры і асфальтуюць, і раўняюць, і перакладаюць брукоўку, якую ўкладалі роўна год таму. Бо па дарозе паедзе прэзыдэнцкі картэж.

2. Будаўнічая актыўнасьць каля летняга амфітэатру

Акрамя таго, што кожны год у цэнтры Віцебску замяняюць брукоўку, штолета вакол галоўнай сцэнічнай пляцоўкі фэстывалю шчыруюць будаўнікі.

Сёлета размах будаўніцтва істотны: некалькі месяцаў працы вяліся паціху-памалу, але ў пачатку ліпеня ўсё «закіпела». Гараджан і гасьцей чакае абноўленая тэраса з гандлёвымі аб’ектамі. Таксама навокал вядуцца дробныя рамонты.

3. «У амфітэатры загудзела»

За колькі дзён да фэстывалю у амфітэатры пачынаюць усталёўваць апаратуру і рыхтаваць сцэну. Гэтым займаюцца тэхнічныя групы расейскіх і беларускіх кампаній, якія прывезьлі каля 90 тон рознага абсталяваньня. Самае істотнае для правядзеньня канцэртаў — гэта якасны гук. І раз «у амфітэатры загудзела», то фэстываль зусім блізка.

4. Ліквідацыя «даўгабудаў» у цэнтры гораду

Яшчэ некалькі год таму віцяблянам абяцалі рэканструяваць фантан у парку імя Фрунзэ каля плошчы Свабоды. Але гады прайшлі незаўважна, а дзён да пачатку фэстывалю засталося мала. Таму на будаўнічай пляцоўцы праца йдзе і ўдзень, і ўначы. Паводле распараджэньня абласных уладаў, працы па добраўпарадкаваньні мусяць быць завершаны да 10-га ліпеня.

5. Узьвядзеньне гандлёвых шэрагаў

Які ж «базар» бяз гандлю? Бяз гэтага — аніяк, нават калі гэта музычны фэст, а не местачковы кірмаш. Таму падчас фэстывалю ўздоўж усіх цэнтральных вуліц расьцягваюцца шэрагі шапікаў, крамак, харчовых павільёнчыкаў. Сёлета для гандлёвых шэрагаў, агульная даўжыня якіх складзе каля 10 км, вызначана 17 месцаў. Варта зазначыць, што прамысловыя прадпрыемствы найчасьцей прадаюць свае вырабы без гандлёвых нацэнак, а таму пакупнікоў бывае больш, чым у звычайнай краме.

Асобна варта сказаць пра ўсталяваньне харчовых павільёнаў. Сёлета ўпершыню за шмат гадоў будзе дазволена гандляваць алькаголем у непасрэднай блізкасьці ад амфітэатру. Ня будзе так званай 500-мэтровай «забароннай» зоны. Значыць, і харчовых кропак сёлета будзе ў разы болей. Бо фэстываль для многіх стаў нагодай не для паходу на канцэрт, а для таго, каб «расслабіцца» зь сябрамі. Гэта таньней.

6. Мінакі і машыны з акрэдытацыямі

Акрэдытацыя на фэстываль — гэта пропуск, які дазваляе трапіць туды, куды звычайных гледачоў не пускаюць. Акрэдытацыі артыстам і пэрсаналу раздаюць у Дырэкцыі фэстывалю. Такіх дакумэнтаў спатрэбіцца некалькі тысячаў. Бо, апрача беларускіх самадзейных і прафэсійных артыстаў, у Віцебску чакаюць прадстаўнікоў 37 краін.

7. Рэкляма «Славянскага базару» — на кожным кроку

Апрача тумбаў з афішамі, у Віцебску зьявілася шмат білбордаў з лягатыпам фэстывалю. Пра яго нагадвае і афармленьне сцэны на плошчы Свабоды, і сьветладыёдныя экраны на плошчы Перамогі. Аднак, нягледзячы на высілкі адказных за рэклямаў, чэргаў па квіткі каля касаў няма.

Урачыстае адкрыцьцё фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску» прызначана на 13 ліпеня. Па традыцыі, гэта самы дарагі канцэрт: кошт квіткоў складае ад 75 да 195 рублёў. Але выступы распачнуцца ўжо 10 ліпеня. І скончацца толькі 19-га, за гэты час на сцэне Летняга амфітэатру маюць адбыцца каля 20 канцэртаў, і яшчэ некалькі дзясяткаў — на іншых канцэртных пляцоўках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG