Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля пад чорнымі крыламі


Вокладка кнігі Вінцэся Мудрова «Забойца анёла». Фота: Логвінаў
Вокладка кнігі Вінцэся Мудрова «Забойца анёла». Фота: Логвінаў

Можна было б напісаць, што «гэты аўтар знаходзіцца наводдаль ад асноўных тэндэнцый беларускай прозы», каб не знаходзіліся там жа і ўсе астатнія аўтары: бо даўно разышліся сьцежкі-дарожкі ўтаптаных кірункаў, дый еднасьць былых таварыстваў зь іх маніфэстамі і няўлоўным прысмакам «агульнага» выглядае дастаткова сумнеўнай. Цяпер кожны сам па сабе — камусьці гэта прыемна, у кагосьці выклікае раздражненьне.

можна плысьці так, як хочацца табе

Ня ведаю, мне дык такая свабода, нягледзячы на ейную нацыянальную змрочнасьць, даспадобы. Калі ня трэба фінішаваць першым, можна плысьці так, як хочацца табе, а ня трэнэру. Гэткі заплыў адзіночак у бяскрайнім акіяне мовы, уласна кажучы, і ёсьць літаратурным працэсам. Назірай за ім моўчкі, калі хочаш атрымаць задавальненьне.

міталягема Полацку як новага літаратурнага цэнтру

У новай кнізе Вінцэся Мудрова «Забойца анёла» мне пабачыўся сьвядомы супраціў канкрэтным зьявам, зь якімі асацыюецца ягонае, аўтарава, імя. Тут ствараецца ўмоўны сьвет, без маркераў часу і месца, што для Мудрова — вядомага сваім полацкім мінулым — у нейкім сэнсе становіцца магчымасьцю адкаснуцца ад «полацкага тэксту». Кажучы пра «полацкі тэкст», ужо, мабыць, трэба і тлумачыць, што гэта за пятрушка такая, дый ці ёсьць наагул гэтая цёмная котка ў цёмным пакоі. Папросту гадоў дваццаць таму замацавалася пэўная міталягема Полацку як новага літаратурнага цэнтру. З пашырэньнем кніг пра даўнія княствы, уваходжаньнем абавязковых разьдзелаў пра Рагвалода, Эўфрасіньню й Скарыну ў школьныя праграмы, беларусы па-новаму адчулі свой паўночны горад. Што да літаратурнай успрымальнасьці, то ў Полацку ўтварылася даволі актыўнае Таварыства вольных літаратараў, невялікія кніжачкі якога моцна вылучаліся на тле традыцыйнай літаратурнай прадукцыі дзяржвыдавецтваў. Калі ў двух словах гаварыць пра тое, што гіпатэтычна магло б аб’яднаць тагачасных полацкіх аўтараў і ТВЛ-аўцаў з розных гарадоў, то гэта ўвага да гратэску, абсурду і карнавальнасьці. Позьнесавецкія і постсавецкія эклектычныя інтэр’еры, у якіх найчасьцей адбывалася дзеяньне, пасавалі сюды найлепшым чынам.

Адным з найцікавейшых археолягаў савецкага абсурду і быў Вінцэсь Мудроў. Пэўным апатэозам штудыяў у гэтым кірунку стаў «Альбом сямейны» зь «Бібліятэкі Свабоды» — адмысловы этналінгвістычны слоўнік, які й праз дваццаць гадоў складзе добрую дапамогу пачаткоўцам у галіне савецкай этнаграфіі. У «Альбоме» былі зьмяшаныя бязьлітасная іронія і цёплая настальгічная ўсьмешка, якая ўзьнікае кожнага разу, як раптам занурысься ў час дзяцінства й юнацтва.

Калі супаставіць «Альбом сямейны» з новай кнігай, то гэта немагчыма, і ўся Адэса будзе супраціўляцца. «Забойца анёла» максымальна аддалены ад слоўнікавай яснасьці, гэта збор успамінаў і візіяў «цёмнага лорда», з загадкавымі пэрсанажамі, неартыкуляванымі знакамі бяды, містычным дэтэрмінізмам, інстынктыўнымі парываньнямі сюжэтаў пры ўладзе паноўнай навэлістычнай кампазыцыі.

можна раскатурхаць сваю эмацыйнасьць алькаголем

Згаданая містыка ў кнізе Мудрова («Кава апоўначы», «Карты ня хлусяць», «Сьветлай ноччу», «Ведзьма» і інш.) спалучаная з вульгарным, нізавым, гэта нібы ўказаньне на тое, што толькі ў маргіналізаваным, рэдукаваным сьвеце магчымыя трансфармацыі сьвядомасьці — галюцынацыі, прымхавыя фобіі. «Містык» быццам замыкае сябе ў пэўны лад мысьленьня, і гэта можа адбыцца пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў. Можна раскатурхаць сваю эмацыйнасьць алькаголем, пажадай, імпульсіўнасьцю, няспраўджаным чаканьнем. Герой на пачатку апавяданьня паказваецца, умоўна кажучы, нармальным, але ў ходзе тэксту зазнае мэтамарфозы. Гэта мог бы быць клясычны і нават традыцыйны псыхалягізм у прозе, каб аўтар «Забойцы анёла» ня йшоў крыху далей: псыхалягічны зрыў ён ператварае ў вар’яцтва, і героя абступае навакольны сьвет і зьядае яго з патрахамі.

Іронія і настальгічная ўсьмешка ператвараюцца тут у татальны чорны абсурд, з пэрвэрсіямі й расчлянёнкай. Калі і ўсплывае савецкая рэчаіснасьць, нейкія ўмоўныя 70-я ў нейкім дастаткова ўмоўным топасе-акварыюме, то і яны, нібыта сто разоў ужываная старая рэч, зь мілай штукенцыі робяцца звыродлівым і абрыдлым Ding an sich, якога ня можаш пазбавіцца, бо прыліпла смалой, і цягаеш яго паўсюль, і выклікае яно толькі раздражненьне.

адлюстраваньне стомленасьці грамадзтва ад савецкай тэмы

У гэтым чорным гумары абсурдысцкай кнігі Мудрова бачыцца і адлюстраваньне стомленасьці грамадзтва ад савецкай тэмы, зашмальцаванай пальцамі ідэолягаў богведама колькіх пакаленьняў. Замкнёнае кола агляду, утыканае квадратна-гнездавым мэтадам у галовы, з сталінымі-ленінымі-гальштучкамі, урэшце перастае выклікаць якую-кольвечы настальгію.

Гэта ўжо ня сьмешна. Гэта проста балюча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG