Гісторыя за 20 сэкунд
Сучасная беларуская незалежная дзяржава была абвешчаная прадстаўнікамі беларускай нацыі 25 сакавіка 1918 году. Неўзабаве БНР акупавалі расейскія бальшавікі. Як кажуць, сілы былі няроўныя. Але важна, што свая дзяржава была абвешчаная, сфармаваная і прызнаная іншымі краінамі, і што адбыўся факт акупацыі. На тэрыторыі БНР быў створаны пратэктарат БССР, які кіраваўся з Масквы. У 1991 годзе была спроба вярнуць незалежнасьць, на тэрыторыі БНР была абвешчаная РБ, якая ўжо ў 1994 годзе вярнулася ў поле залежнасьці ад Масквы з усімі ранейшымі прыкметамі акупацыі ва ўсіх сфэрах: моўнай, гаспадарчай, прававой…
— Каб думаць, што з гэтага вынікае і што рабіць, трэба вызначыцца, у якім стане мы знаходзімся, дзе тая першая купіна, на якую можна ступіць у гэтым балоце, — сказаў Нацыяналіст. — Гэтая купіна — БНР. А балота ствараюць дзьве рэальнасьці, у якіх мы жывем: свая незалежная краіна (БНР) і залежная ад Масквы мізантропская адміністрацыя (у што ператварылася РБ). У гэтай адміністрацыі бываюць і адэкватныя Беларусі і людзям праявы. Залежыць ад чалавечага фактару. Калі, напрыклад, МНС рассылае ўсім эсэмэскі пра пагрозу моцнага ветру: «20.06.2017. Магчымае падзеньне лядашчых канструкцый і дрэваў» — гэта, лічы, адбываецца ў БНР.
— І няважная мова эсэмэскі? — думаў пра нешта сваё Маленькі Прынц.
— У гэтым выпадку няважная. Але калі Леанід Перлін камэнтуе на БТ выступ Навібэнду на Эўравізіі — тут мова становіцца важнай. Ён камэнтуе па-беларуску і гэта зноў праява БНР, у якой мы жывем. Мы дома. Калі ж раней ён камэнтаваў па-расейску, мы ў тым міжнародным кантэксьце пачуваліся жыхарамі Волагды ці Кастрамы.
— Але людзі не адчуваюць ніякай акупацыі, — настойваў Маленькі Прынц. — Проста жывуць.
— Яны ня проста жывуць. Яны жывуць так, быццам не было ніякага Чарнобылю. Гэта тое самае.
«А пра Чарнобыль хацелі б забыць, бо сьвядомасьць перад ім капітулявала. Катастрофа сьвядомасьці. Сьвет нашых уяўленьняў і каштоўнасьцяў узарваны. Калі б мы перамаглі Чарнобыль ці зразумелі да канца, дык думалі і пісалі б пра яго болей. А так жывем у адным сьвеце, а сьвядомасьць існуе ў іншым. Рэальнасьць высьлізгвае, не зьмяшчаецца ў чалавека».
Сьвятлана Алексіевіч. Чарнобыльская малітва
— Разумееш, так, нібыта, прасьцей жыць, — працягваў Нацыяналіст, — быццам не было і няма акупацыі, быццам не было даносаў і рэпрэсій у сталінскія часы, быццам не было злачынстваў савецкіх партызан, быццам няма Чарнобыля... Я б толькі ўдакладніў фразу «мы жывем у адным сьвеце, а сьвядомасьць існуе ў іншым». Мы жывем у неўсьвядомленасьці — вось у чым праблема. Жывем так, быццам нічога да нас не было на гэтай зямлі, і так жывем, каб і ад нас не засталося ні сьледу. Хто такі? Вася Пупкін. Што рабіў? Глядзеў расейскі сэрыял. Як той казаў, нарадзіўся — пацярпеў — памёр.
— Слухай, але твой умоўны Вася Пупкін мае некаторыя погляды. Напрыклад, ён усёй душой і сэрцам ненавідзіць нацыяналістаў, — падчапіў Маленькі Прынц.
— Як кожны лайдак, які ненавідзіць працаваць, Вася, жывучы ў неўсьвядомленасьці, ненавідзіць усьвядомленасьць. Бо гэта работа. А хто такі нацыяналіст? Той, хто ўсьвядомлена належыць да пэўнай нацыі. Вычарпальнае вызначэньне. Што такое нацыяналізм? Гэта ўсьвядомленая прыналежнасьць да пэўнай нацыі. І ўсё.
— І ўсё? А як жа страшныя бандэраўцы, Пазьняк і «нацыяналізм — гэта нацызм»?
— А тут глядзі што адбываецца. Акупацыйнай уладзе, любой, зручна трымаць народ у неўсьвядомленасьці, таму яна і блытае наўмысна боб з гарохам і паўтарае, што ўсьвядомленасьць — гэта агрэсія. Варта ўдумацца ў гэтае глупства і далей называць рэчы сваімі імёнамі.
Калі ў канцы 1960-х у кожнай рэспубліцы СССР пачалі рыхтаваць нацыянальную энцыкляпэдыю, у Эстоніі выдавецтва атрымала 250 тысяч заявак. На мільённую нацыю. Гэта значыць, тыя 8 таўшчэзных тамоў замовіла кожная сям’я. Гэта і ёсьць нацыяналізм. І гэтым ён, між іншым, адрозьніваецца ад патрыятызму, бо ён усьвядомлены, як пэўная праца, самаадукацыя, захаваньне свайго аблічча, прымнажэньне актываў свайго народу і краіны. Патрыятызм — неўсьвядомленая адданасьць, калі ты йдзеш і забіваеш ворагаў, якіх скажуць, або гінеш сам у імя нейкіх там ідэалаў ці куміраў. Нацыяналізм — рэальны клопат пра сябе і сваіх людзей. Як тая СМС ад МНС.
— І ўсё гэта зблытваецца ўрэшце ў нейкую куламесу. Тыя ж назвы вуліц — па іх не заўсёды і вызначыш, БНР тут ці акупацыя.
— Гэта часовая зьява. Як і кожная акупацыя, яна рана ці позна скончыцца. Але мы можам усьведамляць яе толькі калі памятаем пра БНР. Сапраўды, плошча Мясьнікова-Мясьнікяна, бальшавіка, які змагаўся супраць БНР, але шыльдачка па-беларуску. Такіх прыкладаў тысячы. Ты гэта маеш на ўвазе, — падхапіў Нацыяналіст. — Гібрыдны стан. Едзеш па Менску, чытаеш у назвах вуліц цэлы пантэон змагароў супраць беларускай ідэі, але ўсё па-беларуску. Падвіслы стан. Куды пахіліцца гісторыя? Або імёны будуць мяняцца на пантэон сваіх, беларускіх герояў, або мова стане расейскай, як гэта часта адбываецца ў правінцыі. Ёсьць яшчэ і трэці варыянт, пра які трэба расказаць.
У прадмесьці Менску наразалі дзялкі пад новыя катэджы. Раней тут быў лес, а цяпер вось праклалі вуліцы і пачалі будавацца. Назвы вуліцам давалі самі жыхары. Вядома ж, Садовая і Жамчужная, Вясёлая і Сярэневая, ледзьве не Апэльсінавая з Ананаснай. А адна сям’я, муж і жонка, якія першыя заклалі дом на сваёй вуліцы, думалі-думалі і далі вуліцы ўласнае прозьвішча. Мінула гадоў дваццаць, уся вуліца абрасла дамамі, а назву носіць ад прозьвішча першых пасяленцаў.
— Дзіўны прыклад, як у Кландайку часоў Джэка Лёндана. І пра што гэта сьведчыць?
— Пра тое, што гэтыя людзі ўсьвядомленыя, думаюць, што ад іх і пасьля іх застанецца на гэтай зямлі.
— Выходзіць, па-твойму, усё, што ў Беларусі робяць па-людзку, гэта ў БНР, а ўсё, што наадварот — акупацыя? — спытаўся Маленькі Прынц.
— Дакладна так, — адказаў Нацыяналіст. — Акупацыя — ключавое слова для разуменьня беларускай гісторыі ХХ-ХХІ ст., а БНР — для разуменьня акупацыі.
Працяг будзе