Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матрыца. Маці краіна, дзяржава дзіця


Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

Не старайцеся зрабіць вашых дзяцей лепшымі за вас. Яны ўсё адно вырастуць такімі, як вы. Старайцеся зрабіць лепшымі сябе.

Інтэрнэтная мудрасьць

— Беларусь і Беларусь — не адно тое самае. З краінай усё зразумела было ад пачатку. Яна маці родная, маці краіна. Для нацыі. А вось дзяржава — як бы твор гэтай нацыі. Значыць, дзяржава — дзіця, — сказаў Кароль і ўважліва паглядзеў на Маленькага Прынца.

— Дзяржава дзіця? — зьдзівіўся той. — Я заўсёды думаў, што гэта такі апарат гвалту, прыгнёту і маніпуляцыі.

— І сёньняшняя Францыя? — падчапіў Кароль.

— Ну пра сёньняшнюю так ня скажаш, вядома. Сёньня ўвогуле ўсё зблыталася. Нават ААН ня мае дакладных крытэраў, каб вызначыць, ці зьяўляецца нейкая дзяржава дзяржавай, ці не. А, напрыклад, пра Беларусь я шмат разоў чуў, што там дзяржава праводзіць рэпрэсіўную палітыку супраць уласнага народу. І што, ты скажаш, што там дзяржава — дзіця?

— Па-першае, дзеці бываюць розныя. Кожнае немаўля — чысты маніпулятар над сваімі бацькамі. Яно кусаецца і зусім ня доглядам сваіх рэчаў занятае, а наадварот — усё руйнуе, крышыць, ірве. А падлеткі, як вядома, бываюць схільныя да жорсткасьці. Ну і дарослыя дзеці, здараецца, бяруць сваіх бацькоў за горла.

— Ты лічыш, Беларусь — гэта той выпадак? Ты, беларуская нацыя, мяне спарадзіла, дык я табе зараз пакажу… — Маленькі Прынц устаў у ваяўнічую паставу.

— Па-мойму, тут справа больш складаная. Бо дзеці, апроч усяго, бываюць яшчэ свае і не свае, родныя і няродныя. Давай разьбірацца.

25 сакавіка 1918 году сучасная беларуская нацыя нарадзіла сваю незалежную дзяржаву БНР. Пасьля сто гадоў нам расказвалі байкі, што дзіцяці не было ці што яно памерла ледзь ня ў часе родаў, ці што яно было не ад тых бацькоў ці «почему не состоялась БНР» і да таго падобнае. Што значыць «не состоялась»? Дзіця нарадзілася — ужо адбылося. Прычым, гэта табе не ЭКО, не сурагат, а самыя натуральныя прыродныя народзіны і прыродная сувязь. Нішто ў бацьках не чужалася гэтаму дзіцяці і наадварот. Сваё-прысваё роднае. Сям’я-нацыя, лічыцца, адбылася, калі ў яе зьявілася дзіця. Можа трохі архаічна гучыць, але сто гадоў таму гучала актуальна. Як ва ўсіх.

Пасьля дзіця гэтае гвалтам адабралі і выслалі за мяжу. А замест яго далі на ўсынаўленьне расейскую сіротку. Спачатку быццам нічога. Ну дзіцятка і дзіцятка. Назвалі гэтае дзіця БССР і з усіх сілаў рабілі выгляд, што яно роднае, а не прыёмнае. Думалі, зрасьцецца. Але ж яно падрастала і о-то-то што пачалося. Там і гены павылазілі і ўся чартаўшчына, што ў ім сядзела ўнутры. Ну, словам, такі стаў праяўляцца Клім Чыгункін. Што ні рабі, ён сваю лінію гне, усё робіць наадварот. Тут бы хрысьціць яго ці да экзарцыста звадзіць. У Сьмілавічах, кажуць, ёсьць бацюшка, дык такую малітву ведае, што чэрці вылазяць са старых і малых, і так страшна, што немаўляты басам равуць. Але што ты станеш рабіць, калі саму рэлігію тады забаранілі. Словам, бацькам жыцьця ня стала зусім.

— Нешта я такое дзесьці чытаў, — задумаўся Маленькі Прынц.

— Мабыць, «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага табе нагадала, — адказаў Кароль. — Пра роднае і няроднае дзіця. Дык вось пра роднае, тое, што за мяжой, нацыя з гадамі забылася. Даходзілі часам нейкія смутныя весткі, быццам недзе нешта такое ёсьць, але паколькі была жалезная заслона і скантактавацца ўсё адно не было ніякай магчымасьці, дык проста стараліся пра гэта не гаварыць і ня думаць.

Нешта нібыта зьмянілася, калі ляснуў СССР. І нацыя змагла спаткацца з сваім родным дзіцём. Нават прыяжджаў з Амэрыкі ягоны прадстаўнік, кіраўнік Рады БНР Язэп Сажыч і сустракаўся з кіраўніком Беларусі Станіславам Шушкевічам. Гэта 1993 год. І было паміж імі прызнаньне і паразуменьне.

«Стук! Стук! — пачулася, як нехта стукнуў пад дзьвярамі.

Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег.

— Хто? — крыкнуў ён.

— Я... Ігнат Восіпавіч... Адчыні мне, Васілька!

Хворая, забыўшыся на боль, узьнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзьверы.

— Ён, ён, ён, — шаптала яна.

Абдзіраловіч увайшоў.

— Жыў, цэл, мой любінькі, мой залаценькі! — працягнула да яго рукі хворая ў незвычайнай радасьці і, калі ён схіліўся да яе, цалавала яго, дрыжачая, абнімаючы за галаву.

А калі ён апавядаў, як выбавіўся і прыйшоў да іх, і калі ўспамянулі беднага Карпавіча, яе апанавалі прыкметна неспакой і нецярплівасьць.

— Васілька! — з пакорнасьцю і ласкаю зьвярнулася яна. — Схадзіў бы даведаўся, ці пайшлі шукаць Карпавіча? Сканаець гаротнік сярод чужых, ай, матачка наша найвышняя...

Васіль пайшоў.

Хворая ўся раптам затрапяталася і падгукнула прапаршчыка. Той нядаўменна і з чуцьцём жалю схіліўся над ёю.

Зірнуўшы на дзьверы, яна, уся дрыжачая, абхапіла яго шыю рукамі і, прыжмаўшы яго вуха да мокрага ад сьлёз зморшчанага твару, як у трасцы, зашаптала:

— Мой ты!.. Мой родны сынок... А Васілёк — панскі. Перамяніла я вас маленькіх, пераклала. Меркувала: шчасьлівейшы так будзеш... Мой ты, Ігналік... Не, ты — Васілька, а ён — Ігналік... Мой...

І ўсё дужэй і сударажней прыціскала яго канаючая маці да худых грудзей сваіх».

Максім Гарэцкі. Дзьве душы

— Было дзела… — уздыхнуў Кароль. — Але зусім хутка вярнулася з Расеі і тое, прыёмнае дзіця. Яно благое, але ж дзіця, яго таксама шкада. Бо зжыліся за столькі гадоў. І як бы для роднага дзіцяці ня стала месца. І яно вярнулася ў Амэрыку. А гэтае засталося тут па-ранейшаму тэрарызаваць сваіх прыёмных бацькоў.

— Цікава, — сказаў Маленькі Прынц. — А яно, гэты Клім, ведаў, што ён няродны?

— Ясна ведаў, але нейкай глыбіннай ведаю, надта ж ён адрозьніваўся ад бацькоў і характарам, і душою. Ды ўсім, лічы. Крупінкі не падабраў. Але веду гэтую больш правільна назваць адчуваньнем. Адчуваў. Ясна, што яны ніколі не гаварылі пра гэта. І ён, як наўмысна, стаў шмат і без патрэбы казаць, маўляў, вось які ён насамрэч родны, свой, крывінка. Але заўсёды дадаваў, што і там, у Расеі, для тых бацькоў ён і родны і свой і крывінка. Ну, словам, такі махлярына вырас.

— Але ж ён калі-небудзь памрэ?

— Ты думаеш, памёр Максім, ну і чорт зь ім? Тут трохі па-іншаму. Нацыя — гэта фізыка, якая вырасла, дасягнула стану мэтафізыкі. Таго стану, дзе дабро і зло несьмяротныя. БНР, роднае дзіця, будзе існаваць вечна. Мяняючы лідэраў, канцэпцыі, ступень пранікненьня ў справы бацькоў. І БССР таксама. Толькі БССР будзе старацца любымі спосабамі зьнішчаць беларускую асобнасьць і адметнасьць, а БНР будзе старацца любымі спосабамі яе вярнуць.

— А што ўвогуле карыснага ад гэтага параўнаньня дзіцяці і дзяржавы? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Карысьць у адзіным разуменьні сытуацыі. Нацыя — усе беларусы. Яны розныя і ня ўсе гатовыя прыняць за пункт адліку сваёй агульнай найноўшай гісторыі 25 сакавіка 1918 году. А гэта замінае ім разам бачыць пэрспэктыву. А так… Вось тваё немаўлятка — ты ўглядаесься ў яго і маеш мноства пытаньняў: ці прыгожае, да каго падобнае, ці разумненькае і чаго яму бракуе — ва ўсіх сэнсах — пампэрсаў, ласкі, разьвівальных гульняў, навыкаў і ведаў… І ў гэтым сэнсе ўсякае «почему не состоялась», «да не была она государством», «да это всё Кайзер»… Гэта як думаць пра ўласнае немаўля: ай, непрыгожае і бесталковае, ня будзе зь яго толку. Бываюць, вядома, і такія, адмаўляюцца. Але абсалютная большасьць гадуе, стараецца навучыць, падкарэктаваць, лагапэдаў усякіх наймае. І калі дзяржава Беларусь – гэта тваё дзіця, беларуская нацыя, дык падкарэктуй і сваю дзяржаву.

— Як, напрыклад?

— Пра гэта табе Карэктар лепш раскажа.

Працяг будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG