Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Кіеў і Масква павінны мець магчымасьць урэгуляваць канфлікт на ўсходзе Ўкраіны па-за рамкамі менскіх дамоўленасьцяў.
Рэкс Тылерсан даў зразумець, што ЗША могуць адысьці ад менскіх пагадненьняў, каб пакласьці канец сутыкненьням ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы на слуханьнях у Кангрэсе, кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі заявіў, што адміністрацыя прэзыдэнта Трампа ня хоча «быць прыкаванай кайданкамі».
Тылерсан дапусьціў, што ўрад Украіны можа прыйсьці да пагадненьня з Масквой па-за дамоўленасьцямі, падпісанымі ў Менску ў 2015 годзе.
«Думаю, важна, каб мы атрымалі дастатковую гнуткасьць для дасягненьня мэтаў „Менску“. Важна, каб урад Украіны і ўрад Расеі маглі прыйсьці да здавальняючага рашэньня празь нейкую структуру, акрамя Менску» — заявіў Тылерсан камітэту Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах.
Важна, каб урад Украіны і ўрад Расеі маглі прыйсьці да здавальняючага рашэньня празь нейкую структуру, акрамя Менску
Менскія пагадненьні, дасягнутыя пры пасярэдніцтве Францыі і Нямеччыны і падпісаныя Расеяй і Ўкраінай у лютым 2015 году, прадугледжваюць адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі фронту і канстытуцыйную рэформу, якая пашырае аўтаномію ўсходніх рэгіёнаў Украіны.
У той час як палітыкі Вашынгтону сфакусаваныя на патэнцыйных сувязях адміністрацыі Трампа з Расеяй, заканадаўцы настойваюць на тым, што ніякія санкцыі супраць Расеі ня могуць быць зьнятыя, пакуль яна ня будзе выконваць менскія дамоўленасьці.
Аляксандар Лукашэнка 15 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі радаў бясьпекі дзяржаваў-удзельніц АДКБ пракамэнтаваў заяву Тылерсана.
«Ужо ідуць намёкі, што можна і бязь менскага фармату абысьціся, знайсьці нейкія іншыя спосабы ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту. Можна, вядома. Але пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым працягваць добрую справу», — сказаў кіраўнік Беларусі.