Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына і Аўстрыя ўбачылі пагрозу ў новых санкцыях ЗША супраць Расеі


Канцлер Аўстрыі Крысьціян Кэрн і міністар замежных справаў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль лічаць, што новыя пляны ЗША па пашырэньні санкцыяў у дачыненьні да Расеі ў галіне эканомікі супярэчаць міжнароднаму праву. Аб гэтым паведамляе са спасылкай на сайт МЗС Нямеччыны расейскі тэлеканал «Дождж».

У пашыраным сьпісе санкцыяў ёсьць асобны параграф пра «Паўночны паток-2», які ўваходзіць у інтарэсы эўрапейцаў, і ўрад ЗША будзе перашкаджаць яго рэалізацыі.

Прадстаўнікі Нямеччыны і Аўстрыі падкрэсьлілі, што санкцыі, якія маюць палітычныя мэты, «не павінны быць зьвязаныя з эканамічнымі інтарэсамі». У прыватнасьці, Кэрн і Габрыэль бачаць у экстэрытарыяльных санкцыях пагрозу для «эўрапейскіх кампаніяў, якія займаюцца энэргазабесьпячэньнем Эўропы».

Хто нам пастаўляе энэргарэсурсы і як, вырашаем мы ў адпаведнасьці з прынцыпамі адкрытасьці і рынкавай канкурэнцыі.

«Караць кампаніі зь Нямеччыны, Аўстрыі і іншых краінаў Эўропы з-за таго, што яны ўдзельнічаюць у газавых праектах з Расеяй, такіх як „Паўночны паток-2“, або фінансуюць іх, уносіць зусім новую і вельмі адмоўную якасьць у эўрапейска-амэрыканскія адносіны», — гаворыцца ў заяве.

У сваёй сумеснай заяве Керн і Габрыэль падкрэсьлілі, што пытаньне эўрапейскай энэргетыкі — справа Эўропы, а не ЗША. «Хто нам пастаўляе энэргарэсурсы і як, вырашаем мы ў адпаведнасьці з прынцыпамі адкрытасьці і рынкавай канкурэнцыі», — адзначана ў заяве.

Кэрн і Габрыэль адзначылі, што такая сытуацыя можа нэгатыўна адбіцца на працэсе мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. «У выпадку, калі мы больш ня будзем узгадняць сумесныя дзеяньні і станем кіравацца матывамі, якія ня тычацца сутнасьці, напрыклад, эканамічнымі інтарэсамі ЗША ў пытаньні экспарту газу, то гэта будзе ня толькі вартым жалю, але і шкодным для эфэктыўнасьці нашай пазыцыі адносна канфлікту ва Ўкраіне», — сказалі яны.

У фінансаваньні «Паўночнага патоку-2» удзельнічаюць пяць эўрапейскіх кампаніяў — Engie, OMV, Royal Dutch Shell, Uniper і Wintershall.

Напярэдадні Сэнат ЗША ўхваліў «Закон аб процідзеяньні расейскаму ўплыву ў Эўропе і Эўразіі ад 2017 году», які пашырае санкцыі адносна Расеі.

У законе гаворыцца, што «Паўночны паток — 2» згубна ўплывае на энэргабясьпеку ЭЗ, нэгатыўна адбіваецца на разьвіцьці газавага рынку Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG