У чым сутнасьць Парыскага пагадненьня?
- Абмежаваць рост сярэдняй глябальнай тэмпэратуры на плянэце: каб да 2050 году яна вырасла ня болей чым на 1,5 °C.
- Прымусіць краіны зьнізіць выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру і пераходзіць на «зялёныя» тэхналёгіі замест спальваньня вугалю і вуглевадародаў.
- Разьвітыя краіны павінны штогод (аж да 2020 году) даваць $ 100 млрд краінам, якія разьвіваюцца, каб тыя адразу «пераскочылі» на безвугляродную эканоміку.
- Вылучаць значныя суму фондам, якія змагаюцца са зьменамі клімату. Адміністрацыя папярэдняга прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў 2015 годзе абавязалася даць ім у бліжэйшыя некалькі гадоў каля $ 3 млрд, зь якіх $ 500 млн ужо выплацілі ў мінулым годзе.
Чаму Парыскае пагадненьне лічаць гістарычным?
- Парыскае пагадненьне прынялі ў сьнежні 2015 году (у сілу яно ўступіла ў лістападзе 2016) замест састарэлага Кіёцкага пратаколу. Пагадненьне падпісалі 193 краіны, ратыфікавалі 106 краін, у тым ліку Злучаныя Штаты. Гэта значыць, упершыню ў гісторыі чалавецтва ўсе сусьветныя дзяржавы дамовіліся сумеснымі намаганьнямі стрымліваць кліматычныя зьмены.
- Удзел ЗША ў Парыскім пагадненьні было вельмі важным для сусьветнай супольнасьці, таму што раней яны выйшлі са старога — Кіёцкага — пагадненьня, якое было падпісана ў 1997 годзе (ЗША яго падпісалі, але не ратыфікавалі).
Чаму Трамп заявіў аб выхадзе?
- Паводле яго, умовы пагадненьня на дадзены момант ня выгадныя для ЗША («Яны ня думаюць аб Амэрыцы, але я — так. І заўсёды буду»). У прыватнасьці, да 2025 году краіна магла страціць 2,7 млн працоўных месцаў пры выкананьні ўсіх палажэньняў пагадненьня. У першую чаргу — у нафтаздабычы і вуглездабычы, дзе сканцэнтраваная значная частка выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за Трампа.
- Трамп неаднаразова заяўляў, што ня верыць у тэорыю глябальнага пацяпленьня і называў яе «трызьненьнем», «містыфікацыяй», «выдумкай».
- Выхад з пагадненьня быў адным з галоўных перадвыбарчых абяцаньняў Трампа («Мяне выбралі жыхары ЗША, а не Парыжу», — заявіў ён, афіцыйна абвясьціўшы пра выхад з пагадненьня).
- Яшчэ ў верасьні Дональд Трамп увёў у пераходную каманду Майрана Эбэла, аднаго з самых вядомых «кліматычных скептыкаў». У 2007 Эбэл у інтэрвію часопісу Vanity Fair заявіў, што «сапраўды, трошкі пацяплела... але нічога сурʼёзнага, у межах прыродных ваганьняў».
- Трамп загадзя рыхтаваўся да такога рашэньня. Яшчэ ў канцы сакавіка ён адмяніў ключавыя палажэньні пляну па барацьбе з глябальным пацяпленьнем, распрацаванага камандай Барака Абамы. Гэта, паводле яго, павінна прывесьці да «канца вайны з вуглём» і стварыць працоўныя месцы, у прыватнасьці, у плаянах Трампа — адрадзіць праект трубаправоду Keystone XL, будаўніцтва якога блякаваў Абама.
Што далей?
- Згодна з Парыскім пагадненьнем, краіна павінна абясьціць аб выхадзе з дамовы за тры гады, а сам выхад можа адбыцца яшчэ праз год пасьля гэтага. То бок, афіцыйна ЗША застануцца удзельнікам Парыскага пагадненьня як мінімум увесь прэзыдэнцкі тэрмін Трампа.
- Выхад ЗША з Парыскага пагадненьня аслабіць фінансаваньне слабым краінам, перш за ўсё, афрыканскім, частцы азіяцкіх краін і некаторым паўднёваамэрыканскім, лічыць кіраўнік праграмы «Клімат і энэргетыка» Міжнароднага фонду дзікай прыроды (WWF) у Расеі Аляксей Какорын.
- Рашэньне ЗША можа прывесьці да выхаду і іншых краін з пагадненьня або да абмежаваньня іх намаганьняў па скарачэньні выкідаў вугляроду. Так Індыя, ахопленая беднасьцю, можа сутыкнуцца зь ціскам знутры на карысьць перагляду свайго рашэньня, рушыць усьлед за ЗША таксама могуць Вялікабрытанія і Кітай.
Хто супраць рашэньня Трампа?
- Найбольш рашуча выказаўся Ілан Маск, амэрыканскі мільярдэр, сузаснавальнік інавацыйных кампаній Tesla, SpaceX і PayPal, а заадно адзін з дарадцаў Трампа. Маск заявіў, што «выхад з Парыскага пагадненьня — гэта нядобра ні для Амэрыкі, ні для сьвету», і ён ня бачыць для сябе «іншага выйсьця, акрамя як пакінуць раду пры Белым доме».
- Экс-прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які шмат у чым быў ініцыятарам Парыскага пагадненьня, у адмысловай заяве адзначыў, што, заяўляючы аб выхадзе з дамовы, «адміністрацыя Трампа адхіляе будучыню».
- Прадстаўнікі Эўракамісіі афіцыйна заявілі, што «шкадуюць» аб выхадзе ЗША з дамовы і што гэта «сумны дзень» для сусьветнай супольнасьці.
- У той жа час прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у больш рэзкіх выразах заявіў, што рашэньне Трампа «нанясе страты як інтарэсам ЗША, так і будучыні ўсёй плянэты». «Не памыляйцеся адносна клімату, — заявіў Макрон. — Пляну «Б» не існуе, таксама як і не існуе плянэты «Б». Раней Макрон запрашаў у Францыю амэрыканскіх навукоўцаў-кліматолягаў, якіх Трамп абяцаў пазбавіць дзяржаўнага фінансаваньня.
- Кампаніі Mars, Nike, Levi Strauss і Starbucks яшчэ некалькі месяцаў таму падпісалі ліст Трампу, у якім заявілі, што адмова перайсьці на экалягічна чыстую эканоміку ставіць росквіт ЗША пад пагрозу.
Хто падтрымлівае рашэньне Трампа?
- Некаторыя навукоўцы лічаць, што ЗША «унутры пагадненьня» — горш, чым па-за ім. На думку Люка Кэмпа з Аўстралійскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, «непрадказальныя» ЗША могуць прынесьці больш шкоды ў якасьці ўдзельніка пагадненьня, чым па-за ім, таму што яны могуць скарыстацца кансэнсуснай сыстэмай галасаваньня ААН, каб адмяніць важныя рашэньні па правілах Парыскага пагадненьня.
- Прадстаўнікі вугальнай і нафтавай прамысловасьці ЗША і работнікі гэтых галін.
- Людзі, якія ня вераць у тэорыю глябальнага пацяпленьня, а таксама тыя, хто лічаць, што грошы на дасьледаваньне клімату варта было б накіраваць на іншыя, больш карысныя, мэты.
- Стратэгічны дасьледчы інстытут ЗША Heritage Foundation перакананы, што Парыскае пагадненьне небясьпечнае «разбуральнымі» наступствамі для эканомікі і не прынясе «ніякай» карысьці навакольнаму асяродзьдзю.
- На долю ЗША прыпадае 14% выкідаў вуглякіслага газу на плянэце.