Пададзеныя на конкурс праекты памятнага знаку ў Курапатах разгледзіць спэцыяльна створаная грамадзкая працоўная група пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара газэты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.
Першы намесьнік міністра культуры Ірына Дрыга ў адказе на зварот Эўрарадыё сказала, што падчас правядзеньня конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты» Міністэрства культуры атрымала 26 заявак.
У адпаведнасьці з Палажэньнем аб парадку арганізацыі і правядзеньня конкурсу ў мэтах захаваньня ананімнасьці аўтараў конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца ўдзельнікамі пад чатырохзначным нумарам, які ўказваецца аўтарамі на ўсіх матэрыялах у левым верхнім куце, а таксама на канвэрце ўдзельніка конкурсу.
«Разам з тым у Міністэрства культуры цягам правядзеньня конкурсу паступалі звароты грамадзян з альтэрнатыўнымі прапановамі па пытаньні мэмарыялізацыі ўрочышча „Курапаты“ і просьбамі вынясеньня на грамадзкае абмеркаваньне пытаньня ўстаноўкі мэмарыяла, — гаворыцца ў адказе Ірыны Дрыгі. — Улічваючы, што ўрочышча Курапаты павінна стаць агульнанацыянальным мэмарыялам смутку і памяці, пытаньні, якія ўзьнімаюцца ў зваротах грамадзян, павінны быць урэгуляваны ў атмасфэры грамадзянскай згоды і патрабуюць большага часу для іх асэнсаваньня, Міністэрствам культуры прапанавана разгледзець пададзеныя на конкурс працы спэцыяльна створанай грамадзкай працоўнай групе».
25 сакавіка Міністэрства культуры абвясьціла адкрыты конкурс эскізных праектаў памятнага знаку для мэмарыялу «Курапаты». Міністэрства культуры абвясьціла пра конкурс на наступны дзень пасьля таго, як 24 сакавіка, наведваючы Ліду, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс.
27 красавіка ў Менску падвялі вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял», які зладзіла грамадзкасьць: ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў», творчая суполка «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, грамадзкія абʼяднаньні «Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты», «Дыярыюш» і «Цэнтар «Супольнасьць», грамадзкі электронны архіў «Вытокі» ды іншыя.
Раней Сьвятлана Алексіевіч паведаміла, што ёй прапаноўвалі ўзначаліць камісію па вызначэньні помніка ў Курапатах. Ад гэтай прапановы з адміністрацыі прэзыдэнта яна адмовілася.