Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І нічога з намі не здарылася


Калі мне было шэсьць гадоў, я часта гулялася ў двары шматпавярховіка з дзецьмі, старэйшымі за мяне на адзін-два гады, і за намі не глядзелі дарослыя. На шчасьце, нічога страшнага ні з кім не здарылася, а найбольшымі траўмамі былі пабітыя каленкі. У той час такія самастойныя гульні лічыліся нормай, і нікому не прыйшло б да галавы асуджаць нашых бацькоў за абыякавасьць альбо стварэньне патэнцыйна небясьпечнай сытуацыі.

І гэта было няправільна.

Некаторыя і дагэтуль лічаць, што пакінутае дома чатырохгадовае дзіця — гэта звычайная паўсядзённая сытуацыя.

Шмат каго з маіх аднагодак пакідалі саміх дома ў вельмі раньнім узросьце, і гэта таксама лічылася нормай. На жаль, некаторыя і дагэтуль лічаць, што пакінутае дома чатырохгадовае дзіця — гэта звычайная паўсядзённая сытуацыя, а не надзвычайнае здарэньне.

Вось у Бярозе бацькі пакінулі сваю чатырохгадовую дачку адну дома, бо яна адмовілася ехаць у паліклініку разам са старэйшым братам. Калі родныя сышлі, дзяўчынка зьмяніла сваё рашэньне альбо проста спалохалася, што засталася адна ў кватэры. Яна залезла на падваконьне, адкрыла вакно і скокнула ўніз на вуліцу. Цяпер яна ў лякарні з траўмамі галавы і сьпіны. Я шчыра спадзяюся, што доўгатэрміновых наступстваў для здароўя не будзе.

«Не хацела ісьці ў паліклініку» — гэта, відаць, фармулёўка бацькоў. Вядома ж, можна сказаць, што іх дзеяньні — вынік папулярнага сёньня меркаваньня, што да жаданьняў дзяцей трэба ставіцца з павагай, нават калі дзеці зусім маленькія, і іх жаданьні часта ідуць насуперак аб’ектыўнай неабходнасьці. Але гэта была б маніпуляцыя, бо «нармальнасьць» пакіданьня малога дзіцяці без дагляду дарослых ўпісваецца акурат у больш традыцыйную для Беларусі мадэль выхаваньня. Адна з цэнтральных ідэй гэтай мадэлі: «Ды нічога ня здарыцца! Мы вунь у дзяцінстве чаго толькі ні рабілі, і ўсё нармальна!»

Бацькі маюць два адэкватныя сцэнары паводзінаў: угаварыць дзіця ці прымусіць.

Але ня ўсё нармальна. Калі малое дзіця адмаўляецца некуды ісьці, бацькі маюць два адэкватныя сцэнары паводзінаў: угаварыць дзіця ці прымусіць. Безумоўна, лепш дабіцца таго, каб дзіця пайшло з бацькамі па ўласнай волі. Але калі не хапае часу альбо цярпеньня на доўгія размовы, дзіця трэба проста і весьці альбо несьці. Пэдагагічны правал? Дзіця пакрыўдзіцца? Затое будзе каму крыўдзіцца.

Адна рэч, калі мы спрачаемся пра больш і менш правільныя падыходы ў выхаваньні, і іншая, калі размова ідзе пра рызыку для жыцьця. А рэчы трэба называць іх сапраўднымі імёнамі: пакідаць малое дзіця без нагляду — гэта рызыкаваць ягоным жыцьцём.

Цяперашні падыход да дзіцячай бясьпекі ў Беларусі правальны ў параўнаньні з тымі краінамі, дзе працуюць законы, якія забараняюць пакідаць дзіця адно дома да пэўнага ўзросту.

Можна доўга спрачацца пра вызначэньне мяжы, бо ў розных людзей рознае ўяўленьне пра тое, што значыць «малое дзіця». Але адно відавочна: цяперашні падыход да дзіцячай бясьпекі ў Беларусі правальны ў параўнаньні з тымі краінамі, дзе працуюць законы, якія забараняюць пакідаць дзіця адно дома да пэўнага ўзросту. У статыстыцы сьмяротнасьці дзяцей у выніку падзеньня і апёкаў Беларусь займае трэцяе найгоршае месца з 39 эўрапейскіх краінаў. Ад атручэньняў — другое.

Згадваць аб тым, як з намі ў дзяцінстве нічога не здарылася, — безумоўна, весела. Але зь іншымі здарылася. Адзін мой знаёмы спаліў хату, калі яму было чатыры гады, бо застаўся адзін, дацягнуўся да запалак і падпаліў кнігі. Ён, дарэчы, кажа, што страшна не было, нават калі вагонь пачаў пераходзіць на іншыя прадметы. Проста было сьпякотна, і таму ён выйшаў, адышоў мэтраў на 20, сеў на камень, назіраў, як гарыць хата, і не разумеў, чаму ўсе вакол так хвалююцца.

Дзецям можа быць ня страшна, калі гарыць агонь, і ім можна быць не страшна выйсьці ў вакно.

Дзецям можа быць ня страшна, калі гарыць агонь, і ім можна быць не страшна выйсьці ў вакно. Яны могуць баяцца прыдуманай пачвары, якая жыве пад ложкам, і не баяцца рэальных пераломаў і цалкам рэальнай сьмерці.

У 2016 годзе ў Беларусі пяцёра дзяцей загінулі, бо выпалі з вакна. Можна, безумоўна, сказаць, што ў маштабах краіны гэта зусім няшмат, але ўсе гэтыя сьмерці — не няшчасныя выпадкі, у якіх няма вінаватых. Гэтых трагедый можна было пазьбегнуць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG