Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за ўчорашні напад на хрысьціян-коптаў у Эгіпце. Экстрэмісты сьцьвярджаюць, што забілі 32 чалавекі.
Паводле дадзеных уладаў Эгіпту, забітых — 29, 13 параненых застаюцца ў бальніцах.
Як паведамлялі эгіпэцкія ўлады, група ўзброеных людзей у масках напала на аўтобус, які вёз коптаў-паломнікаў у манастыр у паўднёвай правінцыі Мінья.
Пасьля нападу прэзыдэнт краіны Абдэль Фатах ас-Сісі паведаміў пра авіяўдары па трэніровачнай базе «Ісламскай дзяржавы» ў Лібіі. У суботу вайскоўцы паведамілі, што зьнішчана некалькі баз, дзе рыхтаваліся баевікі, якія ўдзельнічалі ў нападзе на коптаў.