Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закінутая будоўля вясьлярнага каналу на Дняпры стала экалягічнай бядой


Адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага каналу. Абляпіха вышэйшая за агароджу
Адміністрацыйна-спартовы корпус вясьлярнага каналу. Абляпіха вышэйшая за агароджу

Алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масяйкоў пра недабудаваны вясьлярны канал у Магілёве: «Глядзіш на гэты даўгабуд, і сэрца сьціскаецца».

У Магілёве чатыры гады замарожанае будаўніцтва адміністрацыйна-спартовага корпусу вясьлярнага каналу. На завяршэньне няма фінансаваньня.

Жыхары прылеглага да доўгабуду раёну абураюцца: кінуты аб’ект — асноўная прычына забруджаньня берагоў Фацінскай затокі ды й Дняпра.

Пераблыталі ліўневую камунікацыю з каналізацыйнай

Будаўнічая пляцоўка на Фацімскай затоцы зарастае абляпіхаю. Месцамі кустоўе сягае вышэй агароджы. З тыльнага боку ўзьведзенай за два гады будыніны шыбы дарагіх шклопакетаў пабітыя. Навокал раскіданае бытавое сьмецьце. Некалі выкладзеную тратуарную плітку крадуць.

«У раёне вуліц Цярохіна і Златавустоўскага два даўгабуды: вясьлярная база і, трошкі далей ад яе, лодачная станцыя. Наш раён новы, і такія аб’екты псуюць ягоны выгляд», — казаў адзін з жыхароў прылеглага да затокі дома.

Даўгабуд з тыльнага боку
Даўгабуд з тыльнага боку

«Актыўнасьці на гэтых аб’ектах, — адзначыў ён, — няма ня першы год, і з кожным годам яны разбураюцца. Тэрыторыя ж вакол будоўляў занепадае. Ля іх утвараюцца несанкцыянаваныя сьметнікі. Даводзіцца скардзіцца, каб іх прыбіралі. Калі тут усё будзе даведзена да ладу — пытаньне рытарычнае».

Нядаўна жыхары даведаліся, што будаўнікі, якія ўзводзілі адзін з дамоў, пераблыталі ліўневую камунікацыю з каналізацыйнай і нечыстоты, абмінаючы адстойнікі, цяклі наўпрост у затоку.

«Сьмярдзела — не прадыхнуць», — кажа мясцовы жыхар.

«Калі б гэты аб’ект функцыянаваў, — паказаў ён на даўгабуд,— ці на ім вялося будаўніцтва, дык праблему выявілі б хутка, а так ніхто ня мог высьветліць, адкуль смурод. Нечыстоты зьліваліся ў затоку, ды й ня дзіўна, бо калектары на ёй і на Дняпры разбураюцца. Уражаньне такое, што пра іх забыліся».

«Выходзіла так, што людзі спачатку хадзілі ў прыбіральню, а потым ішлі купацца», — далучылася да гутаркі жанчына, паказваючы на недалёкі ад даўгабуду пляж.

Заезд на пляцоўку падперлі бервяном
Заезд на пляцоўку падперлі бервяном

«Была праверка, і яна паказала вялікае перавышэньне ў вадзе аміяку. Пакаралі за парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства будаўнічы трэст № 17», — заявіла суразмоўца, спаслаўшыся на свае крыніцы інфармацыі.

«Во, сынок, бачыш, дзе каналізацыя ў нас. І побач нехта даўмеўся разьбіць пляж», — не хаваючы абурэньня, казалі пэнсіянэры. Абодва пасьвілі козы на беразе затокі.

«Іншым разам глядзіш, а ў затоцы кал плавае, — абуралася кабета. — Няўжо іншага месца не было для пляжу? Як у чалавека, які прыдумаў такое, мазгі працуюць?»

Сярод забароненых сёлета месцаў для купаньня значыцца і затока з боку вуліцы Фаціна. На мясцовым пляжы выстаўлены знак з адпаведным надпісам.

Забруджаньня нібыта не было, але будаўнікоў пакаралі

У Магілёўскай гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пацьвердзілі факт парушэньня будаўнікамі тэхналёгіі пракладкі камунікацыяў, але абверглі забруджваньне сьцёкавых водаў аміякам.

Лодачная станцыя таксама даўгабуд
Лодачная станцыя таксама даўгабуд

«Нас зацікавіў факт, што ў сухое надвор’е ў ліўнёўцы ідзе рух вады. Правялі лябараторныя досьледы, якія ня выявілі забруджваньня аміякам, — давёў супрацоўнік інспэкцыі, — Высьветлілі, што пры будаўніцтве дома былі парушаныя пэўныя тэхналягічныя нормы, за гэта мы пакаралі будаўнікоў. Супраць трэста пачаўся адміністрацыйны працэс, які скончыцца адназначна штрафам. Сытуацыя ўзятая пад кантроль. Калі будзе сыгнал, то будзем рабіць захады».

На згадку пра тое, што будаўнічая пляцоўка вясьлярнай базы занепадае, суразмоўца запэўніў: мясцовы зелянгас пэрыядычна яе прыбірае.

Гэтак выглядае на Дняпры калектар сьцёкавых водаў
Гэтак выглядае на Дняпры калектар сьцёкавых водаў

«На жаль, вясьлярная база — даўгабуд. Мы прымушаем зелянгас прыбіраць сьмецьце, каб гэтая база хоць эстэтычна выглядала прыстойна. Адходы там пэрыядычна зьбіраюцца, — ня ўтойваў эколяг. — Пытаньне яшчэ ў тым, што ўвечары там зьбіраюцца кампаніі і расьпіваюць сьпіртныя напоі, тара ад якіх застаецца там жа. Трэба запытаць міліцыю, ці патрулюе яна той раён, ці робіць рэйды. Вартаўнік жа ня будзе казаць падпітым людзям пра парадак».

Узяліся будаваць, а грошай не было

Узводзіць адміністрацыйна-спартовы корпус пачалі ў 2011 годзе. Тады мясцовая прэса аптымістычна пісала, што вясьлярны канал дазволіць на высокім прафэсійным узроўні трэнаваць спартоўцаў. У 2013-м празь нястачу фінансаваньня работы спыніліся, але аб’ект не закансэрвавалі як сьлед. Ва ўзьведзенае ўклалі 70 мільярдаў старых рублёў. Прызнавалася: каб завяршыць будаўніцтва, патрэбна сума ў разы большая.

Затока забалочваецца
Затока забалочваецца

Летась дзяржкантроль бэсьціў будаўнікоў за нядбайнае стаўленьне да сваіх абавязкаў. Гэта прывяло, казалі кантралёры, да таго, што аб’ект пачаў разбурацца. Супрацоўнікі кантрольнага ведамства гаварылі пра неабходнасьць перакладваньня сьценаў, рамонту даху, празь які цячэ вада і разбурае будынак знутры. Паказвалі кінутыя не скарыстаныя будаўнічыя матэрыялы.

«Першая праблема — гэта недастатковае плянаваньне будаўніцтва, — камэнтаваў абласному тэлебачаньню сытуацыю на будаўніцтве адміністрацыйна-спартовага корпусу супрацоўнік дзяржкантролю Дзьмітры Захараў, — Мы бяромся будаваць тое, на што няма дастатковага фінансаваньня».

На нястачу сродкаў наракаў супрацоўнік абласнога ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Ягор Шчараў.

«Было б ідэальна, каб выдзялілі сродкі для будаўніцтва, — даводзіў ён. — Гэта дазволіла б малымі сіламі абысьціся з тымі ж пашкоджанымі канструкцыямі. А так чым далей, тым горш».

Прырода сваё адваёўвае

Сам вясьлярны канал таксама не завершаны. Ён разам зь Дняпром мялее. Некаторыя яго ўчасткі зарастаюць кустоўем і забалочваюцца. «Прырода вяртае сваё», — так ахарактарызаваў сытуацыю адзін з жыхароў магілёўскага раёну Лупалава. Гэта паселішча амаль што на беразе Фацінскай затокі.

Купаньне забароненае
Купаньне забароненае

«Сорак гадоў таму тут былі балоты, ды такія, што не прайсьці, — прыгадаў мужчына. — Крыніцы паўсюдна былі. Каб дабрацца да Дняпра, у кожнага меліся чаўны. Цяпер жа кінутую чалавекам мясьціну прырода адваёўвае сабе, і чалавек бясьсільны што-кольвек зрабіць зь сілай прыроды».

Паводле суразмоўцы, раней парадак у навакольлі Дняпра трымаўся на мясцовых жыхарах. Цяпер жа рэй вядуць тыя, хто засяліў шматпавярховікі. «Яны ж самі і забрудзілі мясьціну», — настойваў жыхар Лупалава.

Ён кіўнуў на вышыню насыпнога грунту, на якім узьвялі тутэйшы жылы масіў і пад якім апынуліся крыніцы.

Краявід на вясьлярным канале
Краявід на вясьлярным канале

«Пяць мэтраў вышыня, — адзначыў суразмоўца. — Шматпавярховікі даюць усадку, і трэскаюцца сьцены. Я ведаю, мне паказвалі кватэры ў гэтых дамах».

«А што да гэтага спарткомплексу, — на разьвітаньне сказаў мужчына, — дык у нашых кіраўнікоў вечнае апраўданьне: няма грошай. А калі іх няма, навошта будаваць такія аб’екты?».

Алімпійскі чэмпіён па веславаньні на каноэ-двойцы 1992 году ў Барсэлёне Аляксандар Масяйкоў, камэнтуючы сытуацыю на вясьлярным канале, адзначыў, што гэта ягоны галаўны боль. Аляксандар Анатолевіч — дырэктар абласнога цэнтру алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту і дэпутат аблсавету.

Вясьлярны канал зарастае кустоўем
Вясьлярны канал зарастае кустоўем

«44-я Дзьмітраўская акруга — гэта мае выбарнікі, таму людзі да мяне пастаянна зьвяртаюцца (і я пастаянна ў сваіх дэпутацкіх справаздачах пішу, што людзі зьвяртаюцца), але пакуль нічога не адбываецца.

На пачатку я быў ініцыятарам будаўніцтва вясьлярнага канала з усёй інфраструктурай, бо ў Кастрычніцкім раёне мала спартовых аб’ектаў, і ў новым раёне Фаціна таксама.

Аляксандар Масяйкоў
Аляксандар Масяйкоў

Пётра Пятровіч Пракаповіч быў старшынём саюзу вясьлярных відаў спорту, і была дамоўленасьць з уладай, што частку грошай плаціць Нацбанк, а частку — бюджэт вобласьці. Усё, што ўзьведзена — гэта на грошы Нацбанку, а ў вобласьці магчымасьці няма.

Усюды зьвяртаемся, ніхто ня кажа „не“, але сытуацыя не кранаецца зь месца. Сэрца сьціскаецца, як бачыш, што будынак разбураецца».

Гэтак мог бы выглядаць спартовы аб’ект у ідэале
Гэтак мог бы выглядаць спартовы аб’ект у ідэале

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG