Такі допіс у фэйсбуку я атрымала сёньня раніцай ад Паўла Маісеева, загадчыка аддзелу супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Павал згадваў прэзэнтацыю кнігі «Жыцьцё пасьля раку» 20 кастрычніка 2014 году ў Канцэртнай залі «Менск», у якой сам браў удзел як анколяг і аўтар прадмовы да кнігі.
Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». «Жыцьцё пасьля раку» — гэта 22 гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс, якія жывуць пасьля анкалягічнага дыягназу 5, 10, 20 і болей гадоў і ведаюць, што рак — гэта не прысуд.
Я была аўтаркай ідэі "Жыцьця пасьля раку", укладальніцай кнігі і вядучай той імпрэзы. Гэта была вельмі кранальная прэзэнтацыя з удзелам герояў кнігі, якія шчыра распавядалі пра свой досьвед жыцьця пасьля анкалягічнага дыягназу. На прэзэнтацыі бясплатна на знак салідарнасьці з героямі кнігі пагадзіліся выступіць тры беларускія гурты NAVI, RECHA і RAHIS.
Калі на сцэну выйшлі NAVI, салістка Ксенія Жук не магла стрымаць сьлёзы:
«У маёй сямʼі таксама была такая сытуацыя. Вельмі складана пра гэта гаварыць. Я вельмі трымаюся, каб не заплакаць. Дзякуй вам вялікі за тое, што вы ўсе такія жывыя, вы ўсе такія сумленныя, шчырыя. Я з вамі так згодная, што трэба верыць... І каб думкі былі сьветлыя... Аплядысмэнты вам. Так хацела не расплакацца, але не атрымалася. Мы будзем для вас граць нашыя песьні, яна вельмі сонечныя, і калі камусьці дапаможа наша музыка, мы будзем вельмі ўдзячныя, таму што для такіх цудоўных людзей сёньня граць для нас вялікі гонар».
Саліст Арцём Лукʼяненка, які быў у майцы свабодаўскай кампаніі «ПеРАКможам» казаў, што гэта першы іх досьвед выступу менавіта перад такой аўдыторыяй, і самае галоўнае для яго, што людзі настроеныя на пазытыў, гэтак жа як і іх музыка.
Выступ NAVI з 49 хвіліны.
Цяпер гурт называецца NAVIBAND. Іх музыка сапраўды сонечная, сапраўды пазытыўныя. Я ня ведаю, хто меў анкалягічную хваробу ў сямʼі Ксеніі, ня ведаю, ці перамаглі яны рак. Але калі я глядзела іх выступ на Эўравізіі, то ўсьведамляла, што ў той момант NAVI ганарылася ня толькі іх сямʼя, сябры, знаёмыя, усе героі кнігі «Жыцьцё пасьля раку», але і ўся Беларусь. Бо яны — сапраўдныя і такія жывыя...
Яны ўжо перамаглі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.