Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб дзеці любілі вайну


9 траўня Берасьце пераўтвараецца ў пункт паломніцтва тых, хто вельмі хоча «На Бэрлін», але зь нейкіх прычынаў ня склалася. Частка гэтых вялікіх вандроўніц і вандроўнікаў застаецца ў Менску, але шмат хто даяжджае ажно да самай мяжы з Эўразьвязам. Гараджане ня надта радуюцца гэтым спэцыфічным турыстам, асабліва калі тыя прыехалі з Расеі. Але пасьля некалькі чарак моцнага алькаголю побач з уваходам у Берасьцейскую крэпасьць мясцовыя дабрэюць і часам таксама становяцца «Набэрлінцамі».

Музычка, гарэлачка, мары пра Бэрлін.

Не падумайце нічога такога: п’юць амаль усе ў спэцыяльна адведзеных для гэтага месцах. Гарадзкія ўлады паклапаціліся, каб такія месцы былі. Музычка, гарэлачка, мары пра Бэрлін.

У самой крэпасьці адкрыта ня п’юць, ды і па куточках асабліва не хаваюцца: там дастаткова іншых забаваў: можна сфатаграфавацца ў савецкай вайсковай форме, палазіць па руінах крэпасьці, танках і іншай тэхніцы, набыць на памяць магніцік з цытатай Сталіна. У рэстарацыі «Цытадэль» можна падсілкавацца.

Але галоўнае, што робяць 9 траўня ў Берасьцейскай крэпасьці дарослыя людзі — яны вучаць дзяцей любіць вайну. Яны так радасна ўсьміхаюцца, калі пазіруюць у вайсковай форме! Яны расказваюць дзецям пра тое, што на вайне было шмат герояў, якія адважна забівалі ворагаў, і пра тое, што калі свае забіваюць чужых — гэта добра і правільна. Яны вучаць хлопчыкаў, што трэба расьці моцнымі, каб у будучым даць адпор усім ворагам. Яны вучаць дзяўчынак, што вайсковая сукенка — гэта вельмі прыгожа.

Я не разумею, навошта вучыцца бачыць у вайне прыгажосьць.

Я ня веру ў тое, што пакаленьне, якое вучаць любіць вайну і бачыць у ёй прыгажосьць, вырасьце больш моцным і пасьпяховым, чым пакаленьне, якое вучаць баяцца вайны і ненавідзець яе. І, што больш важна, я не разумею, навошта вучыцца бачыць у вайне прыгажосьць.

Стакгольмскі сындром у нас выхоўваюць з раньняга дзяцінства. І калі гэтага ня робіць сям’я, дык з задавальненьнем зробіць школа.

Берасьцейскія школы па чарзе адпраўляюць старшаклясьніц і старшаклясьнікаў несьці варту побач з вечным агнём. Яны вучацца правільна перастаўляць ногі, трымаць рукі і паварочваць галаву, і займаюцца гэтым замест шэрагу школьных урокаў на працягу некалькіх тыдняў. Таксама ў крэпасьць ходзяць клясамі на экскурсіі. Фармальна, нічога кепскага ў гэтым няма. Праблема толькі ў тым, што экскурсіі праводзяцца менавіта фармальна. Вельмі шмат словаў пра геройства і мужнасьць, і вельмі мала — пра боль і страх.

Савецкі вайсковец паўстае ў гэтым наратыве бяздушнай машынай для забойстваў у гонар Вялікай Краіны.

Савецкі вайсковец паўстае ў гэтым наратыве бяздушнай машынай для забойстваў у гонар Вялікай Краіны. У яго няма сумневаў у правільнасьці сваіх дзеяньняў, і ён ня бачыць аніякай несправядлівасьці і абсурду ў тым, што яго паплечнікаў забіваюць аднаго за адным.

У міталёгіі Берасьцейскай крэпасьці яе абаронцы поўзалі па ваду амаль выключна для таго, каб астуджаць зброю. На экскурсіях ня кажуць пра прамываньне ран і мімаходзь узгадваюць пра тое, што людзям трэба было піць. Брудныя раны і смага вайскоўцаў не цікавілі ідэалягічны апарат раней і не цікавяць яго цяпер. Вайсковец павінен быў забіваць, а зброя хутка перагравалася, — вось пра што на самой справе расказваюць на экскурсіях, указваючы рукой на помнік «Смага».

Даўно прыйшоў час вучыць дзяцей ненавідзець вайну.

Той «Вялікай Краіны», на шчасьце, больш няма, і ўжо даўно прыйшоў час вучыць дзяцей ненавідзець вайну. Ненавідзець так моцна, каб нават цацачныя аўтаматы ў дзіцячых крамах выклікалі абурэньне.

Але вось цяпер у Берасьцейскай крэпасьці нейкія бацькі пераапранаюць сваіх дзяцей у вайсковую форму і просяць іх пазіраваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG