Пра гэта паведаміў рэсурс newsonline24. Напярэдадні ўлады сталіцы Чэхіі забаранілі расейскім байкерам праезд у цэнтар гораду, аднак на Вацлаўскай плошчы 30 актывістаў выйшлі з расьцяжкай і сьцягамі, сярод якіх былі крымскататарскі сьцяг і афіцыйныя сьцягі Ўкраіны, Чэхіі, NATO і Эўразьвязу. Таксама ўдзельнікі «сустрэчы» расейскіх байкераў раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра тое, што «Начныя ваўкі» падтрымліваюць анэксію Крыму Расеяй, а сам клюб фінансуецца з расейскага бюджэту.
Паведамляецца, што свае мерапрыемствы расейскія байкеры правялі на Альшанскіх могілках.
Ужо некалькі гадоў запар напярэдадні 9 траўня байкеры з клюбу «Начныя ваўкі» праводзяць прапагандысцкія прабегі «На Бэрлін» па краінах усходняй Эўропы. Летась некалькіх «начных ваўкоў» не пусьцілі ў Польшчу, сёлета вядома пра затрыманьне ў Польшчы як найменей аднаго байкера гэтага расейскага клюбу. Праезды «Начных ваўкоў» па Беларусі праходзяць пры судзеяньні мясцовых уладаў, але па-рознаму ўспрымаюцца ў грамадзтве. У 2015 годзе каля Кургана славы, дзе чакаўся прыезд расейскіх байкераў, прайшла акцыя пратэсту.