Цыганкоў: У судзе Маскоўскага раёну Менску 27 красавіка прайшоў працэс па справе Вячаслава Касінерава — анархіста, які 12 сакавіка накінуў пятлю на помнік царскаму гарадавому ў Менску перад будынкам МУС.
Вячаслава затрымалі, абвінавацілі ў хуліганстве. Яму пагражала да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Так прадугледжваў гэты артыкул.
Вячаслаў не адмаўляў сваіх дзеяньняў, але віны не прызнаваў, бо лічыць гэта не хуліганствам, а пэрформансам, накіраваным супраць міліцэйскага беззаконьня.
Відавочна, пакуль беларуская ўлада ня хоча ўзмацненьня рэпрэсіяў.
Пракурор папрасіў пакараць Касінерава абмежаваньнем волі, асудзіць на два гады «хатняй хіміі». Але судзьдзя, прызнаўшы Касінерава вінаватым у хуліганстве, пастанавіў, што пакараньне павінна быць у выглядзе штрафу памерам 5 базавых велічыняў — 115 рублёў.
Чаму такі вырак? Відавочна, пакуль беларуская ўлада ня хоча ўзмацненьня рэпрэсіяў. Мы гэта неаднаразова абмяркоўвалі, калі гаварылі пра вынікі акцыі 25 сакавіка.
Вось гэты выпадак таксама сьведчыць пра тое, што ў Беларусі на дадзены момант не наступіў той пэрыяд, які наступіў пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі рэпрэсіі былі масавыя.
Але трэба сказаць, што гэты выпадак з Касінеравым усё ж асаблівы.
Перш за ўсё, яго досыць хутка прызналі афіцыйным палітвязьнем. Бо ўся справа відавочна мела палітычнае адценьне. Гэта, я думаю, паўплывала на вынік суду.
На падобных судах па палітычных справах рашэньні спускаюцца зьверху. Тое, што ўлада праявіла такую «ляяльнасьць» і «гуманізм» у параўнаньні з астатнімі сваімі дзеяньнямі ў дачыненьні да Вячаслава Касінерава, зусім ня значыць, што такі ж самы «гуманізм» будзе праяўлены ў «справе патрыётаў». У справе «Белага легіёну» будзе ня ўсё так проста.
Справа Касінерава выглядала відавочна палітычнай, да таго ж улады будуць спрабаваць прадставіць затрыманых патрыётаў не як апазыцыянэраў, а як патэнцыйных тэрарыстаў — тое, што можна неяк прасунуць на Захад як барацьбу з тэрарызмам, усталяваньне канстытуцыйнага парадку і г.д.
Яшчэ будзе шмат чыньнікаў, якія будуць уплываць на рашэньне ўладаў па гэтай справе: гэта і эканамічная сытуацыя, і адносіны з Захадам, і пазыцыя праваабаронцаў што да ўдзельнікаў гэтай справы.
Яны будуць узважваць усе гэтыя чыньнікі, каб думаць пра свой мэсыдж грамадзтву і пра тое, каб гэтая справа не нанесла шмат шкоды іміджу беларускай улады на Захадзе.
Карбалевіч: Па гэтай гісторыі з Касінеравым можна прасачыць усе палітычныя манэўры ўладаў.
Спачатку арыштавалі ў рамках агульнага шалу рэпрэсій, думалі пасадзіць. А тут праваабаронцы абвясьцілі яго палітычным зьняволеным. І вось улады перадумалі.
Відавочна, улады ня хочуць мець палітвязьня.
Калі ён быў вызвалены да суду пад падпіску аб нявыезьдзе, было відавочна, што трымаць за кратамі яго не зьбіраюцца. Ну, а падчас суду зладзілі спэктакль. Пракурор патрабуе два гады «хіміі», а гуманны суд абмяжоўваецца штрафам, прычым параўнальна малым.
Відавочна, улады ня хочуць мець палітвязьня. Прычым за такое трохі камічнае «злачынства», як хуліганства з скульптурай.
Не да канца зразумела, чаму грамадзяне павіны выказваць павагу да скульптуры гарадавога. Гэта што, герой Беларусі?
Яшчэ адна падобная справа. Сёньня, 28 красавіка, адбудзецца суд — затрыманы каардынатар стрыт-арт-праекту Signal Алег Ларычаў. Яго падазраюць у датычнасьці да зьяўленьня шэрагу вострасацыяльных графіці і постэраў у апошнія месяцы ў Менску. Але судзяць яго па адміністратыўным артыкуле.
Што тычыцца «справы патрыётаў», я б пакуль не сьпяшаўся рабіць высновы.
Я зьвярнуў увагу вось на якую акалічнасьць. Аляксандар Лукашэнка падчас свайго пасланьня ні словам не ўзгадаў пра гэтую справу. Чаму?
Дасюль жа была такая масіраваная прапагандысцкая кампанія. І газэта «Советская Белоруссия» на дзьве з паловай паласы пра гэтую справу пісала, і БТ цэлы фільм паказала.
Здавалася б — ну вось, грамадзтва рыхтуюць да нейкага буйнога працэсу. І, здавалася б, Лукашэнка павінен падтрымаць гэтую кампанію.
Але ён прамаўчаў. І з гэтага я раблю выснову, што ўлады да канца дасюль не прынялі палітычнага рашэньня па гэтай справе.
Цыганкоў: Лукашэнка прамаўчаў, каб ня быць потым зьвязаным сваімі словамі, бо пытаньне адкрытае і будзе залежаць ад шматлікіх чыньнікаў. І зараз зьбіраецца розная інфармацыя пра магчымую рэакцыю ўсіх зацікаўленых бакоў.
Глод: Калі б Вячаслаў Касінераў быў асуджаны больш сурова, то яго адразу б прызналі палітычным вязьнем замежныя праваабаронцы. Дый сам Касінераў пабудаваў сваю абарону ў гэтым рэчышчы. Ён адразу падкрэсьліў палітычны матыў свайго ўчынку, патлумачыў, чаму ён так зрабіў. Таму і ўзьнікла пытаньне: а ці патрэбны ўладам зараз яшчэ адзін палітвязень?
Гульня працягваецца. І стаўкі ў ёй будуць то падвышацца, то паніжацца.
Сытуацыя для ўладаў цяпер няпростая. Яны, што неаднаразова адзначалі экспэрты, вымушаныя балянсаваць.
З аднаго боку, ім вельмі ня хочацца прызнаць сваю слабасьць і вынесьці мяккі прысуд. З другога, патрэбныя крэдыты, патрэбны так званы дыялёг з Захадам. Таму і даводзіцца рабіць то крок управа, то крок улева.
Прысуд Касінераву, як, дарэчы, і яшчэ адзін нядаўні апраўдальны прысуд — праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, не азначае, што ўлады сталі больш гуманнымі (і тут я згодны зь Віталём Цыганковым). Палітычныя матывы ў гэтых выраках выйшлі на пярэдні плян.
Міжнародная супольнасьць, няхай пакуль і неафіцыйна, вызначыла сваю чырвоную рысу — наяўнасьць палітзьняволеных. У Менску гэта ведаюць і робяць так, каб і падысьці да мяжы як мага бліжэй, і разам з тым яе не парушыць. І што будзе далей, пакажа час.
Карацей, беларускаму кіраўніцтву патрэбны калідор для манэўраваньня і балянсаваньня паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі. Яно такі калідор зрабіла, але ні звужаць, ні тым болей пашыраць яго не зьбіраецца.
Гульня працягваецца. І стаўкі ў ёй будуць то падвышацца, то паніжацца. Напрыклад, у перамовах зь Міжнародным валютным фондам аб выдзяленьні Беларусі крэдыту.