Асноўная праблема, якую бачаць замежныя назіральнікі ў працэсе будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі — тое, што місіі МАГАТЭ вывучаюць толькі законы ды інфраструктуру, а сам працэс будаўніцтва, якасьць матэрыялаў, абсталяваньня, кваліфікацыю падрадчыкаў Менск трымае пад строгім сакрэтам, гаворыцца ў рэпартажы тэлеканалу Белсат.
Падчас будаўніцтва атамных электрастанцый Міжнароднае агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ) толькі прапануе краінам-удзельніцам арганізацыі свае паслугі ў выглядзе экспэртных місіяў, якія можна запрашаць, а можна не запрашаць. Вывучаюць гэтыя місіі выключна тыя пытаньні, аб якіх іх просіць прымаючая краіны.
Заклікаць і патрабаваць агенцтва можа толькі ў справе ядзернай зброі. Наконт АЭС ёсьць шэраг міжнародных канвэнцыяў, але іх невыкананьне не прадугледжвае ніякіх міжнародных санкцыяў.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія будуюць свой першы рэактар адначасова зь беларускім, запрасілі да сябе 15 місіяў — утрая больш, чым Беларусь.
З амаль дваццаці магчымых місіяў МАГАТЭ, Беларусь вырашыла скарыстацца пяцьцю. Тры зь іх ужо завяршылі працу, яшчэ дзьве маюць прыехаць налета. Для параўнаньня: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія будуюць свой першы рэактар адначасова зь беларускім, запрасілі да сябе 15 місіяў — утрая больш, чым Беларусь.
На будаўнічую пляцоўку ў Астравец возяць усіх наведнікаў з МАГАТЭ, але гэтыя паездкі маюць выключна статус экскурсіяў. Чальцы місіяў не зьяўляюцца адмыслоўцамі ў будаўніцтве і ня маюць права нешта праверыць. Спэцыялізаваныя ж місіі МАГАТЭ па бясьпецы і якасьці будаўніцтва не запрашаюцца, а калі нейкі аспэкт будоўлі хаця б часткова падпадае пад мандат тых місіяў, якія прыяжджаюць вывучаць іншыя пытаньні, то іх мандат абразаецца.
Між там, як адзначае Белсат са спасылкай ранейшыя ацэнкі МАГАТЭ, сыстэма кантролю за якасьцю будаўніцтва зьяўляецца адным з найслабейшых бакоў беларускай ядзернай праграмы.