Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кузьняцоў: КПБ абвясьціла сябе правапераемніцай КПСС, але адказнасьці за рэпрэсіі падзяляць ня хоча


Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

20 красавіка Цэнтральны раённы суд Менску не задаволіў пазову гісторыка, дасьледчыка ў справах палітычных рэпрэсіяў 30-х гадоў Ігара Кузьняцова да Кампартыі Беларусі, партыйнай газэты «Коммунист Беларуси. Мы и время» і аўтара газэты Андрэя Лазуткіна аб абароне гонару і годнасьці, дзелавой рэпутацыі.

У камэнтары для Свабоды Ігар Кузьняцоў расказаў пра матывы падачы свайго пазову на КПБ ды іхную газэту і ацаніў рашэньне судзьдзі Андрэя Дзенукевіча, які адхіліў ягоны пазоў.

— Каб было зразумела, чаму я падаваў пазоў, патлумачу. Апошняя публікацыя пра мяне, якая называлася «Вяртаем памяць Ігару Кузьняцову», зьявілася на сайце КПБ 24 студзеня. Але даведаўся я пра яе вось як: мяне запрасілі ў пэўны кабінэт па месцы працы, дзе сказалі, што ім патэлефанавалі зьверху і сказалі, каб я спыніў свае публікацыі на тэму гісторыі рэпрэсіяў. На маё пытаньне, хто менавіта мной так цікавіцца, мне не адказалі, але перадалі дакладна сказанае: «Каб абмежаваў публікацыі».

З гэтых артыкулаў я шмат цікавага пра сябе даведаўся. Што я нібыта «фальсыфікатар» беларускай гісторыі, «так званы гісторык», што «атрымліваю фінансаваньне замежных спонсараў» і нібыта спрабаваў «сарваць будаўніцтва мэмарыялу ў Трасцянцы». І гэтак далей.

У мяне адразу ўзьнікла думка, чаму гэта адбылося цяпер? За 20 гадоў ніводнага разу мяне нікуды не выклікалі, і тут раптам... Прычым не сказалі, як цяпер Кузьняцову трэба публікавацца ці даваць інтэрвію — раз на квартал ці раз на год, а сказалі абмежавацца? Тут я неяк прыгадаў, што працую ў сыстэме Міністэрства адукацыі, а нядаўна міністрам адукацыі стаў былы першы сакратар Кампартыі Беларусі Карпенка. Тады я адкрываю сайт Кампартыі Беларусі і знаходжу гэты артыкул пра мяне. А да таго на гэтым жа сайце ў 2015 годзе быў артыкул аўтара Лазуткіна, які называўся «Скокі на касьцях», прысьвечаны выключна Кузьняцову, нікога больш з гісторыкаў не чапалі. Потым быў яшчэ артыкул «Хто страляў у Курапатах — НКУС ці СС?». З гэтых артыкулаў я шмат цікавага пра сябе даведаўся. Што я нібыта «фальсыфікатар» беларускай гісторыі, «так званы гісторык», што «атрымліваю фінансаваньне замежных спонсараў» і нібыта спрабаваў «сарваць будаўніцтва мэмарыялу ў Трасцянцы». І гэтак далей. Гэта ўсё ў электронным выглядзе на сайце газэты «Коммунист Беларуси. Мы и время».

Вось пасьля гэтай хлусьні і паклёпу я зьвярнуўся з патрабаваньнем да газэты зьняць гэтыя артыкулы цалкам альбо абвергнуць тыя пункты, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Бо яны лжывыя і зьняважлівыя для мяне як для вучонага і гісторыка. Я адправіў на адрас выданьня электронны ліст, чакаў шмат часу, але адказу не атрымаў. Тады напісаў пісьмовую заяву на імя сакратара КПБ у арганізацыйна-партыйнай працы таварыша Атаманава, з паведамленьнем аб уручэньні ліста. 1 лютага Атаманаў атрымаў мой ліст і таксама не адказаў дагэтуль, хоць ужо 20 красавіка. Хоць ёсьць закон аб зваротах да юрыдычных асобаў, паводле якога любая арганізацыя, любы СМІ мусіць адказаць на зварот цягам 15 дзён. У дасудовым парадку адказьнікі таксама ніяк не спрабавалі ўрэгуляваць канфлікт і не адказвалі на мае патрабаваньні, проста ігнаравалі.

— Вы мяркуеце, яны былі ўпэўненыя, што ў любым выпадку выйграюць суд?

Як у савецкі час, хто б ні спрабаваў аспрэчыць праз суд рашэньне КПБ, яе нейкай структуры, так і цяпер не бывае такога, каб нехта выйграў.

— Мне цяжка сказаць, былі яны ўпэўненыя ў сваёй пазыцыі ці ў тым, што ў любым выпадку суд стане на іхны бок. Магу выказаць толькі такую думку: у любым выпадку яны перакананыя, што іхная партыя па-ранейшаму знаходзіцца ва ўладзе, і падобна на тое, што гэта праўда. Бо, як у савецкі час, хто б ні спрабаваў аспрэчыць праз суд рашэньне КПБ, яе нейкай структуры, так і цяпер не бывае такога, каб нехта выйграў. Нават у перабудовачны час такога не было, ня кажучы ўжо пра ранейшыя часы.

— Ці ёсьць у вас адказ на пытаньне, чаму менавіта вы аказаліся ў полі зроку аўтараў выданьня КПБ?

— Зразумела, чаму. Бо мая праца і грамадзкая актыўнасьць наўпрост тычыцца тэмы палітычных рэпрэсіяў. З гісторыкаў я адзіны, хто абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэпрэсіяў 1930-х гадоў, працягваю змагацца за тое, каб грамадзтву стала вядомая ўся праўда пра Курапаты, пра іншыя месцы рэпрэсіяў. А ў іх пазыцыя — поўнае ігнараваньне гэтай тэмы, адмаўленьне, што КПБ да яе датычная. Між тым КПБ абвясьціла сябе правапераемніцай КПСС і цалкам засталася на палітычных пазыцыях сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, нават ніякая перабудова іх не зьмяніла, як і 23 гады цяперашняй улады.

— Як вы пракамэнтуеце ход самога працэсу паводле вашага пазову і ягоны вынік?

Гэтым рашэньнем судзьдзя стварыў небясьпечны і прыкры прэцэдэнт, бо цяпер аказваецца, што ў Беларусі можна бяздоказна называць вучонага «фальсыфікатарам гісторыі», абвінавачваць яго ў прадузятасьці — і пры гэтым не панесьці за хлусьню ніякай адказнасьці.

— Глядзіце: першае пасяджэньне было падрыхтоўчым і вельмі хуткім. На другім падрыхтоўчым паседжаньні, якое праходзіла ўчора, адказьнікі зноў паўтарылі сваю пазыцыю пра адмову ў прызнаньні пазову, адхілілі ўсе кампрамісы. Прычым я нават не настойваў на іх выбачэньні, а толькі на тым, каб абверглі лжывыя зьвесткі пра мяне. Але яны засталіся пры сваім меркаваньні, і тады адразу пачалося непасрэднае слуханьне справы. На судзе яны зноў настойвалі на тым, што я нібыта «фальсыфікатар» гісторыі, называлі мяне «сталінаненавісьнікам», казалі, што жыву на грошы замежных спонсараў, але пры гэтым не прадставілі ніводнага доказу. Я пытаўся ў іх пра тое, на каго яны спасылаюцца. Дзе высновы хоць нейкіх экспэртаў, прафэсійных гісторыкаў, дасьледчыкаў? Дзе дакумэнтальныя доказы таго, што Кузьняцоў нібыта фальсыфікуе нейкія дадзеныя, тыя ж лічбы рэпрэсіяў у Беларусі? Дзе рахункі аб маім нібыта фінансаваньні з-за мяжы? На першым паседжаньні наконт фінансаваньня было сказана, што гэта не мяне яны мелі на ўвазе, а на ўчорашнім паседжаньні зноў сказалі, што пацьвярджаюць тыя словы, хоць зноў ніякіх дакумэнтаў не паказалі. Мой прадстаўнік у судзе, юрыст БАЖу Алег Агееў указваў учора на працэсе, што адказьнікі паводле закону мусілі даказваць суду зьвесткі, якія яны распаўсюдзілі пра пазоўніка, але гэтага не было зроблена, яны і не зьбіраліся нічога даказваць. Між тым суд з гэтым пагадзіўся і ў выніку адхіліў мой пазоў. Мяркую, гэтым рашэньнем судзьдзя стварыў небясьпечны і прыкры прэцэдэнт, бо цяпер аказваецца, што ў Беларусі можна бяздоказна называць вучонага «фальсыфікатарам гісторыі», абвінавачваць яго ў прадузятасьці, у тым, што за грошы спонсараў абслугоўвае чужыя інтарэсы — і пры гэтым не панесьці за хлусьню ніякай адказнасьці.

— На вашу думку, чаму беларускія ўлады па-ранейшаму баяцца варушыць тэму рэпрэсіяў?

— Баяцца, бо ня хочуць, каб гэтая тэма зь нейкага «гета» пайшла ў народ, стала агульнанацыянальнай, як было ў канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Адсюль і гэтая спроба кантраляваць працэсы вакол Курапатаў, не дапускаць, каб сталі вядомыя іншыя месцы рэпрэсіяў, якіх на тэрыторыі Беларусі ды нават Менску вельмі шмат. Таксама непрымальным мне бачыцца тое, што тэму рэпрэсіяў хочуць падмяніць тэмай памяці ахвяраў ХХ стагодзьдзя. Памяць пра ўсіх загінулых — гэта добра, але нашаму грамадзтву патрэбна і адказнасьць за злачынствы. Палітычная, юрыдычная. Трэба ведаць імёны ахвяраў і імёны катаў. Вось працэс на мой пазоў — гэтая якраз пра адказнасьць, пра тое, што пэўныя сілы ня хочуць яе несьці, не прызнаюцца ў тым, што зрабілі, і не раскайваюцца.

***

Ігар Кузьняцоў нарадзіўся ў 1956 годзе ў Маладэчне, гісторык, выкладчык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У 1977 годзе скончыў Данецкую ваенна-палітычную вучэльню, служыў ва Ўруччы ў Менску. У 1985 годзе паступіў у Маскоўскую вайскова-гуманітарную акадэмію на вайскова-пэдагагічны факультэт. Пасьля заканчэньня 5 гадоў выкладаў у Томскай вышэйшай каманднай вучэльні сувязі. Прадстаўнік міжнароднага праваабарончага таварыства «Мэмарыял» у Беларусі. У 1988 годзе меў вайсковае званьне падпалкоўніка.

Завочна паступіў у асьпірантуру Томскага ўнівэрсытэту, дзе ў 1992 годзе абараніў дысэртацыю «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-я гады і рэабілітацыя ахвяраў тэрору».

Працуе ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на факультэце міжнародных дачыненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG