Мікалай Крычко прыйшоў 11 сакавіка на акцыю пратэсту ў цэнтар Пінску і зьвярнуў на сябе ўвагу. Тады ён расказаў у відэаэфіры Свабоды, што шмат гадоў перасоўваецца на адной назе, бо ня можа замовіць якасны пратэз: пэнсія мізэрная, а штучная нага дарагая.
Дзеля справядлівасьці, кажа Мікалай Крычко, раз на два гады дзяржава забясьпечвае яго пратэзам. Але карыстацца ім немагчыма: прылада, якую выдаюць у цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня, грувасткая і цяжкая. Інвалід скардзіцца, што хадзіць зь ёй практычна нельга, у найлепшым выпадку можна вытрымаць 10–15 хвілін.
Нейкі час таму пэнсіянэр сам пачаў зьбіраць грошы на імпартны аналяг — сучасны, лёгкі, зручны. Аднак ягоныя ашчаджэньні не пасьпявалі за ростам коштаў:
«І такая ўзяла крыўда, такая злоба закіпела ўнутры, што вырашыў абурыцца несправядлівасьцю», — патлумачыў Мікалай Крычко свой удзел у «маршы недармаедаў».
Чаму ў Літве пратэз каштуе 1000 даляраў, а ў Беларусі — 3000?
Дапамагчы арганізаваць збор сродкаў узяўся гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Па яго словах, пратэз эўрапейскай якасьці з каленным суставам каштуе больш за 6 тысяч рублёў. Прынамсі, такі рахунак выставілі ў Беларускім пратэзна-артапэдычным аднаўленчым цэнтры. Хоць спачатку нібыта была гаворка пра суму істотна меншую:
«Канечне, мне цяжка зразумець мэдычныя нюансы, але, відаць, базавая мадэль мае адзін кошт, а пэрсанальна падагнаная — ужо зусім іншы. Гэтак жа, як і аўтамабілі ў салёнах: адна і тая ж мадэль у залежнасьці ад камплектацыі можа істотна розьніцца ў кошце. Зноў жа, папярэдне ён павінен прайсьці абсьледаваньне, якое, мяркуючы па ўсім, таксама ўключаецца ў кошт. Вядома, каб паехаў у краму, выбраў ды купіў... Але ж гэта не абутак, нашмат усё складаней. Патрэбны індывідуальны падыход, мэдычны агляд, можа давядзецца і паляжаць крышку. Перадусім на гэтыя пытаньні хацеў бы атрымаць адказ кампэтэнтных асобаў, каб зразумела расклалі па палічках».
Некаторыя камэнтатары ў сацыяльных сетках абураюцца: маўляў, у Беларусі пратэз каштуе 3 тысячы даляраў, тады як у суседняй Літве аналягічны — тысячу зь невялікім.
«Узяў лекар нейкую імпартную кніжку, пачаў падлічваць вузлы, — кажа Мікалай Крычко карэспандэнту Свабоды пра тое, як нядаўна езьдзіў у Менск здымаць мерку. — У выніку налічыў 6144 рублі і 20 капеек. Хоць раней сума фігуравала ўтрая меншая, таму я сам зьдзівіўся: чаму так дорага? Вядома, можна знайсьці і таньнейшы варыянт, расейскі. Але такі мне і бясплатна робяць, толькі хадзіць немагчыма. Той спэцыяліст таксама пагадзіўся. Кажа, я вам зраблю мяккую аснову. Паказаў, як усё выглядае на карцінках. Запэўніў, што буду хадзіць як мае быць».
У Беларусь едуць па пратэзы, — артапэдычны цэнтар
Намесьнік генэральнага дырэктара па эканоміцы ў Беларускім пратэзна-артапэдычным аднаўленчым цэнтры Андрэй Войцік кажа Свабодзе: цана складаецца з кошту асобных вузлоў, якія замаўляюцца за мяжой, а ўжо тут зьбіраюцца пад канкрэтную замову. Чым больш складаны выпадак, тым даражэйшы пратэз, асабліва калі патрабуецца каленны сустаў. Базавы варыянт можа каштаваць меней, але з улікам анатамічных адметнасьцяў чалавека канчатковы кошт будзе індывідуальны:
«Толькі індывідуальны падыход, таму і тэрмін не 2–3 гадзіны — паставіў і чалавек пайшоў. Часта працэс зацягваецца на месяцы. Гэта і неаднаразовыя прымеркі, і выбар матэрыялаў, і падгонка камплектуючых. І адназначна казаць, што дзесьці дзешавей, нельга. Каб Крычко пратэзаваўся ў той жа Літве, падсумаваў аб’ём працаў і потым параўнаў з нашым пералікам, можна было б пра нешта гаварыць. Але меней у Літве ня будзе ў любым выпадку, самыя танныя паслугі менавіта ў Беларусі. Шмат ахвотных на пратэзаваньне якраз з-за мяжы, бо ў нас кошты больш зручныя і даступныя ў параўнаньні зь іхнім прэйскурантам. Таму на ўзроўні плёткі можна нешта пусьціць, каб народ пахваляваўся і лішні камэнтар паставіў, але з гледзішча аб’ектыўнасьці такая інфармацыя не пацьвердзіцца нікім».
Мікалай Трафімавіч кажа, што некалькі гадоў таму паспрабаваў сам угнацца за цэнамі: спачатку ў старых грашах яму выставілі рахунак на 6 мільёнаў рублёў, потым на 8 мільёнаў, а ўрэшце на 18 мільёнаў. Пасьля гэтага плюнуў ды перастаў разьлічваць на новы пратэз — пакуль добрыя людзі не ўзяліся дапамагчы.
Паводле апошніх зьвестак, дзякуючы неабыякавым грамадзянам сабрана каля 1000 рублёў, шосткая частка ад неабходнага. Сам пэнсіянэр кажа, што рэшта — для яго сума непад’ёмная:
«Ужо нават думаю: можа, перавесьці тыя сабраныя грошы на які дзіцячы дом? Дык хоць рэальная карысьць будзе, дзецям дапамога. Бо 6 тысяч для мяне — вельмі і вельмі шмат. Ды і ў людзей цяпер лішняй капейкі няма, самі бядуюць. Але пратэз, канечне, добры. Лекар так і сказаў: у такім без аніякіх праблемаў даходзіш да апошніх дзён. Маўляў, вырашыш, зьбярэш суму — звані, будзем замаўляць, зьбіраць. Праўда, пакуль цяжка пра нешта казаць, бо перадаплата, калі не памыляюся, ажно 80%. А ёсьць толькі траціна».
Як Мікалай Крычко страціў нагу?
Мікалай Крычко раней жыў пад Бабруйскам, у Пінск перабраўся апошнім часам.
У 2003 годзе ён разам зь сябрамі выбраўся на рыбалку. На возеры падышла кампанія нецьвярозых мужчынаў, якія нахабна запатрабавалі адвезьці іх у вёску па гарэлку. Крычко сказаў, што ніхто нікога і нікуды вазіць ня будзе. Тады адзін з іх зьняў з пляча стрэльбу і прыгразіў прастрэліць колы ў машыне. А замест гэтага стрэліў у чалавека.
Як згадваў потым Мікалай Трафімавіч, краем вока ўбачыў, як адвалілася нага, не адразу ўцяміўшы, што гэта ягоная ўласная.
Чалавек са зброяй аказаўся палкоўнікам міліцыі. У стане афэкту ён пагражаў забіць Крычко, калі той надумае яго здаць.
Пазьней Мікалая Трафімавіча ўсё ж адвезьлі ў шпіталь, дзе ампутавалі нагу вышэй за калена. Міліцыянта пакаралі 7 гадамі турмы.
Неўзабаве Мікалая Крычко кінула жонка. Падчас рэабілітацыі ў санаторыі ў Ясельдзе пад Пінскам пазнаёміўся з аўдавелай жанчынай, зь якой жыве апошнія 6 гадоў: зімой у Пінску, а на летні сэзон пераяжджаюць у вёску пад Бабруйск. Мае 30 сотак каля хаты і гектар у полі.
Рэквізыты для дапамогі Мікалаю Крычко:
ААТ «АСБ Беларусбанк», аддзяленьне № 121/134 у горадзе Пінску.
Р/р 000092 (дабрачынны рахунак). Атрымальнік: Крычко Мікалай Трафімавіч.
Інтэрнэт-банкінг: (велком) +375 29 940 39 00 Крычко Мікалай Трафімавіч.