Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаеды» хочуць працаваць, дзяржава ня мае чаго прапанаваць


«Прапаноўваюць куды-небудзь і абы-кім, за мізэрны заробак...» — патрабаваньні Аляксандра Лукашэнкі да 1 траўня працаўладкаваць усіх беспрацоўных аказаліся складанай для выкананьня задачай.

Свабода зьвярнулася да тых, каго ўлада прымушала плаціць збор за «дармаедзтва». Героі нашых ранейшых рэпартажаў расказалі, ці ўдалося ім працаўладкавацца пасьля даведзенага чыноўнікам загаду «працаўладкаваць усіх».

Вакансія — на збор камянёў

Віктар Андрэеў паводле адукацыі юрыст і бухгальтар. Жыве ў Горадні, бяз працы ўжо два гады. Кажа, што хадзіць у Цэнтар занятасьці перастаў, бо гэта ня мае сэнсу: альбо няма вакансій юрыста, альбо патрэбны досьвед працы бухгальтарам ня менш як тры гады.

«Адзінае працаўладкаваньне, якое там прапануюць, — выяжджаць зьбіраць каменьне ў калгасы, аплата — 10 рублёў на дзень. Таму ўсе гэтыя заявы Лукашэнкі адносна таго, каб усіх працаўладкаваць да 1 траўня і яшчэ плаціць заробак у 500 даляраў — фікцыя, у якую даўно ўжо ніхто ня верыць».

Звольнілі за тры гады да пэнсіі

Міхал Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольнай фабрыцы 30 гадоў, мае 6 разрад. Да пэнсіі заставалася менш за тры гады, але адміністрацыя кантракт не працягнула. Прычына — дысцыплінарныя спагнаньні за апошні год: пайшоў памыцца пасьля бруднай працы, курыў у неадпаведным месцы. У судах праўды Сошка не дамогся, новай працы не знайшоў:

«У Слоніме няма куды ісьці ўладкоўвацца, ужо некалькі гадоў не адкрываюцца новыя прадпрыемствы, паўсюль толькі скарачэньні. Пасьля „маршаў недармаедаў“ начальства нібыта зьмяніла тактыку, спыніліся скарачэньні, але трапіць туды ўсё роўна немагчыма. Да ўсяго, на многіх прадпрыемствах пачаліся затрымкі з выплатай заробкаў».

Сошка кажа, што пасьля «Народнага сходу» ў Слоніме старшыня райвыканкаму запрасіў да сябе скарочаных работніц, якія працавалі вахцёркамі ў інтэрнатах.

«Адной прапанаваў паўстаўкі вартаўніком, і тое зь верасьня, другой падобную працу, толькі з чэрвеня. А трэцяй сказаў, што будуць нешта шукаць. А што рабіць астатнім? Прапаноўваюць куды-небудзь і абы-кім і за мізэрны заробак».

У калгас — па вялікім блаце

Невялікі гарадок Бярозаўка ў Лідзкім раёне. Адзінае значнае прадпрыемства — шклозавод, але там праца не для ўсіх. Аляксей пасьля заканчэньня вучэльні адпрацаваў там паўгода зваршчыкам, потым пайшоў у войска. Пасьля дэмабілізацыі вымушаны быў зьехаць у Расею:

«Пару месяцаў працаваў у Расеі на будоўлі, але там праца скончылася, давялося вярнуцца. Працаваў у Баранавічах, але і там фірма распалася, прыехаў назад. Некалькі месяцаў шукаю працы ў любым горадзе Беларусі — пакуль безвынікова. Да 1 траўня, зразумела, ніякай працы я не знайду. Чуў ад людзей, што „мэр“ нашага гарадка зьбіраў прадпрымальнікаў і заахвочваў, каб падавалі заяўкі ў Цэнтар занятасьці на вольныя месцы. Але каму тут што падаваць, калі ўсе глядзяць, каб толькі нейкім чынам застацца на плыву, бо заказаў практычна ніякіх».

Спадар Віктар жыве ў Гарадзенскім раёне. Паводле яго, у сельскай мясцовасьці беспрацоўных гэтаксама шмат, з працай стала значна складаней:

«У калгасы мясцовыя ўладкавацца практычна немагчыма — або не бяруць, або трэба мець добрае знаёмства. Раней езьдзілі ў горад, было болей працы, а цяпер і з гэтым стала складана. Як правіла, беспрацоўныя пераважна працуюць у прыватных прадпрымальнікаў, але без афармленьня працоўнай кніжкі. Грошы мы, канечне, атрымліваем, але падаткаў ня плацім, а таму і надалей застаёмся беспрацоўнымі. І ніхто, канечне, намі не займаецца, не пытаецца, як мы жывём. Гэта застаецца толькі нашай праблемай...»

Наведваючы 24 сакавіка з працоўнай паездкай Гарадзенскую вобласьць, Аляксандар Лукашэнка загадаў чыноўнікам да 1 траўня прапанаваць працу кожнаму, хто гэтага жадае. А калі такой магчымасьці няма ў гэты момант, то паставіць кандыдата ў «сьпіс чаканьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG