У наш час сярэдні тэрмін уступленьня ў шлюб павялічваецца і імкнецца ледзь не да трыццаці гадоў. У любым узросьце чалавек можа захварэць, напрыклад, на эпілепсію, павышаны артэрыяльны ціск, цукровы дыябэт. У многіх беларусаў ёсьць праблема са шчытападобнай залозай, паколькі ў Беларусі недастатковы зварот ёду ў прыродзе і, адпаведна, мае месца яго недахоп у людзей. Дэфіцыт ёду адбіваецца на функцыі шчытападобнай залозы, адбываецца яе павялічэньне, фарміраваньне вузлоў, што, у сваю чаргу, патрабуе хірургічнага ўмяшаньня. У любым выпадку пералічаныя намі хваробы маюць адну ўласьцівасьць — яны патрабуюць працяглага (нярэдка пажыцьцёвага) прыманьня пэўных лекавых сродкаў.
Найбольш распаўсюджанай хваробай зьяўляецца артэрыяльная гіпэртэнзія, пры якой чалавек павінен прымаць антыгіпэртэнзіўныя пілюлі штодзень для дасягеньня мэтавых лічбаў артэрыяльнага ціску, якія складаюць ня болей чым 140/90 мм ртутнага слупка, пасьля 75 год — не болей чым 150/90 мм ртутнага слупка, а пры цукровым дыябэце — 120/80 мм ртутнага слупка.
Пры некаторых захворваньнях шчытападобнай залозы, якія суправаджаюцца зьніжэньнем канцэнтрацыі тыроідных гармонаў, якія залоза выпрацоўвае, пацыент павінен увесь час атрымліваць замяшчальную гарманальную тэрапію, якая заключаецца ў прыманьні штучных гармонаў шчытападобнай залозы ў пілюлях.
Па сутнасьці, гэтыя хваробы з сучаснага пункту гледжаньня больш правільна назваць асаблівасьцямі стану здароўя, а неабходнасьць атрымліваць пастаянную тэрапію ці прытрымлівацца пэўных не мэдыкамэнтозных захадаў (або дыеты пры цукровым дыябэце) — стылем жыцьця.
Чаму мы аб гэтым пішам? Нярэдка даводзіцца назіраць карціну, калі маладыя людзі ўступаюць у шлюб, маючы такія асаблівасьці стану здароўя і ня лічаць мэтазгодным інфармаваць аб гэтым партнэра, прымаючы пілюлі ўпотай. Праблемы ўзьнікаюць пазьней, калі пара зьбіраецца раджаць дзяцей. Пры сучасных мэдычных тэхналёгіях магчыма атрымаць здаровых нашчадкаў нават у тых выпадках, калі раней гэта было немагчыма, але абодва партнэры павінны добра ведаць стан здароўя адно аднаго, каб няведаньне не замінала прайсьці неабходныя абсьледаваньні для распрацоўкі сучаснай праграмы падрыхтоўкі да цяжарнасьці.
Калі муж хавае ад жонкі пэўныя асаблівасьці здароўя, могуць узьнікнуць цяжкасьці тады, калі цяжарнасьць працякае з праблемамі — такімі як неданошваньне, што патрабуе абсьледаваньня абодвух партнэраў, пры якім асаблівасьці стану здароўя ўсё роўна стануць вядомыя. А такая недамоўленасьць ў сям’і можа прывесьці да сумных вынікаў.
Такім чынам, уступаючы ў шлюб, пары павінны казаць праўду пра сваё здароўе як лекарам, так і адно аднаму. Гэта дапаможа пазьбегнуць далейшага непаразуменьня, будзе садзейнічаць нараджэньню здаровых нашчадкаў і ўмацаваньню сям’і.