Сёньня гэта «свідомыя», «пятая калёна» і апошнімі днямі моцна прагучалі яшчэ — «фрылянсэры». Калі не вайна пакуль абвешчаная, то спэцапэрацыя супраць іх прайшла ў нашай сінявокай рэспубліцы, гэта дакладна. Хапалі вельмі актыўна іх, і апошні моцны акорд — «візыт» у памяшканьні да журналістаў, якія працуюць на «Белсат», канфіскацыя апаратуры. І, напэўна ж, кропка яшчэ не пастаўленая.
Ну дык вось: самы разгар «апэрацыі», а ў Горадні раптам абвестка — «майстар-кляс для журналістаў-фрылянсэраў». З расшыфроўкай: «Пасьпяховая фрылянс-журналістыка па-швэдзку. Магчымасьці для Беларусі». З удзелам швэдзкіх журналістаў-фрылянсэраў, аўтараў кнігі «Frilanshandboken». Даведаецеся аб усім, што можа спатрэбіцца ў вашай працы! Уваход вольны…
Нячастая прыемнасьць, калі ідзеш кудысьці як журналіст, але не каб пісаць. Каб сустрэцца з калегамі ў прафэсіі. І хто там фрылянсэр у Горадні, а хто не, ня гэта было на першым месцы. Сустрэчу ладзіў БАЖ, што азначае — для бажаўцаў. Але, зразумела, і для цікаўных. Скажам, ёсьць у нас школа маладога журналіста, дваццаць год існуе: калі ласка, будучыя пёры.
Прыйшоў рана. Два швэды. Пачалі з адным размаўляць. А дарэчы, кажу, бяру з паліцы кніжку сваю новую і паказваю яму — мая. Глянуў, пытаецца аб назьве, аб зьмесьце. Я сказаў. Швэды прывезьлі сваю кніжку ў перакладзе на беларускую, і там — аб фрылянсэрах-пісьменьніках! Мне было вельмі цікава натрапіць на гэты разьдзел.
Бяру кубак гарбаты, бяру кніжку швэдзкую. Праўда, адзначаю пра сябе, што малавата прыйшло калег-журналістаў, бажаўцаў. Але бачу нейкіх новых людзей, зь якімі раней ніколі не сутыкаўся. Мы ўсе, бажаўцы, адзін аднаго ведаем. І паводзяць незнаёмцы сябе вельмі актыўна. Адзін нібы аднаасобна прыйшоў. І яшчэ тры мужчыны «мацакі». На журналісцкую брацію блізка не падобныя. Першы вельмі заклапочаны чым хутчэйшым уступленьнем у БАЖ. Вядзе пра гэта размову з прадстаўніком БАЖа. Тройцу найбольш цікавіць магчымасьць атрыманьня адразу міжнароднага журналісцкага пасьведчаньня. Ім паказваюць яго з усіх бакоў, тлумачаць, што пятнаццаць эўра і — на два гады. Хто можа атрымаць, як можна атрымаць, у якіх выпадках можна карыстацца, цікавіць іх.
Я назіраю збоку. І не спыняю зьдзіўляцца: хто яны такія? Я — з тых, хто быў на устаноўчым сходзе БАЖа ў Менску ў 1995-м, але такога пасьведчаньня ніколі ў руках не трымаў. А гэтыя адразу быка за рогі.
Мая мэлянхалічная выява міжволі малюе людзей, у якіх «служба и опасна и трудна», у суседняй Літве ці Польшчы, дзе яны, канечне ж, «міжнародныя журналісты» як мае быць. Няхай без акрэдытацыі, але з пасьведчаньнем!
Напэўна, швэды маглі крыху расчараваць гэтых чужых: у Швэцыі фрылянсэр — той, хто не на акладзе. Ні больш ні менш. А без рэдакцыйных акладаў усё часьцей журналісты там, а фатографы — амаль усе ўжо сёньня. Тэндэнцыя: штаты скарачаць, прыцягваць журналістаў не сваіх, заахвочваць ганарарам. Атрымліваецца, фрылянсэр — гэта ніякая не падрыўная прафэсія, вось і кніжка з карцінкамі, усім прысутным падаравалі, праўда не па-расейску надрукаваная.
Але чужых людзей гэта не павінна было засмуціць. У Рэспубліцы ўсе дзяржаўныя журналісты на акладзе, а хто не — значыць ня наш, значыць нядобранадзейны. Значыць майстар-кляс пракантраляваць было правільным рашэньнем.
Госьці са Швэцыі прапануюць зрабіць перапынак на каву. А нехта з нашых — разам зь імі сфатаграфавацца. Я не люблю такіх здымкаў, агульных. Але гэтым разам вырашаю не адмаўляць. Раптам падскоквае чалавек з чужых. Мы яму кажам: гэта для сваіх, для бажаўцаў, а вы яшчэ не прынятыя, так?
Што вы думаеце, ён сядае і пачынае дэманстратыўны здымаць нас на відэа, водзячы ўлева-ўправа свой айфон, каб пасьпець. Мы яго спыняем: чаму вы здымаеце нас са швэдамі, зь якой мэтай, для каго? «Для сябе» — адказ. Мы кажам яму: паслухайце, вы паводзіце сябе, як людзі ў цывільным на вулічных мерапрыемствах, вы для нас выглядаеце якраз як чалавек у цывільным. А ён у адказ — а я здымаю таксама міліцыю на відэа. Ну й што? Мы тут пры чым?
Чалавек гэты паявіўся, як аказалася, адразу, як пачаліся пратэсты супраць антыдармаедзкага дэкрэту. І адразу — у Менск — прымайце мяне ў свой БАЖ. Яго перанакіравалі ў Горадню: трэба на месцы скантактаваць з калегамі. Ну дык ён узяў гэтых «калегаў» і — на відэа. «Для сябе».
Журналістаў на сустрэчы было няшмат, ды разьбягацца пачалі, дзявятая гадзіна вечара. Чужыя людзі даседзелі да канца.
Сам майстар-кляс быў ок, але застаўся асадак. Я вяртаўся і пакепліваў зь сябе: можа пільнасьць была лішняй, і чужыя людзі праявяцца неўзабаве, як аўтары тэкстаў пра футбол, птушак і чысьціню паветра. Але бяруся чытаць «Экспэртызу Свабоды», падрыхтаваную Віталем Цыганковым з нагоды «наезду» на «Белсат» у Менску. Мэта? Зьміцер Панкавец кажа: каб запалохаць СМІ. Сьвятлана Калінкіна распавядае: белсатаўцы мелі пасьведчаньні Міжнароднай асацыяцыі журналістаў.
Дык, а чужых людзей, што прыходзілі на майстар-кляс ад швэдзкіх фрылянсэраў, якраз і цікавіла — як і хто можа атрымаць такое пасьведчаньне, і для чаго яно. Не, усё ж дакладна на журналістаў яны не выглядалі. Рыхтык: людзі ў цывільным. А заадно мелі мэту зафіксаваць твары прысутных. Адзін з чужых рабіў здымкі. Мне прызналіся некаторыя з фрылянсэраў, што працуюць пад псэўданімам і не хацелі б, каб іх выкрылі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.