Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая пагроза для Курапатаў», — Кляшторная, Чахольскі, Шапуцька пра даручэньне Лукашэнкі пабудаваць мэмарыял

абноўлена

Пасол Ватыкану Кляўдыё Гуджэроці каля каменя з памятнай шыльдай, 2009 год. Надпіс на шыльдзе: «У гэтым лясным масіве ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Беларускай ССР ад 18 студзеня 1989 года будзе пабудаваны помнік ахвярам рэпрэсій 1937–1941 гг.»
Пасол Ватыкану Кляўдыё Гуджэроці каля каменя з памятнай шыльдай, 2009 год. Надпіс на шыльдзе: «У гэтым лясным масіве ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў Беларускай ССР ад 18 студзеня 1989 года будзе пабудаваны помнік ахвярам рэпрэсій 1937–1941 гг.»

Народны мэмарыял у Курапатах ужо зроблены, улады могуць толькі афіцыйна прызнаць яго, — заявіў кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі. Каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька лічыць пагрозай для Курапатаў даручэньне Лукашэнкі правесьці конкурс і пабудаваць мэмарыял ва ўрочышчы. А былая навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная заклікае пакінуць Курапаты ў спакоі.

24 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. «Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (ня Брэсцкую крэпасьць) мэмарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы», — цытуе Аляксандра Лукашэнку інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.

На думку галоўнага рэдактара газэты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча, неабходна арганізаваць шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаваньні. «Неабходна сумясьціць намаганьні дзяржавы, грамадзкасці, неабыякавых грамадзянаў. Гэта могуць быць прадстаўнікі розных партый, рухаў, людзі розных канфэсій», — цытуе яго БЕЛТА. Курапаты сёньня ў сьвядомасьці беларусаў стаяць у адным сэнсавым шэрагу з Хатыньню, Трасьцянцом. «Гэта не пляцоўка для палітычных рысталішча, а агульнанацыянальнае месца памяці і смутку», — перакананы галоўны рэдактар.

Шырокая грамадзкая дыскусія неабходная і пры стварэньні памятнага знаку. Як мага большая колькасьць людзей, і ня толькі прафэсіяналаў, павінны выказаць свае прапановы наконт яго мастацкай інтэрпрэтацыі, лічыць Павал Якубовіч. Ён прапануе таксама правесьці вялікую дабрачынную акцыю па зборы сродкаў на ўстаноўку памятнага знаку, падобна таму, як зьбіраюць грошы на храмы. Пасьля таго, як помнік у Курапатах будзе адкрыты, ва ўрочышча змогуць прыяжджаць людзі, чые сям’і так ці інакш закранулі рэпрэсіі 20-50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, каб пакланіцца памяці родных і блізкіх. Урочышча, дзе трэба арганізаваць таксама пастаяннае добраўпарадкаваньне і ахову, змогуць наведваць і замежнікі, лічыць ён.

Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты ў 1988 годзе ўжо двойчы абвяшчаўся конкурс на стварэньне мэмарыялу — пры канцы 1980-х і напачатку 2000-х. Вылучаліся розныя ідэі, праекты, ініцыятывы, у тым ліку і досыць кантравэрсійныя кшталту падковы, якую прапаноўваў Беларускі фонд міру. Але далей за абмеркаваньні справа ня рухалася. На курапацкім пагорку на закладным камяні прымацаваная шыльда, на якой напісала, напісана, што тут у адпаведнасьці з рашэньнем Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помніку ад дзяржавы так і не зьявілася за амаль 30 гадоў. А за гэты час у Курапатах паўстаў Народны мэмарыял, былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў на ахвяраваньні людзей.



Грамадзкія актывісты, якія дзесяцігодзьдзямі апекаваліся Курапатамі, даведаліся са СМІ і пра конкурс, і пра даручэньне Аляксандра Лукашэнкі зрабіць мэмарыял ва ўрочышчы.


Чахольскі: «На тэрыторыі самога помніку ніякіх капліц, ні іншых збудаваньняў ня будзе. Мы не дапусьцім»


Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі тлумачыць:

Алесь Чахольскі (справа)
Алесь Чахольскі (справа)

«На працягу 20 гадоў мы ўжо правялі мэмарыялізацыю Курапатаў.

Усё ўжо зроблена бяз аніводнай капейкі дзяржавы. 20 гадоў мы сустракалі толькі супраціў

Разам з сябрамі па Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, па „Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты“, неабыякавымі людзьмі мы тэхнічна рэалізавалі ідэю Зянона Пазьняка аб народнай мэмарыялізацыі Курапатаў. Непасрэдна на тэрыторыі помніку мы ўсё зрабілі згодна з хрысьціянскімі, культурнымі, нацыянальнымі традыцыямі. І гэтая ідэя, і тое, што там зроблена, было ўхвалена яшчэ ў 1993 годзе дзьвюма нашымі асноўнымі хрысьціянскімі канфэсіямі. У мяне ёсьць дакумэнты, падпісаныя першымі герархамі гэтых цэркваў. Згодна з падтрыманай імі канцэпцыяй створаная крыжовая алея, упарадкаваныя магілы, усталёўваюцца крыжы, створаны крыжовы пэрымэтар, іншыя памятныя знакі, прыбіраецца тэрыторыя. 23 гектара магілаў мы ўпарадкавалі. Практычна народная мэмарыялізацыя Курапатаў адбылася. На тэрыторыі самога помніку больш ніякіх пабудоваў, ні капліц, ні іншых збудаваньняў ня будзе. Мы гэтага не дапусьцім.

Ня трэба нам перашкаджаць

Усё ўжо зроблена бяз аніводнай капейкі дзяржавы. 20 гадоў мы сустракалі толькі супраціў. Тысячы крыжоў былі ўсталяваныя на сродкі людзей. Зьбірала ўся Беларусь, кожны крыж прайшоў праз маё сэрца. Я гэтым займаўся на працягу 20 гадоў. Кожны крыж я трымаў у руках акрамя тых, імянных, якія людзі прыносілі ўсталяваць па сваім дзядам і бацькам. Больш ніякіх забудоваў мы туды не дапусьцім. Наша патрабаваньне — вярнуць 300-мэтровыя ахоўныя зоны. Хай прызнаюць афіцыйна, што гэта мэмарыял, і больш ня лезуць. Ня трэба нам перашкаджаць. Мэмарыялізацыя ўнутры Курапатаў фактычна праведзеная, мы можам толькі новыя крыжы ставіць. Асноўная мэмарыялізацыя мае быць на полі з боку „Экспабелу“, там павінен быць музэй рэпрэсій і сьцяна жалю ці плачу, дзе будзе выбіта прозьвішча кожнага беларуса, які загінуў ад камуністычных рэпрэсій. Адпаведна павінна быць створаная і мастацкая агароджа вакол Курапатаў. Есьць і пытаньне МКАД, якая разарвала цэласнасьць мэмарыялу, і з прычыны якой у Курапатах гінуць дрэвы, чаму цяпер іх і высякаюць...»

Шапуцька: «Нельга тут нічога рабіць аднаасобна. Ён ня мае права на гэта»

Каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька, якая таксама разам з паплечнікамі шмат гадоў апякуецца Курапатамі, кажа, што ніякіх кансультацый і зваротаў да яе і сяброў ініцыятывы не было, і заява Аляксандра Лукашэнкі стала нечаканасьцю:

я заклікаю ўсіх тых, каму неабыякавы лёс Курапаты, аб’яднацца перад гэтай новай пагрозай

«Мы ведалі пра „круглы стол“ Якубовіча, у нас была нейкая інфармацыя, што гэта можа адбывацца, але што Лукашэнка возьме ініцыятыву на сябе і зробіць такую заяву, стала для нас вялікай нечаканасьцю. Ён робіць гэта аднаасобна, не ўлічваючы меркаваньне грамадзтва, меркаваньне тых, хто апекаваўся Курапатамі, і іншых колаў. Асабліва на фоне апошніх падзеяў у нашым грамадзтве цяжкія дні напярэдадні Дня Волі, калі адбываюцца рэпрэсіі і зьняволеньні ні ў чым не павінных людзей. Мы бачым, што спачатку ён заяўляе, а потым ягоны апарат робіць. І мы баімся, што будзе тое ж самае — ён заявіў, і міністэрствы культуры і архітэктуры і розныя іншыя ўстановы будуць дзейнічаць згодна з тым, што ён сказаў. Гэта ня можа не турбаваць. Мы вельмі хвалюемся за лёс мэмарыялу Курапаты.

Прагучала, што ён зробіць мэмарыял. Ці ён меў на ўвазе помнік, які дзяржава павінна была ўсталяваць і дагэтуль яго няма? Ці ён меў на ўвазе ўсю вялікую тэрыторыю мэмарыялу Курапаты? Карыстаючыся магчымасьцю я заклікаю ўсіх тых, каму неабыякавы лёс Курапаты, аб’яднацца перад гэтай новай пагрозай. Я лічу, што гэта пагроза. Толькі разам з грамадзтвам можна нешта рабіць на тэрыторыі такога знакавага помніку, дзе сканцэнтравалася гора і боль людзей. Нельга тут нічога рабіць аднаасобна. Ён ня мае права на гэта».

Кляшторная: «Курапатам патрэбны спакой»

Свабода зьвярнулася да былой навуковай кіраўніцы Курапацкага мэмарыялу, дачкі расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Маі Кляшторнай з пытаньнем, ці да яе ўжо хто-небудзь зьвяртаўся па параду ў сувязі з даручэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

«Не. І ня зьвернуцца. Гарантую. Ня ведаю, хто прыдумаў невялічкую капліцу на вялікі комплекс. На вялікі комплекс музэй патрэбны. Уся шуміха вакол Курапатаў не на карысьць Курапатаў. Гэта я даўно зразумела. І тыя, хто зразумелі, не шумяць, а робяць нешта для Курапатаў. Талокі робяцца людзьмі, якія шчыра хацелі б бачыць Курапаты жывым мэмарыялам. Курапатам патрэбны спакой».


Лукашэнка: «Чаго топчамся па касьцях і робім на гэтым палітыку?»

Лукашэнка падкрэсьліў, што лічыць недапушчальным выкарыстоўваць тэму Курапатаў у палітычных мэтах: «Чаго топчамся па касьцях і робім на гэтым палітыку?» Паводле Лукашэнкі, скандал, зьвязаны з будоўляй пад Курапатамі бізнэс-цэнтру, «штучна раскручаны»:

«Гэта ніякага дачыненьня да Курапатаў ня мела. Але гэта палітычна пачынаюць раскручваць. Вы вось у Горадні жывяце і думаеце: што гэта за ўлада, на могілках далі бізнэсмэну зямлю. Гэта ж для таго, каб вам паказаць — „шалёная ўлада“ ў Менску. А на самой справе гэта зусім было ня так. Я ніколі не дазволіў бы нешта будаваць на гэтых землях».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніколі не наведваў Курапаты. А некалькі тыдняў таму туды прыехаў настаяцель Усіхсьвяцкага прыходу РПЦ у Менску а. Фёдар Поўны, якога ў СМІ называюць «духоўным» Аляксандра Лукашэнкі. Настаяцель менскага прыходу назваў тэму рэпрэсіяў «вельмі тонкай», бо грамадзтва Беларусі, на ягоную думку, жыве спадчынаю савецкай эпохі.

«Ёсьць шэраг вялікіх дасягненьняў той эпохі. І, кажучы пра адмоўныя моманты, нават пра такую страшную праўду, мы заўсёды павінны бачыць гэты фон. Гэта не апраўданьне забойстваў, але гэта два паралельныя працэсы, якія гістарычна ўжо непадзельныя. А таму, будуючы памятны комплекс ахвярам рэпрэсіяў, нам трэба мець музэй дасягненьняў савецкай эпохі», — лічыць Ф. Поўны.

Толькі тады, на думку Поўнага, магчымы абʼектыўны погляд. Калі ж на хісткай аснове пабудаваць мэмарыял, то ён можа аказацца вялікай правакацыяй, сказаў Поўны. «У гісторыкаў пакуль няма афіцыйнай вэрсіі. Але грамадзтва чакае яснай пазыцыі. Спачатку трэба вызначыць на дзяржаўным і грамадзкім узроўнях статус гэтай тэрыторыі. Тады спыніцца яе выкарыстаньне ў розных мэтах і часта настроенымі супраць улады абʼяднаньнямі і групамі» — сказаў а. Фёдар Поўны.

Дзяржаўная камісія па расьсьледаваньні злачынстваў у Курапатах была створаная ў сярэдзіне ліпеня 1988 г. Саветам Міністраў БССР. Першае сьледзтва па факце масавых расстрэлаў скончылася ў лістападзе 1988 году і вызначыла колькасьць забітых у ня менш за 30 тысяч чалавек. Лічба была агучаная Генэральным пракурорам БССР Георгіем Тарнаўскім. Пасьля заканчэньня сьледчых дзеяньняў Генэральнай пракуратурай БССР была абнародавана пастанова пра спыненьне крымінальнай справы, датычнай Курапатаў: «...Дакладна даказана, што расстрэлы пакараных ажыцьцяўляліся супрацоўнікамі камэндатуры НКВД БССР...»

З 1993 году ўрочышча Курапаты занесенае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусі як месца пахаваньняў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930–1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG