Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлада ня зможа зрабіць мэмарыял у Курапатах


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Можна было б адказаць спрошчана — бо ўлада цынічная, далёкая ад ідэяў, і ад ідэі ўшанаваньня чаго б ні было, у тым ліку ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Можна было б разьвіць думку, і сказаць, што празь безідэйнасьць уладзе прасьцей карыстацца звыклымі для большасьці беларусаў старэйшай генэрацыі ідэалягічнымі напрацоўкамі СССР.

Калісьці саветчына была патрэбна Лукашэнку з тактычных мэтаў. Каб супрацьпаставіць сябе «нацыянал-дэмакратам, якія прывялі рэспубліку да гармідару». Але вырасла новая генэрацыя, якая папросту ня счытвае савецкія коды, а нацыянальныя мала ведае, бо яны глушацца, ня гледзячы на павярхоўныя захады па вонкавай беларусізацыі апошніх гадоў.

Дык вонкавая беларусізацыя была і ў часы Сталіна, калі ў Курапаты цугам ішлі грузавікі, запоўненыя асуджанымі на забіцьцё. У тым ліку і тымі, хто забясьпечваў вонкавую беларусізацыю.

Немагчыма адмовіцца ад саветчыны, і адразу пераключыцца на нацыянальнае, як бы шчоўкнуць тумблерам «вкл/выкл». Спачатку трэба даць прынцыповую ацэнку сталінізму, адпаведна бальшавізму, а разам — усяму савецкаму камунізму.

Справа ў тым, што галоўны фармальны саюзьнік Беларусі — Расея. А Расея абвесьціла сябе правапераемніцай СССР. Адпаведна ўзяла на сябе адказнасьць за ўсё, што адбывалася ў СССР. Мумія Леніна дагэтуль знаходзіцца ў самай вядомай выставачнай залі Расеі — маўзалеі на Чырвонай плошчы. А чырвоныя зоркі спакойна ўжываюцца побач з дзьвюхгаловымі арламі.

Прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату РПЦ у Беларусі пратаіерэй Фёдар Поўны:

— «Узводзячы помны комплекс ахвярам рэпрэсій, нам трэба мець музэй дасягненьняў савецкай эпохі».

Нічога асабістага, чыстая палітыка. Канечне, Фёдар Поўны ведае, што адно з дасягненьняў савецкай улады было практычна поўнае зьнішчэньне рэлігійных структур, найперш РПЦ. Што да посьпехаў індустрыялізацыі, яны былі вынікам рабскай працы зьняволеных ГУЛАГу, у тым ліку навукоўцаў ды інжынэраў у «шарашкіных канторах», а таксама з калясальнай дапамогай амэрыканскіх ды эўрапейскіх капіталаў ды інжынэраў.

Крамлю, і сьледам Фёдару Поўнаму, кан'юнктура падказвае менавіта такі падыход — аб'яднаць ахвяры і катаў. Ня мае значэньня што гэта цынізм і абсурд. Такі падыход задавальняе розныя сэгмэнты грамадзтва, а значыць прыдатны да ўжываньня. Пры тым, што імя Сталіна заўжды на першым-другім месцы ў расейскіх апытаньнях пра значныя гістарычныя постаці.

Калі даецца ацэнка колішняму СССР, адначасова даецца ацэнка і цяперашняй Расеі. У выпадку Беларусі — «саюзьніку».

Вось камень сутыкненьня ў падыходах да ролі Курапатаў у гісторыі і сучаснасьці ва ўлады і грамадзтва. Для грамадзтва Курапаты — вынік вонкавага, прыўнесенага Крамлём зла. А дзяржава раней замоўчвала праблему, а цяпер пачала сьледам за РПЦ і Крамлём захады па нівэляцыі тэмы.

Вось і першы намесьнік КДБ Ігар Сяргеенка: «З гэтай тэмы неабходна зьняць штучную палітызаванасьць. Сёньня пра Курапаты можна казаць як пра вялікія могілкі нацыянальнага маштабу».

Такі хрысьціянскі падыход. Тады можа зьняць палітызаванасьць з Фэлікса Эдмундавіча Дзяржынскага, перад помнікам якому прысягаюць маладыя супрацоўнікі КДБ. Ці ўсё-ткі даць ацэнку яго дзейнасьці як ініцыятара маштабных масавых забойстваў, прыбраць партрэты з кабінэтаў КДБ дый саму назву спэцслужбы адправіць у архіў? Рытарычнае пытаньне пакуль Беларусь прывязаная да Расеі.

Палітычны аглядальнік Андрэй Паротнікаў: «Савецкая спадчына прыватызаваная Расеяй. Калі вы кажаце, што вы таксама СССР, дык Расія — гэта СССР. Тады вы таксама Расея. Тут уладам трэба мяняць рыторыку, тлумачыць, чаму мы не СССР, і, адпаведна, не Расея. Курапаты маглі б тут быць такім сымбалем разрыву беларускай дзяржавы са сваім савецкім мінулым».

Каб пазбавіцца савецкага мінулага, мала зьмяніць рыторыку, трэба зьмяніць практыку. Спыніць кіраваць краінай дэкрэтамі і ўказамі і перасьледаваць іншадумства.

А таму абаронцы Курапатаў і абаронцы правоў «дармаедаў» сёньня ў адным чоўне. А некаторыя ў адным РУУСе ці судзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG